Як нагадвае «Наша Ніва», звычайна сродкі на аплату бальнічнага выдаткоўвае Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Аднак у тым выпадку, калі прычынай быў няшчасны выпадак на вытворчасьці (стрэл у журналіста пры выкананьні ім працоўных абавязкаў падпадае пад гэтую фармулёўку), бальнічны аплочвае Белдзяржстрах.
«Каб закрыць справаздачу, ім патрэбны дакумэнт пра тое, што справа закрытая (зь якім вынікам — ня мае значэньня для бюракратычных працэдураў), — піша „Наша Ніва“. — Сьледчы камітэт пэрыядычна дасылаў адказ, што праверка працягваецца — крымінальная справа па факце раненьня журналісткі так і не была заведзеная. Апошнія месяцы патрэбнага ліста ад яго не было. Праверка так і ня скончана. Таму Белдзяржстрах, не атрымаўшы патрэбных ім дакумэнтаў, пагражае спагнаць грошы з журналісткі».
- 10 жніўня 2020 году адзін з байцоў «Алмазу» прыцэльна стрэліў з агнястрэльнай зброі па групе журналістаў у сініх камізэльках «Прэса». Гумовая куля трапіла ў нагу журналісткі «Нашай Нівы» Натальлі Лубнеўскай. Яна правяла ў шпіталі 38 дзён.
- У лякарню, дзе журналістка ляжала ў адной палаце з параненай Марыяй Зайцавай, да іх прыехалі дэпутаткі — Марыя Васілевіч і Ірына Луканская. Яны распытвалі, ці патрэбна нейкая дапамога, і на словах спачувалі. Аднак на прапанову асудзіць гвалт і фальсыфікацыі рэціраваліся, сказаўшы: «Мы дробныя людзі, няма паўнамоцтваў».
- Крымінальную справу па факце раненьня так і не завялі, вінаватага не пакаралі.
- Натальля Лубнеўская атрымала міжнародную прэмію Free Media Awards.