— 24 журналісты знаходзяцца за кратамі, тром інкрымінуюць артыкул «здрада дзяржаве». Амаль усе недзяржаўныя СМІ прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваньнямі», шмат калегаў вымушаныя былі зьехаць з краіны. Здаецца, ніколі яшчэ беларускіх журналістаў так не прэсавалі. Як увогуле ўдалося захаваць незалежны мэдыясэктар?
— Нягледзячы на тое, што ўлада зрабіла ўсё, каб зьнішчыць незалежныя СМІ, фактычна «вышчаміла» іх зь Беларусі, пасадзіла вялікую колькасьць журналістаў, галоўных рэдактараў, мэдыя знайшлі ў сабе сілы перазапусьціцца, наладзіць працэсы так, каб працаваць з-за мяжы. Гэта шмат каштуе, і гэта вялікі гонар, што мы выйшлі на даразгромныя паказчыкі па аўдыторыі. То бок мы не далі ўладзе кінуць беларускае грамадзтва ў пастку прапаганды, а здолелі захаваць незалежную журналістыку.
Другая сытуацыя, зь якой сутыкнуліся беларускія журналісты, — гэта вайна ва Ўкраіне. Бо многія прадстаўнікі незалежных СМІ пераехалі ў Кіеў ці Львоў і працавалі адтуль. І яны былі вымушаныя другі раз прайсьці рэлякацыю і вытрымалі.
Дзякуючы нязломнасьці беларускіх мэдыя Беларусь ня страціла магчымасьці атрымліваць інфармацыю, а сьвет ня страціў магчымасьці ведаць пра падзеі ў Беларусі. І тое, што працуюць самі мэдыя, што працуе БАЖ і іншыя арганізацыі, — гэта дае сьвету карціну пра падзеі ў Беларусі: пра рэпрэсіі, пра тое, што адбываецца, пра падзеі, якіх нямала, і яны абсалютна невясёлыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістцы Слаўнікавай выставілі новае абвінавачаньне, ей пагражае да 7 гадоў зьняволеньня— Ці не складаецца ў вас уражаньне, што з прычыны падзей ва Ўкраіне Беларусь «адсунутая» на другі плян, ужо няма такой увагі ў сьвеце да падзей у Беларусі, да ўзмацненьня рэпрэсій?
— Зь сярэдзіны 2020 году, з самага пачатку пратэстаў Беларусь была ў цэнтры ўвагі. Натуральна, Украіна цяпер галоўная. Але я лічу, што праз Украіну ня зьменшылася ўвага да Беларусі. Дзякуючы, на жаль, і таму, што ракеты ва Ўкраіну ляцелі з боку Беларусі. Менавіта таму пытаньні дыктатуры ў Беларусі, масавых рэпрэсій выклікаюць цікавасьць у Эўропе і ва ўсім сьвеце. Пра гэта сьведчыць увага і рознага кшталту адзнакі і ўзнагароды беларускім мэдыйшчыкам.
3 траўня БАЖ атрымае 3 прэстыжныя прэміі
Барыс Гарэцкі пералічыў асноўныя ўзнагароды і прэміі апошніх гадоў.
У 2020 годзе БАЖ узнагародзілі першай канадзка-брытанскай прэміяй за свабоду СМІ (Media Freedom Award).
Ляўрэатамі прэстыжнай нямецка-нарвэскай прэміі незалежнай журналістыкі ва Ўсходняй Эўропе Free Media Awards у 2021 годзе сталі беларускія журналісты Кацярына Андрэева, Дар’я Чульцова, Кацярына Барысевіч, Натальля Лубнеўская і прызнаны экстрэмісцкім партал Tut.by.
27 красавіка стала вядома, што БАЖ уганараваны Ўсясьветнай прэміяй UNESCO / Гільлерма Кана.
Літаральна на наступны дзень Швэдзкае аддзяленьне «Рэпартэраў бязь межаў» узнагародзіла БАЖ прэміяй «Свабоды прэсы».
А яшчэ БАЖ уганараваны «Ганаровым тытулам Дня разнастайнасьці» (Difference Day Honorary Title).
3 траўня старшыня БАЖ Андрэй Бастунец паляціць ва Ўругвай на Ўсясьветную канфэрэнцыю UNESCO, намесьнікі старшыні Алег Агееў і Барыс Гарэцкі — адпаведна ў Стакгольм і Брусэль, дзе будзе ўручацца прэмія Difference Day Honorary Title.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З параненай сілавікамі журналісткі «Нашай Нівы» хочуць спагнаць грошы за бальнічны«Гэта яшчэ ня дно. Сытуацыя можа яшчэ пагоршыцца»
— Беларусь у рэйтынгах свабоды прэсы апускаецца ўсё ніжэй і ніжэй. Рэпрэсіі, ціск, прызнаньне практычна ўсіх недзяржаўных СМІ экстрэмісцкімі — гэта ўжо дно? Ці могуць быць яшчэ горшыя падзеі?
