379 пэнсій, 2 854 стыпэндыі. Колькі патрацяць у Менску на фаервэрк да 9 траўня

Выдаткі на фаервэрк, ілюстрацыя

У Менску на 9 траўня ўлады зробяць сьвяточны фаервэрк за 220 тысяч рублёў. Наколькі гэта шмат, пералічваем у пэнсіях, стыпэндыях ды заробках.

Згодна з сайтам дзяржзакупак, у Менску на 9 траўня правядуць фаервэрк, які каштуе 220 тысяч рублёў.

379 пэнсій

Сярэдняя пэнсія ў сакавіку гэтага году ў пэнсіянэра, які не працуе, у Беларусі склала 580 рублёў. Кошт фаервэрку – гэта 379 такіх пэнсій.

407 выплат на першае дзіця

Дапамога на дзіця ў Беларусі з 1 лютага складае:

539,5 рубля на першае дзіця;

616,6 рубля на другое і наступных дзяцей.

Такім чынам, грошай, патрачаных на фаервэрк, хапіла б, каб выплаціць 407 дапамог на першае дзіця і 356 дапамог на другое і наступных.

Выдаткі на фаервэрк

741 бюджэт пражытковага мінімуму

Бюджэт пражытковага мінімуму ў Беларусі цяпер складае 296,55 рубля. Адзін фаервэрк на 9 траўня – гэта 741 такі бюджэт.

137 сярэдніх заробкаў

Сярэдні заробак у Беларусі ў сакавіку – 1 602,7 рубля. Атрымліваецца, што адзін фаервэрк – гэта 137 заробкаў.

2 854 стыпэндыі

Стандартная стыпэндыя студэнта ВНУ ў Беларусі (без надбавак) складае 77,08 рубля. Адзін фаервэрк – гэта 2 854 такія стыпэндыі ці 1 426 павышаных стыпэндый для выдатнікаў (сярэдні бал ад 9 да 10).

Студэнты каледжаў атрымліваюць стыпэндыю (без даплат) у 64,37 рубля. Фаервэрк – гэта 3 417 такіх стыпэндый.

243 пуцёўкі ў санаторый

Адпачыць у беларускім санаторыі «Алеся» адзін дзень каштуе 64,6 рубля (за стандартны нумар). Атрымліваецца, 2 тыдні – гэта 905 рублёў. Фаервэрк – гэта 243 такія пуцёўкі.

258 823 квіткі на аўтобус ці тралейбус

Праезд у Менску цяпер каштуе 0,85 рубля за адзін аднаразовы квіток. Фаервэрк – гэта 258 823 такія квіткі.

323 529 пачкаў солі

Нядаўна Лукашэнка сказаў, што ў эўрапейскіх краінах няма солі. А ў Беларусі ёсьць. Дык вось фаервэрк на 9 траўня – гэта цэлых 323 529 пачкаў солі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску ўпершыню за тры гады дазволілі шэсьце «Бессмертный полк»

«Ярка, песенна, радасна». 1 траўня ў фатаздымках дзяржаўных раёнак. ФОТА