Сьцісла:
- Пасьля пратэстаў 2020 году намэнклятура магла ператварыцца ў суб’ект палітыкі.
- Лукашэнка ўбачыў у прэтэнзіях чынавенства пагрозу сваёй асабістай уладзе.
- Пасьля двухгадовай паўзы пачалі арыштоўваць людзей з вышэйшай элітнай лігі.
- Пасадкі ў турму вядомых прадстаўнікоў чынавенства і бізнэс-эліты — адзіны зразумелы Лукашэнку спосаб усталяваньня поўнага кантролю над намэнклятурай.
Аляксандар Лукашэнка прыняў вядомага банкіра, былога першага віцэ-прэмʼера Васіля Мацюшэўскага. Здавалася б, рутына, бюракратычная паўсядзённасьць. Калі б не адна акалічнасьць. Менш як месяц таму Мацюшэўскі і ўсё кіраўніцтва БелВЭБ апынуліся за кратамі і прабылі там некаторы час. І выйшлі, толькі заплаціўшы вялікі выкуп. Большы, чым апазыцыянэры, якім таксама прысуджаюць немалыя сумы штрафу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша ніва»: топ-мэнэджэры банку БелВЭБ выйшлі на волю пасьля гіганцкага выкупуМожна сказаць, што пераменлівасьць лёсу высокіх чыноўнікаў — гэта звыклая зьява для султанісцкіх рэжымаў. Калі б у Беларусі не было масавых пратэстаў двухгадовай даўнасьці.
Да падзей 2020 году Лукашэнка апэляваў да народу паверх галавы ўсіх дзяржаўных інстытутаў і намэнклятуры, і ягоны рэжым аднаасобнай улады ў значнай ступені трымаўся на аснове народнай падтрымкі. Калі ж грамадзкая падтрымка зьнікла, ён вымушаны быў спадзявацца на дзяржаўны апарат. Аб’ектыўна гэта вяло да таго, што роля, палітычная вага намэнклятуры павінна была ўзрасьці. Намэнклятура магла ператварыцца ў субʼект палітыкі. Адлюстраваньнем гэтага працэсу стала, напрыклад, падвышэньне ролі і паўнамоцтваў Савету бясьпекі. І зьявіліся пэрспэктывы ператварэньня пэрсаналісцкага рэжыму ў алігархічны.
Аднак гэтага ня здарылася. Пратэсты здушаныя. Непасрэдная пагроза для ўлады з боку грамадзтва зьнікла. З дапамогай дзяржапарату Лукашэнка вярнуў кантроль над краінай. І цяпер ён убачыў галоўную пагрозу для аднаасобнага кіраваньня ў намэнклятуры, сілавых структурах, якія адчулі асалоду ўлады над бяспраўным народам. Наколькі вышэйшае чынавенства зьбіралася рэальна стаць суб’ектам палітыкі, пытаньне асобнае. Рэальнасьць і ўяўленьне аб рэальнасьці — розныя рэчы. Аднак, здаецца, Лукашэнка такую пагрозу адчуў. Бо пра гэта сьведчыць шэраг фактаў.
Пасьля двухгадовай паўзы пачалі арыштоўваць людзей з вышэйшай элітнай лігі, якіх ніхто ня можа крануць без найвышэйшага дазволу. Гэта ўжо згаданае кіраўніцтва банку БелВЭБ на чале з Васілём Мацюшэўскім, а таксама старшыня праўленьня «Прыёрбанку» Сяргей Касьцючэнка. Названыя асобы — ключавыя фігуры банкаўскага сэктару Беларусі. Пры тым, што Мацюшэўскі — былы першы намесьнік кіраўніка ўраду. Да таго ж, як пісалі мэдыя, гэта чалавек, набліжаны да сям’і Лукашэнкі. 25 сакавіка зьявілася інфармацыя, што затрымалі міністра лясной гаспадаркі Віталя Дрожжу. Дасюль сядзіць Юры Чыж — у мінулым алігарх № 1.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: Бізнэсоўцу Чыжу выставілі абвінавачаньнеНа нарадзе 19 красавіка Лукашэнка раптам публічна «наехаў» на сілавікоў, чаго не рабіў ужо больш за два гады. Наадварот, з 2020 году ён увесь час іх хваліў, называў «красаўцамі», выратавальнікамі дзяржавы.
Думаецца, мы назіраем сымптомы таго, што Лукашэнка хоча адкінуць, аспрэчыць, абнуліць усе прэтэнзіі намэнклятуры на суб’ектнасьць, асаблівы статус і палітычную ролю, аднавіць рэжым асабістай улады ў новых умовах. «Пасадкі» ў турму вядомых прадстаўнікоў чынавенства і бізнэс-эліты — адзіны зразумелы яму спосаб усталяваньня поўнага кантролю над намэнклятурай. Яны ж думалі, што садзіць за краты будуць толькі палітычных апанэнтаў. Аднак высьвятляецца, што перад дыктатарам усе роўныя, а менавіта — роўныя нулю.
А тое, што Мацюшэўскага ён спачатку пасадзіў за краты, а потым прыняў у сваім кабінэце — дык гэта найвышэйшая праява непадзельнай улады, уся яе асалода. Хачу — караю, хачу — мілую. У рэжымах падобнага тыпу дыстанцыя паміж царскай ласкай і няласкай вельмі кароткая. Фаварыты часта ішлі на плаху ці ўзвышаліся «з гразі ў князі».
Дарэчы, так рабіў Сталін. Вядомыя прыклады, калі чалавека арыштоўвалі адразу пасьля прыёму ў правадыра. І наадварот, бывала, што вязьня вызвалялі з-за кратаў і везьлі да Сталіна, прызначалі на высокую пасаду.
Як пісаў расейскі паэт Аляксандар Грыбаедаў, «минуй нас пуще всех печалей и барский гнев, и барская любовь».
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.