Беларусь можна параўнаць з адной з тых хітрых жывёлін, якія перад нападам магутнага драпежніка падаюць на зямлю і робяць выгляд, быццам здохлі. Драпежнік страчвае да ахвяры цікавасьць (ці то лічыць яе ўжо гатовай здабычай, якая нікуды не падзенецца, ці то грэбуе падлай) і адыходзіць убок. А хітрун здабывае шанец на жыцьцё.
Расейскія імпэрскія рэваншысты аслабілі да Беларусі цікавасьць. Для расейскай дзяржаўнай прапаганды Беларусь ніколі не была такім раздражняльным фактарам, як Украіна. Гэта выклікана і агульнай малавядомасьцю Беларусі ў Расеі за рамкамі штампаў пра бульбу і партызанаў — на тле Ўкраіны і яе велізарнага месца ў расейскім унівэрсуме, ад Кіева як «маці гарадоў рускіх» да Гогаля ў школьнай праграме. Але можна сабе ўявіць, што і наяўнасьць рэжыму Лукашэнкі паставіла для расейскага імпэрыялізму «птушачку» насупраць Беларусі, выключыла яе з аб’ектаў барацьбы як «пройдзены этап». Што і дазволіла Беларусі пражыць у гэтым цені 25 гадоў, калі пакрысе будаваліся і беларуская нацыянальная сьвядомасьць, і дэмакратычныя запыты грамадзтва, якія выліліся ў спробу рэвалюцыі 2020 году.
Гісторыя яшчэ ня скончылася. Можа стацца і так, што беларуская мадэль паводзінаў (а-ля «прыкінуцца мярцьвячынай») на тле Ўкраіны сябе і апраўдае: у тым выпадку, калі Беларусі атрымаецца выйсьці зь цяперашняга рэгіянальнага крызісу і стаць на шлях дэмакратычнага разьвіцьця без таго, каб вайна перакінулася на яе тэрыторыю. Хоць калясальны страчаны Беларусьсю час, страчаныя магчымасьці гэтых гадоў, якімі скарысталіся краіны Балтыі і Польшча, цяжка нечым апраўдаць і пераважыць. Ня кажучы пра тысячы паламаных лёсаў беларусаў.
Ня круглыя даты, а менавіта вайна Расеі супраць Украіны сталася тым момантам, які падводзіць рысу пад усім гістарычным пэрыядам, які пачаўся ў нашым рэгіёне ў 1991 годзе і канчаецца толькі цяпер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як мы сталі «сильно похожи друг на друга». Адкрыты ліст да Барыса АкунінаЯк варта было рабіць
З вышыні мінулых трыццаці гадоў асабліва добра відаць, наколькі дальнабачнай была ў пэрыяд распаду СССР палітыка краінаў Балтыі.
Далучэньне да Эўрапейскага зьвязу і NATO, нават цаной страты савецкіх ваенна-прамысловых гігантаў і цаной халодных зімаў без расейскага газу, сябе апраўдалі на сто працэнтаў. Краіны Балтыі цяпер — самыя заможныя і стабільныя дэмакратыі сярод былых савецкіх рэспублік. А сяброўства ў NATO — адзінае, што бароніць іх ад ваеннай агрэсіі ўзору 2022 ці 2014 гадоў.
Тое, што Латвія і Эстонія давалі імігрантам савецкіх часоў грамадзянства толькі ў рамках працэсу натуралізацыі, а ня проста па факце пражываньня на гэтай тэрыторыі ў 1991 годзе, сябе апраўдала, нягледзячы на скандалы і эмоцыі з усіх бакоў. Галасаваньне сотняў тысяч варожых да латвійскай і эстонскай дзяржаўнасьцяў іншаземцаў прывяло б да ўлады мясцовых лукашэнак. Наадварот, варожыя да Беларусі чужынцы, якіх безь ніякіх пытаньняў пусьцілі ў беларускую палітычную сыстэму і на беларускую дзяржаўную службу, сталі апірышчам прарасейскага дыктатарскага рэжыму. Прыкладаў тут шмат: імпэрскі ідэоляг Замяталін, карнікі Зайцаў, Жадобін і Караеў, афіцэры савецкай акупацыйнай арміі Вальфовіч і Белаконеў, і многія іншыя.
