Кіраўнік руху «Бессмертный полк» Валер Драко паведаміў, што ўсім удзельнікам шэсьця трэба мець пры сабе фатаздымак сваяка, што загінуў на вайне, «пажадана і георгіеўскую стужку, можна ўзяць сьцягі».
Сёлета «Бессмертный полк» адбудзецца ў Менску ўпершыню за тры гады. У 2020 і 2021 годзе ўлады сталіцы Беларусі адмаўлялі арганізатарам акцыі ў дазволе на правядзеньне шэсьця.
Ідэя акцыі «Бессмертный полк» нарадзілася ў Томску сярод мясцовых незалежных журналістаў. Аднак з часам ператварылася ў інструмэнт расейскай прапаганды. Асабліва моцна гэта бачна сёлета на фоне вайны Расеі з Украінай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці і Менску не дазволілі шэсьці руху «Бессмертный полк» на 9 траўня. У Віцебску і Наваполацку — дазволіліТак, нядаўна стваральнікі «Бессмертного полка» з Томску ў адмысловай заяве папрасілі ня зьвязваць іх з будучымі шэсьцямі з прычыны «зьмяненьня першапачатковага сэнсу акцыі».
Стваральнікі акцыі адзначылі, што цяпер бачаць «мноства зьяваў і падзеяў, якія зьмяняюць першапачатковы сэнс «Бессмертного полка». Наўпрост гэтыя падзеі аўтары заявы не называлі.
«Зразумела, кожны чалавек вольны вырашаць самастойна, каго і як менавіта ён успамінае 9 траўня. Але мы ня лічым больш магчымым зьвязваць сябе з тым, што адбываецца ў калёнах на вуліцы», — напісалі яны.
Шэсьце-акцыя «Бессмертный полк» асацыюецца ў Беларусі найперш з «русским миром», праслаўленьнем рэпрэсій эпохі Сталіна.
Летась і пазалетась Менскі гарвыканкам адмовіў шэрагу камуністычных і прарасейскіх арганізацый у правядзеньні шэсьця «Бессмертный полк» 9 траўня. Тады спаслаліся на прафіляктыку COVID-19.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заснавальнікі «Бессмертного полка» папрасілі не асацыяваць іх з будучымі шэсьцямі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка адрэагаваў на ініцыятыву BYSOL па зборы сродкаў вэтэранам: «Гэта крывавыя грошы»