Мацюшэўскі нават разьвітаўся з калектывам БелВЭБу — гэта адбылося ў першай палове дня 25 красавіка. Праўда, у той самы дзень ён нечакана прысутнічаў на нарадзе з Аляксандрам Лукашэнкам. Сайт дзяржаўнага агенцтва БелТА прадставіў Мацюшэўскага як «былога кіраўніка БелВЭБу». А ўжо 28 красавіка зьявілася паведамленьне, што Мацюшэўскі зноў узначаліў той самы банк. Яго прадстаўляў калектыву віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў.
Свабода ўзгадвае, хто такі Васіль Мацюшэўскі і як ён трапіў ва ўладныя вярхі.
Папрацаваў пад кіраўніцтвам Краўчанкі і Багданкевіча
Васілю Мацюшэўскаму 53 гады. Родам ён з Воршы. Як пісала «Наша Ніва», маці банкіра працавала на Аршанскім заводзе сылікатных вырабаў, а бацька ўзначальваў транспартную спэцбазу.
Хлопец скончыў школу з залатым мэдалём, пасьля чаго паступіў у БДУ на філязофска-эканамічны факультэт, дзе скончыў аддзяленьне палітычнай эканоміі.Пасьля ўнівэрсытэту папрацаваў кароткі час у Дзяржэканомпляне БССР. А ў 1992-м трапіў на працу ў МЗС у аддзел міжнародных эканамічных адносін, тады міністэрства ўзначальваў Пятро Краўчанка. З 1994 да 1997 году Мацюшэўскі працаваў на розных пасадах у Нацбанку, якім кіравалі Станіслаў Багданкевіч і Тамара Віньнікава. На год сышоў на пасаду дарадцы міністра фінансаў. А ў 1998 годзе зноў вярнуўся ў Нацбанк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чыж — ня першы. Як траплялі ў няласку набліжаныя да Лукашэнкі бізнэсоўцыНазывалі «касірам Лукашэнкі»
Выданьне «Без цэнзуры» ў 2007 годзе зьмясьціла вялікі артыкул пра Мацюшэўскага, якога называла «касірам Лукашэнкі». У Нацбанку ён курыраваў міжнародны дэпартамэнт.
«Ён заўсёды побач зь Віктарам Лукашэнкам. Ён заўжды камэнтуе сытуацыю на ўнутраных і зьнешніх рынках. Заўсёды можа патэлефанаваць па вядомым нумары мабільнай сувязі, і што важна — зь ім будуць размаўляць. Ён добра ведае, колькі і дзе захоўвае сям’я Лукашэнкі. Менавіта гэты статус і зрабіў Мацюшэўскага галоўнай нефармальнай зоркай фінансава-банкаўскага сэктару Беларусі», — пісала выданьне «Без цэнзуры» пра ня самага вядомага ў той момант банкіра.
Мае катэдж недалёка ад Драздоў
Мацюшэўскі быў намесьнікам кіраўніка Нацбанку Пятра Пракаповіча. У 2007 годзе Пракаповіч і ягоныя намесьнікі атрымалі пляцы для будаўніцтва на вуліцы Вілейскай у Менску, непадалёк ад Драздоў. Менавіта там Мацюшэўскі мае катэдж побач з Паўлам Калавурам, які цяпер узначальвае Нацбанк.
Адметна, што з Нацбанку Мацюшэўскі і Калавур таксама сышлі адначасова — у 2010 годзе. Мацюшэўскі ўзначаліў БПС-Банк, дачку расейскага Сбербанка. А Калавур стаў галоўным у «Белзьнешэканомбанку», які цяпер называецца БелВЭБ.
На недзяржаўнай працы Мацюшэўскі запомніўся тым, што спрычыніўся да вяртаньня ў Беларусь унікальных выданьняў Казімера Семяновіча «Вялікае мастацтва артылерыі». Менавіта БПС-Банк выкупіў іх для Нацыянальнай бібліятэкі. У гэты пэрыяд ён пасьпеў атрымаць адукацыю ў Лёнданскай школе эканомікі, за вучобу плаціў банк. Мацюшэўскі — адзін зь нямногіх беларускіх чыноўнікаў, які вольна валодае ангельскай мовай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нарвэскія ўладальнікі плятформы «Куфар» пакінулі БеларусьЧатыры гады віцэ-прэм’ер
З прыватнага банку Мацюшэўскага прызначылі ў сьнежні 2014 году першым віцэ-прэм’ерам — гэта адна з найвышэйшых пасадаў у краіне. Ад чыноўніка чакалі рынкавых рэформаў, але галоўнай ягонай функцыяй было перамаўляцца зь міжнароднымі фондамі, каб шукаць новых крэдытаў. Таксама Мацюшэўскі спрыяў прыняцьцю лібэральных дэкрэтаў «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва» і «Аб лічбавай эканоміцы».
У 2018 годзе Мацюшэўскага адправілі ў адстаўку, ён вярнуўся ў банкаўскі сэктар, быў зацьверджаны кіраўніком БелВЭБу, на гэтай пасадзе працуе па сёньня. На палітычныя тэмы ў пэрыяд 2020–2021 гадоў банкір публічна не выказваўся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша ніва»: топ-мэнэджэры банку БелВЭБ выйшлі на волю пасьля гіганцкага выкупуАматар стыльных гарнітураў і аксэсуараў
Што тычыцца асабістага жыцьця, то першай жонкай Мацюшэўскага была прафэсарка факультэту міжнародных адносін БДУ, доктарка эканамічных навук Алена Давыдзенка. Цесьцем у Мацюшэўскага быў яшчэ адзін доктар эканамічных навук Леанід Давыдзенка, які пабыў нават дарадцам у прэм’ер-міністра Сяргея Лінга.У пары ёсьць сын Ян. У 2017 годзе ён скончыў магістратуру Інстытуту бізнэсу і мэнэджмэнту тэхналёгій БДУ. Тэма работы — «Распрацоўка стратэгіі кіраваньня банкаўскім карпаратыўным бізнэсам (на прыкладзе ААТ „Прыёрбанк“)». У 2019 годзе разам з маці ён быў адным з аўтараў працы «Краіны з малой эканомікай ва ўмовах інтэлектуалізацыі, дыгіталізацыі і экалягізацыі».
На старонцы Яна Мацюшэўскага «ЎКантакце» ў асноўным перапосты японскай музыкі. На актуальныя падзеі з жыцьця краіны ён ніяк не рэагуе.Журналісты пісалі, што новай спадарожніцай Васіля Мацюшэўскага стала сьвецкая львіца Натальля Кандраценка. Гэта ўласьніца парталу Kult.plus пра моду і сьвецкае жыцьцё. Былая «Місіс Беларусь — 2003». Мае ўласныя брэнды адзеньня.
«Васіль Мацюшэўскі ня першы год выдзяляецца зь беларускіх банкіраў і чыноўнікаў выключна стыльнымі гарнітурамі і аксэсуарамі. Магчымая крыніца яго гардэробнага натхненьня і ўменьня спалучаць складаны малюнак пінжака, гальштука і кашулі стала зразумелай, калі побач зь ім пачала зьяўляцца Натальля Кандраценка», — пісаў tut.by.