Люстрацыя, дэкамунізацыя і дэрусыфікацыя, нават у абмежаваным выглядзе, сябе цалкам апраўдалі, а мусілі б праводзіцца нават яшчэ больш актыўна. Савецкая настальгія — гэта пагроза нацыянальнай бясьпецы. Былыя афіцэры КДБ і савецкія палітрукі, якія лезуць ва ўладу — гэта пагроза нацыянальнай бясьпецы. Расейская інфармацыйная прастора, расейскія імпэрскія падручнікі ў школах, нацыяналістычная Расейская праваслаўная царква, Ленін, Дзяржынскі — і гэта таксама пагрозы нацыянальнай бясьпецы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Харкаве зьнесьлі бюст савецкаму маршалу Жукаву. ВІДЭАЯк ня трэба было рабіць
Няма сэнсу параўноўваць Беларусь і краіны Цэнтральнай Азіі і Закаўказьзя з прычыны відавочных гістарычных і культурных адрозьненьняў. Беларусь мае мала агульнага з Узбэкістанам ці Грузіяй і шмат агульнага з Польшчай і Літоўскай Рэспублікай або з Украінай і Расеяй. Зь якімі і параўноўваем.
Агульная рыса постсавецкіх Украіны (прынамсі да 2014 г.) і Расеі — карупцыя як сыстэмаўтваральная рыса і палітыкі, і эканомікі.
Украіну карупцыя ледзь ня зьнішчыла. Дзяржава, якая чвэрць стагодзьдзя, з 1991-га па 2014 год, раскрадалася ўласнай элітай, не рэфармавалася і дэградавала, стала спакусьлівай мэтай для суседзкага драпежніка.
Расею карупцыя загубіла цалкам. Спачатку нікому не падкантрольны прэзыдэнт незаконна ўзбагачаў сябе і набліжаных, а потым ён зразумеў, што ня можа сысьці, бо ў любы момант пазбавіцца гарантый і стане мэтай антыкарупцыйных расьсьледаваньняў. Потым ён страціў пачуцьцё меры, патануў у фантасмагарычнай раскошы, страціў розум і разьвязаў вайну, бо «нечего больше хотеть» і бо ён такая ж частка расейскага вульгарнага абыватальства зь ягонымі постімпэрскімі комплексамі, якія шукалі выйсьця і знайшлі яго ў найгоршай форме.
Адзінае добрае, што зрабіла карупцыя на постсавецкай прасторы, гэта тое, што з грошай, выдаткаваных за ўсе гэтыя гады на разьвіцьцё расейскай арміі, было скрадзена, магчыма, больш, чым праінвэставана ва ўласнаі гэтае самае разьвіцьцё. Пацёмкінскае расейскае войска, вельмі верагодна, не пераможа ў вайне супраць Украіны.
Украіна і Расея прадэманстравалі два бакі правалу спробаў будаўніцтва дэмакратычных і рынкавых інстытутаў. Спалучэньне гэтых дзьвюх формаў правалу ў блізкіх суседзяў прывяло да вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бяз сувязі на чужой зямлі. Чаму захлынуўся наступ Расеі ва ЎкраінеЯк зрабіла Беларусь
Беларусь у міжнароднай і ўнутранай палітыцы выбрала зусім іншы, супрацьлеглы шлях, чым яе суседкі, краіны Балтыі.
Замест эўрапейскай інтэграцыі — інтэграцыя з Расеяй. Замест рынкавых рэформаў — падтрыманьне савецкай паўваеннай прамысловасьці. Замест дэмакратыі — жорсткі аўтарытарны рэжым. Замест разьвіцьця ўласнай нацыянальнай ідэнтычнасьці — адмова ад яе на карысьць савецкай эрзац-ідэнтычнасьці (унікальны прыклад на ўсёй постсавецкай прасторы).
І што тычыцца ролі карупцыі ва ўсталяваньні аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі, сытуацыя падобная да Расеі, толькі без імпэрыялістычнай вайны. Успомніце Лукашэнку, які ў сьнежні 1994 году ў літаральным сэнсе плакаў, ліў сьлёзы, слухаючы даклад дэпутата Сяргея Антончыка пра карупцыю ва ўласным атачэньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму плакаў Лукашэнка. Даклад аб карупцыі ў атачэньні прэзыдэнтаКраіны Балтыі рэзка адмежаваліся ад Расеі і здабылі адносную бясьпеку — як ваенна-палітычную, так і эканамічную.
Украіна да 2014 году была ні тое, ні тое: ані выразнага дыстанцыянаваньня ад Расеі і выгадных ёй эканамічных і палітычных мадэляў, ані капітуляцыі перад ёй. І гэта таксама спакушала расейскіх імпэрыялістаў і стварала ілюзію, быццам Украіну можна перацягнуць да сябе рашучым рыўком. (Спробы чаго і робяцца з 2014 году.)
Калі Беларусі ўдасца ацалець у гэтым землятрусе, адзінае выйсьце для яе — арыентавацца на пабудову прававой дэмакратычнай дзяржавы з законамі і інстытутамі, якія працуюць. І на інтэграцыю з тымі краінамі, якія дасягнулі ў гэтым посьпеху — з Эўропай і Амэрыкай. А не з аўтарытарнымі рэжымамі, якія цалкам праваліліся.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.