Аргкамітэт нямецкай прэміі «СМІ за свабоду» пасьля жорсткай крытыкі з боку нямецкіх і ўкраінскіх журналістаў адмовіўся ад уганараваньня расейскай журналісткі Марыны Аўсяньнікавай, якую плянавалі адзначыць разам з дэмакратычнай лідэркай Беларусі Сьвятланай Ціханоўскай і прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.
Падчас цырымоніі назвалі толькі дваіх гэтых ляўрэатаў.
21 красавіка мэдыягрупа Weimer Media Group паведаміла, што сёлета прэмія «СМІ за свабоду» прысьвечаная барацьбе за свабоду ва Ўсходняй Эўропе, а яе ўладальнікамі стануць Сьвятлана Ціханоўская, Уладзімір Зяленскі і расейская журналістка Марына Аўсяньнікава, якая стала вядомай пасьля зьяўленьня ў эфіры праграмы першага каналу расейскай тэлевізіі з плякатам супраць вайны.
Аб зьменах у складзе ляўрэатаў прэміі раней паведаміў дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
«Аргкамітэт нямецкай прэміі „СМІ за свабоду“ сёньня паінфармаваў нас, што яны зьмянілі рашэньне і ня будуць уручаць прэміі Марыне Аўсяньнікавай. Прэмію атрымаюць Уладзімір Зяленскі і Сьвятлана Ціханоўская.
Узнагароду ўручыць старшыня фракцыі Эўрапейскай народнай партыі ў Эўрапейскім Парлямэнце», — напісаў ён на сваёй старонцы ў Facebook.
Напярэдадні, 21 красавіка, з заклікам перагледзець рашэньне зьвярнулася кіраўніца Нацыянальнай рады Ўкраіны ў пытаньнях тэлевізіі і радыё Вольга Герасімюк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскія журналісты прапануюць пазбавіць Аўсяньнікаву прэміі, якую ёй надалі разам зь Зяленскім і ЦіханоўскайПрэмія «СМІ за свабоду» прысуджаецца сёлета ў восьмы раз. Яе ўручаюць грамадзкім дзеячам, якія, на думку журы, асабліва адданыя свабодзе выказваньня думак, сацыяльнаму ўзаемадзеяньню, палітычнаму дыялёгу і дэмакратыі. Сярод уладальнікаў узнагароды — экс-канцлер Аўстрыі Сэбаст’ян Курц, прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў і міністар фінансаў Нямеччыны Крыстыян Лінднэр.
4 сакавіка жывы эфір праграмы «Время» на «Першым канале» расейскай тэлевізіі быў перарваны антываеннай акцыяй, якая выклікала рэзананс ва ўсім сьвеце. У той час як вядоўца праграмы «Время» Кацярына Андрэева, седзячы ў студыі, расказвала пра пляны ўраду наконт зьмякчэньня наступстваў ад заходніх санкцый, у студыю ўбегла рэдактарка праграмы Марына Аўсяньнікава і стала за сьпінаю ў Андрэевай з плякатам: «Спыніце вайну. Ня верце прапагандзе. Тут вам хлусяць».
Акрамя таго, Аўсяньнікава выклала ў сетку відэазварот, у якім заклікала расейцаў пратэставаць супраць расейскай ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На журналістку, якая ўварвалася ў жывы эфір расейскага тэлеканалу з антываенным плякатам, завялі яшчэ адну справуПазьней яе затрымалі, а потым аштрафавалі за заклік да незаконных акцый пратэсту. Сьледчы камітэт праводзіць праверку на прадмет завядзеньня супраць Аўсяньнікавай крымінальнай справы паводле новага артыкула аб «публічным распаўсюджваньні заведама лжывай інфармацыі аб выкарыстаньні Ўзброеных сілаў РФ», які прадугледжвае пакараньне ад 3 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
У сярэдзіне красавіка стала вядома, што Марыну Аўсяньнікаву прынялі на працу ў нямецкае выданьне Die Welt. Паведамлялася, што яна будзе пісаць калёнкі для газэты і браць удзел у рыхтаваньні навінаў пра Расею і Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-рэдактарка «Першага каналу» Расеі Марына Аўсяньнікава перайшла ў нямецкі Die Welt ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марына Аўсяньнікава: «Мне вельмі страшна, але я застаюся ў Расеі»