Канцлер Аўстрыі Карл Нэхамэр 27 красавіка катэгарычна зьняпраўдзіў навіну аб тым, што ягоны ўрад разам з аўстрыйскай нафтавай кампаніяй OMV пагадзіліся аплачваць імпарт расейскага газу ў расейскіх рублях, пра што паведамляла расейская служба ВВС.
«Да таго, як тут далей распаўсюджваюцца фэйкавыя навіны расейскай прапаганды. Зразумела, OMV працягне аплачваць пастаўкі газу з Расеі ў эўра. Аўстрыя прытрымліваецца сумесна ўзгодненых санкцый ЭЗ да кропкі і коскі», — сказаў Нэхамэр.
Раней на ўмовы Расеі пагадзіліся Сэрбія і Вугоршчына. За адмову плаціць адпаведна яе патрабаваньням Масква прыпыніла пастаўкі газу ў Польшчу і Баўгарыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўракамісія прызнала ўказ Пуціна аб аплаце за газ у рублях парушэньнем санкцый, — BloombergПрадстаўнік польскага ўраду ў стратэгічнай энэргетычнай інфраструктуры Пётар Наімскі заявіў, што Польшча больш ня мае намеру купляць газ у Расеі.
Міністар энэргетыкі Баўгарыі Аляксандар Нікалаў заявіў, што «баўгарскія газавыя сховішчы здольныя забясьпечыць унутраных спажыўцоў пасьля адмены расейскіх паставак» на месяц. Пры гэтым ён абвінаваціў Расею ў парушэньні кантракту, бо Баўгарыя аплаціла красавіцкія пастаўкі газу. Спыненьне паставак газу ён назваў «зброяй у вайне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Газпром» спыняе пастаўкі газу ў Баўгарыю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшчу праінфармавалі, што ад серады цалкам спыняюць пастаўкі расейскага газу