— Ёсьць яшчэ краіны, ніжэйшыя за Беларусь па рэйтынгу свабоды прэсы, дзе журналістаў забіваюць, дзе колькасьць журналістаў у турмах большая (напрыклад, Турэччына).
Так што сытуацыя можа яшчэ пагоршыцца. Бо тых калегаў, якіх пасьпелі захапіць у закладнікі, вырашылі не выпускаць, арыштаваць яшчэ і новых. Яскравыя прыклады — гэта калі чалавек меўся хутка выйсьці, а на яго «навешваюць» новыя абвінавачаньні, заводзяць новыя крымінальныя справы. Так, «торг можа быць». Гэта яшчэ ня дно. Хоць на эўрапейскім кантынэнце мы можам канкураваць хіба што з Расеяй па жорсткасьці, але там колькасьць журналістаў за кратамі не такая вялікая, як у нас.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне з пачатку расейскага ўварваньня загінулі 20 журналістаў— Барыс, на ваш погляд, якія самыя дзіўныя, абсурдныя абвінавачаньні выстаўляюць беларускім журналістам?
— Я б адказаў так: ёсьць артыкулы надзвычай жорсткія, якія адназначна выглядаюць як расправа. Гэта «здрада дзяржаве» — пад гэтым артыкулам цяпер Дзяніс Івашын, Андрэй Аляксандраў і Кацярына Андрэева. Дзяржава можа рандомна выбіраць якую-небудзь дзейнасьць — журналісцкую, праваабарончую, казаць, што журналіст распаўсюджваў інфармацыю, якая можа нанесьці шкоду дзяржаве. Гэта проста «падкошвае ногі» чалавеку, калі яму пагражае тэрмін ад 7 да 15 гадоў.
А па абсурднасьці на першым месцы — справа «Нашай Нівы», калі журналістаў абвінавацілі ў тым, што за камуналку плацілі як фізычныя асобы, а не як юрыдычныя. І на падставе гэтага хлопцаў пасадзілі на 2,5 года, хоць яны ўсё сплацілі яшчэ да суду. Гэта таксама выглядае як расправа: складу злачынства няма, а ёсьць палітычнае рашэньне «закрыць» журналістаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад расейскага ракетнага ўдару па Кіеве загінула журналістка ўкраінскай службы Радыё СвабодаЗрэшты, па ўсіх астатніх журналістах мы таксама бачым палітычны перасьлед. Калі чалавек проста асьвятляў пратэсты, выконваў сваю працу — за гэта пасадзілі Алега Грузьдзіловіча. Ірына Слаўнікава працавала як журналіст і трапіла за краты, ды яшчэ абвінавачваецца ў стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня! Генадзь Мажэйка ўвогуле толькі перадаў словы аднаклясьніцы менскага «стралка», у якіх не было нічога процізаконнага, экстрэмісцкага, і зь верасьня ён за кратамі. Гэта таксама абсурдныя справы.
Зараз у зьняволеньні 24 журналісты. І ўлады не зьніжаюць колькасьць журналістаў за кратамі ніжэй за два дзясяткі.
«Высокія стандарты захоўваюцца: праверка інфармацыі, пошук другога боку»
— Беларускія журналісты вымушаныя цяпер працаваць у новых умовах — з-за мяжы. На ваш погляд, ці атрымліваецца ў іх трымаць руку на пульсе таго, што адбываецца ў Беларусі?
— Гэта незвычайная зьява. Праца не ў краіне надзвычай складаная, калі ты сам ня можаш трапіць на месца, зрабіць здымкі, вывучыць факты. Але і за мяжой журналісты, мне падаецца, цалкам адчуваюць пульс падзей у Беларусі. І гэта ня проста «юзэрскі» кантэнт, які дасылаюць чытачы і гледачы, гэта журналісцкая праца па пошуку і праверцы інфармацыі.
Мяне праўда вельмі натхняе праца калег зь незалежных мэдыя. І асаблівы гонар за высокі ўзровень журналістыкі. Бо пад уплывам вайны, пад уплывам прапаганды, пад уплывам рэпрэсій заўсёды ёсьць спакуса панізіць якасьць, замест дзьвюх крыніц інфармацыі выкарыстоўваць адну, замест таго каб апытаць другі бок, увогуле да яго не зьвяртацца. І надзвычай важна, што высокія стандарты захоўваюцца: праверка інфармацыі, пошук магчымасьцяў зьвярнуцца да другога боку ва ўмовах, калі няма акрэдытацыі.
