Генэральны сакратар ААН у Кіеве: Марыюпальцам патрэбен «шлях паратунку з апакаліпсісу»

Генэральны сакратар ААН і прэзыдэнт Украіны. Кіеў, 28 красавіка 2022

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш наведаў Кіеў і выступіў на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

Абодва выступоўцы згадалі Марыюпаль. Зяленскі назваў «вельмі важным» тое, што Гутэрыш узьняў пытаньне аб эвакуацыі з гораду падчас свайго нядаўняга візыту ў Маскву.

«Мы бачым, што, нягледзячы на словы прэзыдэнта Расеі аб нібыта спыненьні ваенных дзеяньняў у Марыюпалі, тэрыторыя заводу «Азоўсталь» знаходзіцца пад варварскім бамбаваньнем з боку расейскай арміі, гэтае бамбаваньне працягваліся нават падчас перамоваў генэральнага сакратара ў Маскве. «Украіна гатова да тэрміновых перамоў аб эвакуацыі людзей з „Азоўсталі“ і да неадкладнага выкананьня дасягнутых дамоўленасьцяў», — сказаў кіраўнік украінскай дзяржавы.

Ён дадаў, што Кіеў таксама чакае «гуманнага стаўленьня» да вайскоўцаў і мірных жыхароў Марыюпалю з боку Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін паабяцаў Гутэрышу, што дазволіць прыцягнуць Чырвоны Крыж і ААН для эвакуацыі мірных грамадзянаў з Марыюпалю

Генэральны сакратар, у сваю чаргу, заявіў, што ААН будзе працягваць заклікаць да поўнага спыненьня агню.

«Эфэктыўныя гуманітарныя калідоры, поўнае спыненьне ваенных дзеяньняў, бясьпечныя маршруты для мірнага насельніцтва і паставак. Сёньня жыхарам Марыюпаля такі падыход вельмі неабходны. Марыюпаль — гэта крызіс у крызісе. Тысячам мірных жыхароў адчайна патрабуюць дапамогі. Сярод іх шмат пажылых людзей, якія маюць патрэбу ў лячэньні або маюць абмежаваную мабільнасьць. Ім патрэбен ратавальны маршрут, каб пакінуць гэты апакаліпсіс», — сказаў кіраўнік Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія войскі абстралялі Кіеў

Ён паўтарыў, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін «у цэлым пагадзіўся» прыцягнуць ААН і Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа да эвакуацыі мірных жыхароў з «Азоўсталі», хоць напярэдадні прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў гэтую заяву абверг.

«Сёньня ў нас была магчымасьць абмеркаваць гэтае пытаньне са спадаром Зяленскім. Вядуцца інтэнсіўныя абмеркаваньні, каб гэтая прапанова стала рэальнасьцю», — дадаў Гутэрыш.

  • Марыюпаль быў акружаны расейскімі войскамі ў першыя дні маштабнага расейскага ўварваньня, якое пачалося 24 лютага. Украінскія падразьдзяленьні аказваюць супраціўленьне ўжо другі месяц. Зараз робяцца спробы вывезьці з гораду мірных жыхароў і параненых вайскоўцаў.