Але калі з боку Расеі гінуць толькі вайскоўцы, то Ўкраіна страчвае яшчэ і вялікую колькасьць цывільнага насельніцтва, а таксама сацыяльна-эканамічную інфраструктуру. Свабода сабрала інфармацыю, як бакі ацэньваюць страты – свае і праціўніка.
Страты жывой сілы
І Ўкраіна, і Расея часьцей паведамляюць не аб сваіх, а аб чужых стратах. Першым такія зводкі пачаў публікаваць Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны. І гэта стала адным з найважнейшых элемэнтаў інфармацыйнай вайны.
Аб уласных стратах бакі паведамляюць нячаста. Але і расейскія, і ўкраінскія лічбы цяжка праверыць. Як сьцьвярджаюць вайсковыя экспэрты, звычайна большыя вайсковыя страты мае той бок, які наступае. Бок, які абараняецца, мае меншыя страты, бо мае пазыцыйныя перавагі.
16 красавіка Ўкраіна прызнала, што ў баявых дзеяньнях загінулі 2500-3000 вайскоўцаў і яшчэ 10 тысяч параненыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі назваў страты ўкраінскага войска з пачатку вайныГэтыя лічбы супастаўныя з апублікаванымі лічбамі амэрыканскай выведкі. У Міністэрстве абароны Расеі лічаць, што загінулі 23 367 украінскіх жаўнераў.
У канцы сакавіка Расея прызнала гібель 1351 свайго вайскоўца, яшчэ 3825 атрымалі раненьні. Паводле ўкраінскіх зьвестак, расейская армія страціла ўжо больш за 20 800 вайскоўцаў.
Згодна з амэрыканскімі ацэнкамі на канец сакавіка 2022 году, Расея страціла каля 10 тысяч вайскоўцаў.
Страты вайсковай тэхнікі
Паводле інфармацыі ўкраінскага боку, на 19 красавіка Расея страціла :
802 танкі- 2 063 баявыя браняваныя машыны
- 386 артылерыйскіх сыстэмаў
- 132 ракетныя сыстэмы залпавага агню
- 67 сродкаў супрацьпаветранай абароны
- 169 самалётаў
- 150 гелікоптэраў
- 1495 аўтамабіляў
- 8 караблёў і катэраў
- 76 цыстэрнаў з палівам
- 158 бесьпілётнікаў
- 27 адзінак спэцтэхнікі
- 4 апэратыўныя тактычна-ракетныя сыстэмы
Расейскі бок акцэнтуе ўвагу на зьнішчэньні ва Ўкраіне тэхнікі і вайсковых базаў. Паводле Масквы, на 19 красавіка Ўкраіна страціла:
2353 танкі ды іншыя баявыя браняваныя машыны- 252 зэнітныя ракетныя комплексы
- 256 установак рэактыўных сыстэмаў залпавага агню
- 1014 адзінак палявой артылерыі і мінамётаў
- 2208 адзінак спэцыяльнай вайсковай аўтамабільнай тэхнікі
- 140 самалётаў
- 487 бесьпілётнікаў
Даведка: Паводле даступнай статыстыкі, Расея ў 2014 годзе вырабіла 124 вайсковыя самалёты і больш як 300 верталётаў, але ў 2019 году вытворчасьць зьнізілася больш як на 40%.
Ва Ўкраіне з 2016 году авіятэхніку не выпускалі. У сьнежні 2020 году Міністэрства абароны Ўкраіны і дзяржаўнае прадпрыемства «Антонов» падпісалі мэмарандум аб супрацы ў будаўніцтве самалётаў для арміі. Плянавалася, што першы з трох вайскова-транспартных самалётаў Ан-178 армія атрымае ў 2023 годзе. У пачатку вайны дзяржаўнае прадпрыемства «Антонов» стала адным зь першых аб’ектаў бамбаваньня расейскімі войскамі.
Гібель дзяцей і мірных грамадзян
Украіна дадаткова страчвае вялікі людзкі патэнцыял, бо найчасьцей аб’ектамі авіяцыйных і артылерыйскіх абстрэлаў Расея абірае сацыяльныя аб’екты. Найбольш рэзананснымі сталі абстрэл радзільні ў Марыюпалі і чыгуначнай станцыі ў Краматорску.
Украіна ацэньвае колькасьць загінулых мірных жыхароў у 2734-3000 асобаў. Але ўрадавыя прадстаўнікі называюць лічбы папярэднімі, бо невядомай застаецца колькасьць загінулых у гарадах, якія дагэтуль пад расейскай акупацыяй. Тое самае тычыцца і колькасьці пацярпелых дзяцей – 205 загінулі і 367 атрымалі раненьні.
Паводле зьвестак Высокага камісарыяту ААН у правах чалавека, з 24 лютага ва Ўкраіне загінулі 2072 чалавекі, у тым ліку 169 дзяцей, і 2818 атрымалі раненьні. Але ў камісарыяце таксама падкрэсьлілі, што ў рэальнасьці колькасьць ахвяраў расейскай вайны ва Ўкраіне можа быць істотна вышэйшай, бо спраўджаную інфармацыю яны атрымліваюць са спазьненьнем.
Эканамічныя страты
Паводле Міністэрства інфраструктуры Ўкраіны, толькі ў транспартнай галіне зьнішчана да 30% інфраструктуры на агульную суму больш як 100 мільярдаў даляраў.
Зьнішчаныя сотні адукацыйных, мэдычных і культурных установаў. Кіраўнік ураду Дзяніс Шмыгаль заявіў, што непасрэдныя страты ўкраінскай эканомікі ад вайны ўжо склалі больш за 560 мільярдаў даляраў – гэта падлікі вынікаў зьнішчэньня інфраструктуры і жылога сэктару, а таксама прастою бізнэсу і разбурэньня лягістычных ланцужкоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Украіны: 22 вобласьці пачалі сеяць, нягледзячы на вайну; голаду ня будзеУ доўгатэрміновай пэрспэктыве ад зьнішчэньня вытворчых магутнасьцяў і разбурэньня інфраструктуры сума стратаў значна перавысіць 1 трыльён даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Марыюпаль дынамічна разьвіваўся да вайны і чаму ён так патрэбны расейцамТолькі ў адным зьнішчаным цяпер Марыюпалі, які быў найважнейшым цэнтрам украінскай мэталюргіі, буйным марскім портам і адным з самых камфортных для жыхарства ва Ўкраіне гарадоў, Украіна страчвае амаль чвэрць сваёй эканомікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баі за Данбас, атака на завод «Азоўсталь» у Марыюпалі. 55-ы дзень вайны Расеі супраць УкраіныВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.