Беларускія каналы ствараюць карцінку, што Кітай і Беларусь — гэта ледзь не найлепшыя сябры. Але гэта ілюзія, якой Лукашэнка хоча карміць беларусаў.
У папярэднія гады і сапраўды на кітайскія грошы былі прафінансаваныя новыя дарогі, заводы і чыгуначныя зносіны з Эўропай, індустрыяльны парк на ўскраіне Менска, які прыцягнуў больш за мільярд даляраў інвэстыцый (але важная дэталь: заяўленых інвэстыцый). Хаця летась у парку прыбыло ўсяго больш дзясятка новых кампаній. Пры ўсім шуме вакол Кітая, у пераліку асноўных гандлёвых партнэраў ён моцна саступае як былым суседзям па СССР, так і Эўразьвязу.
Адносіны Менска і Пэкіна заўсёды былі спэцыфічнымі. Калі Кітай прапаноўваў умоўныя інвэстыцыі, то падштурхоўваў Беларусь укладваць уласныя грошы ў гэтыя праекты. Ён таксама часта выдаваў «зьвязаныя» пазыкі, то бок такія, якія вымушалі беларускія кампаніі купляць кітайскія матэрыялы і тэхналёгіі для праектаў, якія фінансуюцца Пэкінам у краіне.
Але міжнародная ізаляцыя Менска, асабліва сварка Лукашэнкі з Захадам, абмежавала стратэгічнае значэньне Беларусі для Кітая. Для Пэкіна важна, каб Беларусь уступіла ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю, але ў сувязі з фальсыфікацыяй выбараў, гвалтам пасьля іх і ўдзелам Лукашэнкі ў вайне працэс замарожаны. Кітаю патрэбная Беларусь, у якой добрыя адносіны з суседзямі, каб яна магла ўдзельнічаць у грандыёзным лягістычным праекце Кітая «Пояс і шлях». У сытуацыі, калі Лукашэнка вінаваціць літоўцаў і палякаў у жаданьні напасьці на Беларусь, Пэкіну ад такой Беларусі карысьці як з казла малака.
Хаця сам Лукашэнка публічна гэтага не прызнае. Ён працягвае і далей казаць, што Кітай выратуе Беларусь ад санкцый.
Дык ці сапраўды Пэкін падставіў плячо і замяніў агідны Лукашэнку Захад?
Прэзыдэнт Кітая Сі Цзіньпін сапраўды першым сярод замежных лідэраў павіншаваў Лукашэнку з так званай перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах у жніўні 2020 году. Але гэта словы. На справе Пэкін стрымлівае эканамічную і палітычную падтрымку рэжыму Лукашэнкі.
Кітай, які актыўна ўкладаўся ў эканоміку Беларусі, яшчэ да выбараў, з 2019 года, не прапануе Менску новых праектаў або крэдытаў і, здаецца, дыстанцуецца ад унутрыпалітычнага крызісу ў краіне.
Апошні раз у Беларусі Сі Цзіньпінь быў у... 2015 годзе. Апошні раз у Кітаі Лукашэнка быў у 2019-м. Пасьля выбараў яго туды больш ніхто не запрашаў і ніхто з высокіх кітайскіх чыноўнікаў Беларусь ад таго часу не наведваў.
Сі Цзіньпінь за 2 гады тройчы сазвоньваўся з Лукашэнкам, зь іх два разы ў студзені 2021-га і 2022-га, з нагоды гадавіны ўсталяваньня дыпляматычных адносін. Калі вы параўнаеце прэс-рэлізы пра гэтыя размовы, то амаль ня ўбачыце розьніцы.
Пры гэтым беларускі пасол у Кітай кажа, што абодва шмат разоў запрашалі адзін аднаго, але перашкодзілі нібыта абмежаваньні зьвязаныя з COVID-19.
Нехта тут хітруе. У канцы сьнежня 2020 года кітайскі лідэр пабываў у М’янме. А ў кастрычніку 2021-га — у Рыме. Зразумела, у Рым вядуць усе дарогі, у адрозьненьне ад Менску. Але на сайце МЗС Кітая ёсьць поўны пералік візытаў замежных палітыкаў у Кітай і кітайскіх за мяжу. Іх там як мінімум дзясяткі. Урэшце, калі Лукашэнка зь Сі на адной назе, то чаму яны не правялі сустрэчу ў відэафармаце?
Або яшчэ пытаньнечка: чаму кітайскі пасол не наведаў у лютым мінулага году Ўсебеларускі народны сход? Яго запрасілі, а ён не прыйшоў. А тым часам, калі верыць прапагандзе, паміж краінамі ўсё цьвіце і буяе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспарт нафтапрадуктаў прыносіў Беларусі мільярды даляраў. Што зь ім зробяць санкцыі?19 ліпеня 2021-га Уладзімер Макей заявіў, што афіцыйны Менск плянуе абаперціся на Расею і Кітай у «гібрыднай вайне», маючы на ўвазе санкцыі супраць Беларусі.
«Ужо падрыхтаваныя і распрацаваныя стратэгіі і пляны па нарошчваньні нашай прысутнасьці і асваеньні новых рынкаў і нішаў», — растлумачыў Макей. Гэта былі чаканьні Макея. А цяпер давайце паглядзім на рэальнасьць.
Разгледзім сытуацыю на прыкладзе 2021 году, бо 2022-ы толькі, па сутнасьці, пачаўся.
