Расея ўхваліла экстрадыцыю ў Беларусь палітзьняволенай віцяблянкі Яны Пінчук

Ілюстрацыйнае фота

Яну Пінчук, якой у Беларусі пагражае да 20 год пазбаўленьня волі, ужо амаль паўгода знаходзіцца ў СІЗА-5 Санкт-Пецярбургу.

«Яне ў СІЗА прыйшла пастанова аб яе экстрадыцыі ў Беларусь. Пакуль яна ўсё яшчэ знаходзіцца ў пецярбурскім СІЗА-5. Адвакаты будуць абскарджваць гэтае рашэньне, але дата суда пакуль не прызначаная», — паведаміў «Белсат» муж Яны Мікіта Сафронаў.

24-гадовую віцяблянку Яну Пінчук затрымалі летась 1 лістапада і зьмясьцілі пад варту ў СІЗА-5 Санкт-Пецярбургу.

Апошні раз дзяўчына была ў Беларусі за год да затрыманьня і не падазравала, што яна ў вышуку.

У Беларусі Пінчук абвінавачваюць па пяці артыкулах Крымінальнага кодэксу за адміністраваньне тэлеграм-чата «Віцебск 97%», прызнанага ўладамі экстрэмісцкім. Ёй пагражае да 20 год пазбаўленьня волі.

Пінчук пераехала ў Расею ў 2018 годзе. Зь лістапада 2021 года яна знаходзіцца ў ізалятары, калі СК Беларусі адправіў расейскім сілавікам дакумэнты на экстрадыцыю.

Пасьля арышту дзяўчына папрасіла расейскія ўлады аб прадастаўленьні статусу ўцекача.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі «Мэмарыял» прызнаў палітвязьнямі беларусаў Яну Пінчук і Вадзіма Дубойскага
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як людзі Лукашэнкі палююць на беларусаў у Расеі. Расьсьледаваньне BBC