«Тэлефануюць самаму раскручанаму прадстаўніку ўсяго на сьвеце — Анджаліне Джалі. Гэта так лёгка прадаць абываталю: «Сусьветна вядомая акторка трапіла пад ракетны абстрэл ва Ўкраіне». Яна ж пасол добрай волі, хоць ААН і пасьпяшалася адхрысьціцца ад сваёй датычнасьці да яе львоўскіх канікулаў. Яна ж наведвала сырыйскіх бежанцаў і афрыканскіх галадоўнікаў... Нікому зь іх, праўда, лягчэй ад гэтага ня стала, але гэта нікому не цікава. Галоўная мэта дасягнутая — увага сусьветнай прэсы адцягненая ад "Азоўсталі"»,— напісала Захарава ў сваім тэлеграм-канале.
Сутнасьць думкі прадстаўніцы расейскага МЗС у тым, што менавіта Расея гатовая была эвакуяваць украінскіх цывільных з «Азоўсталі», а Кіеў вырашыў «перабіць парадак дня». І цяпер, маўляў, усе гавораць пра Джалі і ніхто ўжо ня ўзгадвае пра Марыюпаль, дзе «людзей на волю не выпускалі менавіта ўзброеныя ўкраінскія нацфармаваньні».
Акрамя таго, Захарава прыгадала расейскага сьпевака Іосіфа Кабзона, які ў 2002 годзе дапамог выратаваць траіх дзяцей з рук тэрарыстаў у тэатры на Дуброўцы ў Маскве. Яна лічыць, што ягоны ўчынак сьведчыць пра «розьніцу мэнталітэту паміж Захадам і Расеяй», бо «амэрыканскія зоркі ўмеюць толькі піярыцца».
Захарава не прадставіла доказаў, што ААН адхрысьціліся ад Джалі. Падчас знаходжаньня Анджаліны Джалі ў Львове раптам загучаў сыгнал паветранай трывогі – на гэта, праўдападобна, намякала Захарава, калі пісала, што інфармацыю як «сусьветна вядомая акторка трапіла пад ракетны абстрэл ва Ўкраіне», «лёгка прадаць абываталю». Захарава ніяк не згадала той факт, што паветраную трывогу ў Львове аб'яўлялі з прычыны расейскага ракетнага нападу.
Ва ўкраінскім МЗС з гумарам паставіліся да таго, што Захараву «усхваляваў прыезд ва Ўкраіну пасла добрай волі ААН Анджаліны Джолі» і параілі расейскім калегам прывыкаць да таго, што падзеі ў сьвеце разьвіваюцца не на іх карысьць.
«Падабаецца, не падабаецца — а Маскве давядзецца зьмірыцца з новай рэальнасьцю: Украіна можа патэлефанаваць „самаму раскручанаму прадстаўніку ўсяго на сьвеце“, а Расея — не. Ад расейскага рэжыму цяпер адхрышчваюцца нават маргінальныя зоркі замежнага шоу-бізнэсу», — сказаў прадстаўнік МЗС Украіны Алег Нікаленка.
- 30 красавіка відавочцы ў Львове даведаліся, што амбасадарка добрай волі ААН Джалі прыехала ва Ўкраіну. Яна зайшла ў кавярню ў жылым масіве Сіхаў.
- Амэрыканская акторка наведала дзяцей, вымушаных пакінуць дамы і часова пераехаць у Львоў, а таксама паразмаўляць з валянтэрамі на чыгуначным вакзале горада. Далей яна едзе ў Кіеў.