Як паведамляў МЗС Беларусі, па выніках 2021 году знешнегандлёвы абарот Беларусі і Кітая склаў у 2021 годзе рэкордныя (як піша МЗС) 5 мільярдаў 900 мільёнаў даляраў ЗША. Уаў, скажуць многія, геніяльна, ну і працавіты ўрад.
Але давайце прыгледзімся да гэтых лічбаў бліжэй. І ўсё выявіцца не такім вясёлым. Уласна беларускага экспарту ў Кітай летась было 913 мільёнаў даляраў. Гэта значыць, на такую суму Беларусь прадала кітайцам сваіх тавараў, а купіла ў Кітаі — на 4 мільярды 202 мільёны. І рост экспарту за год быў усяго 136 мільёнаў. Нехта запярэчыць, што гэта ўсё роўна крута.
Летась Беларусь адмовілася ад удзелу ў праграме Эўразьвязу «Усходняе партнэрства». Штогод Беларусь атрымлівала ад ЭЗ прыблізна 30 мільёнаў эўра. Гэта не крэдыты, а грантавая дапамога. Ніякіх палітычных умоваў Беларусі для атрыманьня гэтых сродкаў Эўразьвяз не выстаўляў. І Беларусь магла атрымліваць значна больш, але не хацела. Аднак Менск адмовіўся ад гэтай праграмы. Па словах Макея, на фоне санкцый далейшы ўдзел Беларусі ва «Ўсходнім партнэрстве» ня мае сэнсу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітай адкрыў чыгуначны маршрут да Нямеччыны ў абыход Расеі і БеларусіА давайце цяпер паглядзім на экспарт ва Ўкраіну, зь якой Лукашэнка два гады пасьлядоўна руйнуе адносіны. У 2021 годзе Ўкраіна купіла беларускіх тавараў на 5 мільярдаў 400 мільёнаў даляраў. Вы толькі ўдумайцеся. Гандаль з Украінай прынёс Беларусі ў шэсьць разоў большую выгаду, чым з Кітаем, пра які Лукашэнка і Макей так шмат гавораць як пра выратавальнае кола.
Дык а параўнайце, што такое па маштабах рынку Кітай і Ўкраіна. І цяпер уявіце, што застанецца ад гэтага гандлю пасьля таго, як Лукашэнка стаў галоўным і адзіным саюзьнікам Пуціна ў вайне супраць Украіны.
Давайце разгледзім яшчэ адзін паказьнік. Пастаўкі сельскагаспадарчай прадукцыі ў Кітай.
У 2021 годзе Беларусь прадала сельгаспрадуктаў у Кітай на 366 мільёнаў даляраў. На першы погляд, гэта значная лічба, тым больш рост у параўнані з 2020 годам склаў амаль 48%. Але ўсё гэта толькі на першы погляд.
У тым жа годзе пастаўкі беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі ў Эўразьвяз, то бок у «варожы NATO», «калектыўны Захад», «англасаксам», якія зайздросьцяць посьпехам Беларусі і хочуць, паводле Лукашэнкі, напасці на яе, каб захапіць яе рэсурсы, дык вось туды пастаўкі склалі 460 мільёнаў даляраў. На 100 мільёнаў больш, чым у Кітай. І гэта пры тым, што насельніцтва Эўразьвязу ўтрая меншае, чым насельніцтва Кітая. І гэта пры тым, што Эўразьвяз увёў супраць Беларусі некалькі пакетаў санкцый.
Не, слухайце. Як такое ўвогуле магчыма? Больш за год Эўразьвяз, як кажуць Азаронак і Макей, вядзе гібрыдную вайну супраць Беларусі, хоча яе захапіць, глушыць эканамічнымі абмежаваньнямі, якія беларускія чыноўнікі параўноўваюць з генацыдам, а купляе беларускіх тавараў той калектыўны варожы Захад больш, чым братэрскі Кітай, які яшчэ і ў тры разы большы і мог бы купіць усё, што вырабляе Беларусь, нават гэтага не адчуўшы?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сапраўдны Апакаліпсіс». Супрацоўнік лягістычнай кампаніі расказвае, як вайна зьнішчае бізнэс беларускіх перавозчыкаўЯшчэ летась Міністэрства сельскай гаспадаркі плянавала, што ў 2025 годзе пастаўкі харчоў у Кітай вырастуць у 1,7 раза. Але ёсьць нюанс. У сакавіку міністар Іван Брыло заявіў, што пастаўкі прадукцыі ў Кітай ускладніліся ў сувязі з вайной Расеі супраць Украіны, да якой далучыўся і Лукашэнка. А чаму ўскладніліся? Бо пастаўкі адбываюцца праз порт у... Адэсе, а Ўкраіна ўспрымае Беларусь як суагрэсара. Таму Беларусь шукае, як пастаўляць сельгаспрадукцыю ў Кітай чыгункай, а таксама праз порт — увага! — ва Ўладзівастоку.
Кожную навіну, зьвязаную з Кітаем, прапаганда Лукашэнкі выстаўляе як нешта неймавернае і надзвычайнае. Гэтаксама было і пастаўкамі ў Беларусі вакцыны супраць каранавірусу. Кітай ПЕРАДАЎ Беларусі 3,4 мільёна дозаў вакцыны. Ух ты. Але за два мільёны дозаў беларусы заплацілі са сваёй кішэні. Згадзіцеся, навіна з загалоўкам «Кітай прадаў» выглядала б ня так прыгожа.
Кітай і сапраўды мог бы купіць усё, што хоча прадаць яму Беларусь, і нават гэтага не адчуць. Мог бы, але ня купляе. Відаць, проста таму, што ня хоча.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.