Паглядзіце, як нашы калегі працуюць падчас так званых «прамых тэлефонных ліній». Калі немагчыма наўпрост узяць камэнт, журналіст з-за мяжы тэлефануе чыноўніку на «гарачую лінію» і задае пытаньні. Гэта надзвычай важна, гэта тое, што сьведчыць пра якасьць нашай журналістыкі, і гэта цэніць аўдыторыя. Таму што чым больш простымі станавіліся б матэрыялы, тым менш цікава было б іх чытаць людзям. Людзі ж не дурныя. Плянка якасьці захоўваецца, і гэта вельмі натхняе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У камэры кураць бясконца». Палітвязень Грузьдзіловіч параўнаў магілёўскую турму і «Валадарку»«Працаваць ва Ўкраіне зь беларускім пашпартам надзвычай складана»
— А як калегі спрацавалі ў тэме асьвятленьня вайны ва Ўкраіне, на ваш погляд?
— Калі ў нейкім рэгіёне адбываецца вайна альбо баявыя дзеяньні, увага ўсіх мэдыйшчыкаў рэгіёна — да гэтага месца. Беларускія журналісты сутыкнуліся з пэўнымі праблемамі: працаваць ва Ўкраіне зь беларускім пашпартам надзвычай складана. Бо Беларусь для Ўкраіны — дзяржава-агрэсар, лукашэнкаўская ўлада дазваляе знаходзіцца на сваёй тэрыторыі расейскім войскам і страляць у бок Украіны.
З другога боку, нашы калегі застаюцца ва Ўкраіне і працягваюць асьвятляць адтуль падзеі. Вялікая колькасьць беларускіх журналістаў да вайны жыла ва Ўкраіне. І гэта дало выдатны падмурак для разуменьня сытуацыі. Веданьне таго, да каго зьвярнуцца па камэнтар, як праверыць факты.
І трэцяе — гэта асьвятленьне беларускай часткі вайны, таго, што адбывалася ў Менску, у іншых гарадах: найперш па пратэстах супраць вайны і ўвогуле расейскай вайсковай прысутнасьці. Я ня раз чуў падзякі ад украінскіх журналістаў, якія ня маюць магчымасьці працаваць у Беларусі. У Беларусі аб’ектыўна няма журналістаў украінскіх мэдыя. І таму тое, што выходзіць ва ўкраінскіх мэдыя, — гэта шмат у чым кантэнт нашых калег, зроблены беларускімі незалежнымі мэдыя.
«Журналісты дзяржаўных СМІ скаціліся да адкрытых заклікаў да расправы»
— Раней БАЖ намагаўся наладзіць стасункі зь Беларускім саюзам журналістаў, праводзіў сумесныя мерапрыемствы, нават сябрамі БАЖу былі журналісты зь дзяржаўных СМІ. Ці захаваліся нейкія кантакты зь імі цяпер?
— Калісьці мы заклікалі іх да дыялёгу, запрашалі на сумесныя мерапрыемствы. Пасьля пачатку пратэстаў журналісты дзяржаўных СМІ скаціліся да незвычайнага ўзроўню жорсткай прапаганды, ажно да адкрытых заклікаў да расправы.
Калі паглядзець тэлеграм-канал БСЖ — гэта цалкам прапагандысцкі рэсурс, які, акрамя памыяў, распаўсюджвае абсалютна непраўдзівыя зьвесткі. Напрыклад, там пісалі, што нас з Андрэем Бастунцом затрымалі па крымінальнай справе.
Цяпер ніякіх кантактаў зь імі няма. Таму што немагчыма быць на баку сьвятла і на баку цемры адначасова. Дарэчы, БСЖ заклікаў пазбавіць БАЖ рэгістрацыі, нягледзячы на тое, што гэта таксама журналісцкая арганізацыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новую справу палітзьняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай перадалі ў судХоць нас пазбавілі рэгістрацыі, але мы засталіся сябрамі Міжнароднай эўрапейскай фэдэрацыі журналістаў (EFJ), і гэта нашы самыя блізкія партнэры. Літаральна на мінулым тыдні ў Вільню прыяжджаў прэзыдэнт EFJ Могенс Бліхер Б’ерэгард. У той жа час праўладны БСЖ замарозіў сваё сяброўства ў EFJ і працягвае заставацца рупарам прапаганды. Кожны робіць свой выбар.
Але нават у афіцыйным БСЖ ёсьць людзі, якія дзеляцца з намі інфармацыяй пра стан дзяржаўнай журналістыкі.
«Важна захаваць сваю прысутнасьць у Беларусі і ўрэшце туды вярнуцца»
— Якія новыя выклікі стаяць перад беларускімі журналістамі?
— Галоўны выклік, які мы бачым на бліжэйшы год, — гэта захаваньне мэдыясэктара. Таму што ёсьць вялізная стомленасьць калегаў ад гэтых двух гадоў бадзяньняў і працы ў экстранным рэжыме.
З другога боку, ёсьць запыт на інфармацыю з боку беларускай аўдыторыі. Важна не згубіць аўдыторыю, важна захаваць мэдыя, пашырацца, спрабаваць новыя фарматы — дзеля таго каб захаваць сваю прысутнасьць у Беларусі і ўрэшце туды вярнуцца.