Зяленскі: «Сьвет павінен быць гатовы да таго, што Пуцін можа ўжыць ядзерную зброю»

Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў у інтэрвію CNN, што «ўсе краіны сьвету» павінны быць гатовыя да таго, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць тактычную ядзерную зброю ў вайне супраць Украіны.

У эксклюзіўным інтэрвію карэспандэнту CNN Джэйку Тэпэру Зяленскі заявіў, што Пуцін можа зьвярнуцца альбо да ядзернай, альбо да хімічнай зброі, бо жыцьці ўкраінцаў не ўяўляюць для яго каштоўнасьці.

«Мы павінны не баяцца, але быць гатовымі да гэтага. Але гэта не пытаньне Ўкраіны, ня толькі Украіны, але і ўсяго сьвету, я думаю», — сказаў Зяленскі.

Раней афіцыйныя асобы ЗША заяўлялі пра магчымасьць таго, што Пуцін, адчуўшы сябе загнаным у кут, можа зьвярнуцца да прымяненьня тактычнай ядзернай зброі ва Ўкраіне. Дырэктар ЦРУ Біл Бэрнс заявіў 14 красавіка, што амэрыканская выведка «вельмі ўважліва» сочыць за разьвіцьцём падзей, падкрэсьліўшы пры гэтым, што пакуль ЗША ня бачаць прыкмет таго, што Расея рыхтуецца зрабіць такі крок.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна Дзьмітрый Пяскоў у канцы сакавіка сказаў, што Расея «пры любым сцэнары» ва Ўкраіне не зьбіраецца ўжываць там ядзерную зброю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як на амэрыканскай «ваеннай гульні» ўхвалілі ядзерны ўдар па Беларусі і ці блізкія такія гульні да рэальнасьці
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хрыста Грозеў: «Пуцін добра ўсьведамляе, што ягоны загад націснуць ядзерную кнопку проста ня будзе выкананы»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Качыньскі: «Захоўваньне амэрыканскай ядзернай зброі ў Польшчы значна ўзмацніла б стрымліваньне Масквы»