«Дзяўчынка, якая яго знайшла, не зразумела, што камень, зь якім яна гулялася, папраўдзе быў аскепкам бомбы. Ён няроўны і цяжэйшы, чым можна было б чакаць. Ягоны бляск і незвычайны выгляд павінны былі прыцягнуць увагу дзіцяці», — напісала Джалі.
Акторка патлумачыла, што пры выбуху бомбы ці снарада вострыя аскепкі цяжкага мэталу ўпіваюцца ў целы тых, хто знаходзіцца побач.
«Многім зь дзяцей, зь якімі я сустракалася і якія перажылі ўдар па вакзале ў Краматорску, нядаўна выдалілі аскепкі. Гэта цяжкі і балючы працэс. Фрагмэнты, блізкія да жыцьцёва важных органаў, было занадта небясьпечна выдаляць, і ў некаторых выпадках яны засталіся ўнутры», — напісала Анджаліна Джалі.
Паводле яе, барацьба за спыненьне вайны — гэта «штодзённая гонка ў спробе абмежаваць колькасьць забітых, параненых, перамешчаных і траўмаваных».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзецям важна ведаць, што яны не ў самоце». Анджэліна Джалі наведала ва Ўкраіне дзяцей-уцекачоў з ЛуганшчыныАнджэліна Джалі наведала Ўкраіну ў пачатку траўня. Яна пабывала ў Львове і ў Львоўскай вобласьці — там яна наведала дзяцей, якіх эвакуавалі з Луганскай вобласьці, а таксама шпіталь, дзе лечаць дзяцей, параненых падчас расейскіх абстрэлаў.
У часе візыту акторкі ў Львове спрацаваў сыгнал паветранай трывогі. Ёй з камандай прыйшлося тэрмінова бегчы ў сховішча.
Паводле зьвестак ААН на пачатак траўня, ва Ўкраіне з пачатку расейскага ваеннага ўварваньня загінулі 3 153 мірныя жыхары, яшчэ 3 316 былі параненыя. Сярод загінулых — 226 дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Расеі цьвердзіць, што Джалі паклікалі ва Ўкраіну, каб адцягнуць увагу ад «Азоўсталі»