Беларусь усё яшчэ агрэсар? Дыскусія экспэртаў

З 16 красавіка расейскія войскі не нападаюць на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі, 85% расейскай ваеннай тэхнікі выведзеныя з Беларусі. Ці будзе Захад цяпер лічыць, што Беларусь ужо не агрэсар? Ці падвышаюцца шанцы на дыялёг Захаду з афіцыйным Менскам? Якую пазыцыю ў гэтай новай сытуацыі зойме Ўкраіна?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць гісторык і палітоляг Роза Турарбекава і экспэрт Эўрапейскай рады міжнародных адносінаў, былы дыплямат Павал Сьлюнькін.

Турарбекава

Роза Турарбекава

  • Зараз мы можам гаварыць пра спыненьне ўдзелу Беларусі ў вайне, прынамсі часовае. Але я ня ўпэўненая, што беларуская тэрыторыя больш ня будзе выкарыстоўвацца Расеяй у ваенных мэтах.
  • Санкцыйная палітыка даволі інэрцыйная і кансэрватыўная. Мяркую, што Беларусь застанецца ў сьпісе санкцыяў за вайну, Расея на першым месцы, Беларусь — на другім. Для Захаду пакуль палітычна сытуацыя не зьмянілася.
  • Каб выключыць Беларусь з санкцыйнага сьпісу, Захаду патрэбныя больш сур’ёзныя падставы.
  • Калі праз пару месяцаў надыйдзе чарга 7-га пакету санкцыяў і калі да гэтага часу зь Беларусі ня будзе абстрэлаў Украіны, зь яе тэрыторыі на Ўкраіну ня пойдуць расейскія войскі, магчымыя нейкія карэкціроўкі плянаў.
  • Я не выключаю, што зь Менскам ужо зараз ідзе нейкі абмен думкамі, кансультацыі.
  • ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадарка ЗША назвала тры рэчы, якія неабходна зрабіць афіцыйнаму Менску для пачатку дыялёгу з Захадам
  • Мне здаецца, што ва Ўкраіне пакуль не адрозьніваюць Лукашэнку і беларускі народ.
  • Юрыдычна наўрад ці можна называць Беларусь тэрыторыяй, акупаванай расейцамі. Але мне здаецца, што прапанова такога прызнаньня — гэта ўдалы палітычны ход, спроба зьвярнуць увагу на ўнікальнасьць гэтай сытуацыі.

Сьлюнькін

Павал Сьлюнькін

  • Я мяркую, што цяпер увагі да Беларусі з боку Захаду будзе менш, калі гаварыць пра параўнальны абʼём санкцыяў адносна яе і адносна Расеі.
  • Аляксей Арастовіч, дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны, камэнтуючы ролю Аляксандра Лукашэнкі ў вывадзе расейскіх войскаў зь Беларусі, не зусім правільна вызначае прычыну. Яна ня ў тым, што Лукашэнка «адпятляў», а ў тым, што ўкраінскія войскі здолелі адстаяць сваю сталіцу і нанесьці паразу расейцам.
  • Калі расейцам ізноў захочацца наступаць праз тэрыторыю Беларусі, я думаю, што Лукашэнка ня зможа гэта прадухіліць. Калі ў заходніх палітыкаў ацэнка сытуацыі такая ж, як у мяне, то заходнім палітыкам ня мае сэнсу выводзіць Беларусь з-пад удару.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дарадца прэзыдэнта Ўкраіны: За беларускую тэрыторыю можна больш не хвалявацца, цяпер яе практычна не выкарыстоўваюць у вайне
  • Магчыма, пашырэньня санкцыйных пакетаў адносна Беларусі ня будзе, калі ўсе расейскія войскі будуць выведзеныя зь яе тэрыторыі. Але пакуль ня ўсе гэтыя войскі выведзеныя.
  • Мяркую, што наступны санкцыйны пакет будзе скіраваны ня толькі на нанясеньне шкоды Расеі, але і на абмежаваньне магчымасьцяў Беларусі дапамагаць Расеі абыходзіць гэтыя санкцыі.
  • Калі ў Лукашэнкі будзе адчуваньне, што другога этапу нападу на Ўкраіну з поўначы ня будзе, ён будзе прадаваць Захаду тую рыторыку, якую Ўладзімір Макей агучыў у сваім лісьце ў ЭЗ, маўляў, Беларусь не саўдзельніца агрэсіі. Калі на тэрыторыі Беларусі расейскіх войскаў ня будзе, некаму і сапраўды гэта можа спадабацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гары Каспараў: Лукашэнка відавочна рыхтаваўся таксама ўступіць у вайну
  • Калі вайна зацягнецца, а рыторыка Лукашэнкі будзе мяняцца ад «возьмем Кіеў за тры дні» да рыторыкі пра мір і братэрства беларусаў і ўкраінцаў, — магчыма, з МЗС Беларусі нейкія кантакты і будуць наладжваць.
  • Эўразьвяз абнародаваньнем ліста Макея паказаў, як ён ацэньвае спробы Менску паказаць, які той белы і пухнаты. Такая ж рэакцыя была агучаная прадстаўніцай ЗША Джулі Фішэр, якая паўтарыла ўмовы, якія мы чулі ад Захаду са жніўня 2020 году — вызваленьне палітвязьняў, спыненьне палітычных рэпрэсіяў і правядзеньне новых дэмакратычных выбараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пуцін і Лукашэнка не пралічылі сьмеласьць беларусаў». Амбасадарка ЗША пра стаўленьне беларусаў да вайны і прапановы Макея
  • Калі Ўкраіна здабудзе перамогу, а расейскія войскі як сышлі, так і ня вернуцца, то ёсьць шанец, што роля Беларусі ня будзе здавацца такой жахлівай.
  • Украінская пазыцыя палягае ў тым, што можна і з чортам размаўляць, каб спыніць бамбардзіроўкі Ўкраіны. Ці будзе гэта азначаць, што Лукашэнку ўкраінцы будуць трактаваць як легітымнага кіраўніка Беларусі — то напэўна не.
  • Калі сытуацыя будзе захоўвацца, то Кіеў будзе ўстрымлівацца ад кантактаў зь Ціханоўскай, каб не злаваць Лукашэнку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар і міністар абароны ЗША таемна наведалі Кіеў і правялі перамовы зь Зяленскім. ФОТА
  • Ініцыятыва аб прызнаньні Беларусі акупаванай краінай ня мела шанцаў на прызнаньне з пункту гледжаньня міжнароднага права, прынамсі як я яго разумею.
  • Расейскія войскі знаходзяцца ў Беларусі на запрашэньне ўладаў, хай сабе і нелегітымных. Яны не стварылі сваіх органаў кіраваньня, яны не стварылі акупацыйнай адміністрацыі. Яны сапраўды рабілі ў Беларусі, што хацелі, але яны не кіравалі Беларусьсю.
  • Калі адбудзецца рэальная акупацыя Беларусі расейскімі войскамі, беларусы гэта ні з чым ня зблытаюць. Што азначае акупацыя, расейскае войска паказала ў Бучы і іншых гарадах Украіны.