Сувязь, прадукты, транспарт: Што падаражэла ў Беларусі з пачаткам вайны ва Ўкраіне

Глядзім, на што і на колькі ў Беларусі вырасьлі цэны пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Пошта і сувязь

Згодна з пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю ад 5 красавіка, даражэюць паслугі пошты і сувязі.

Абанэнцкая плата для тэлефонаў, пераведзеных на пагадзінную сыстэму аплаты размоваў, павялічыцца з 3,59 да 3,73 рубля і з 2,90 да 3,02 рубля, а пагадзінная плата за кожную хвіліну злучэньня — з 0,0073 да 0,0076 рубля.

Плата для тэлефонаў, не пераведзеных на пагадзінную сыстэму, вырасьце з 5,07 да 5,28 рубля, з 7,73 да 8,05 рубля і з 3,82 да 3,98 рубля.

Кошт хвіліны міжгародняга званка без дапамогі тэлефаніста падымецца з 0,0192 да 0,02 рубля, з дапамогай тэлефаніста — з 0,0288 да 0,03 рубля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь у 45 разоў павялічыла ліміт для бязмытнага ўвозу пасылак

Акрамя таго, зьменяцца фіксаваныя тарыфы на паслугі паштовай сувязі агульнага карыстаньня, якія аказваюць фізычным асобам (акрамя ІП).

Так, перасылка ўнутраных простых адпраўленьняў — ліста або бандэролі масай да 20 грам, а таксама паштовай карткі — падаражэе з 0,60 да 0,62 рубля.

Зьменяцца і фіксаваныя тарыфы на паслугі паштовай сувязі агульнага карыстаньня, якія аказваюць юрыдычным асобам і ІП.

Тут перасылка ўнутраных простых адпраўленьняў — ліста або бандэролі масай да 20 грам, а таксама паштовай карткі — падаражэе з 0,50 да 0,52 рубля.

Транспарт

Берасьцейскі, Гомельскі, Горадзенскі і Менскі аблвыканкамы павысілі тарыфы на праезд у гарадзкім і прыгарадным транспарце.

Тарыфы на гарадзкія перавозкі пасажыраў і ручной паклажы тралейбусамі і аўтобусамі ў рэгулярных зносінах павышаны на 10 капеек за адну паездку.

Так, тарыф на гарадзкія перавозкі на звычайных і хуткіх маршрутах падаражэе з 70 да 80 капеек за паездку, а на экспрэсных — з 80 да 90 капеек за паездку. Пры продажы кіроўцам кошт талёнчыка павялічваецца яшчэ на 5 капеек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інфляцыя, забарона на вываз харчу. Эканамічныя наступствы вайны ва Ўкраіне для Беларусі

Што да тарыфаў на прыгарадныя маршрутныя перавозкі пасажыраў, то яны павышаныя на 0,01 рубля за кілямэтар правозу. Тарыфы на прыгарадныя перавозкі за 1 км вырастуць на звычайных маршрутах — з 9 да 10 капеек. На экспрэсных — з 12 да 13 капеек. На хуткіх маршрутах і дадатковых рэйсах — з 11 да 12 капеек.

Офісная папера

Цана офіснай паперы ў Менску дасягнула 10 эўра за пачак у 500 аркушаў. Да пачатку крызісу і вайны такі пачак каштаваў удвая таньней, паведамляе officelife.media. Рэч у тым, што папера ў Беларусь пастаўлялася ў асноўным з Расеі, а кампаніі, якія яе выраблялі, сутыкнуліся з санкцыямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мех цукру, шмат солі, запас запалак, скрыню гарэлкі». Беларуска расказвае, што і навошта трымалі ў сям’і «на чорны дзень»

Цыгарэты

З 1 красавіка ў Беларусі падаражэлі некаторыя маркі цыгарэт. Падаражэньне закранула 186 марак. З гэтага ліку 59 вырабляе фабрыка «Нёман», 70 — ТАА «Тытунь-інвест», 20 — ТАА «Інтэр Табака», 37 — імпартуе дзяржаўнае прадпрыемства «Беларусьгандаль».

Цэны вырасьлі ў дыяпазоне ад 5 да 40 капеек.

Прадукты і паслугі

Індэкс спажывецкіх цэн у Беларусі ў сакавіку ў параўнаньні зь лютым перасягнуў 106 працэнтаў, а ў параўнаньні са сьнежнем 2021 году — 109,4 працэнта. Такія зьвесткі апублікаваў Белстат.

Гадавая інфляцыя ў сакавіку дасягнула 15,9%. На харчовыя тавары яна аказалася на ўзроўні 15,6%, а на нехарчовыя — 18,7%. Гадавая інфляцыя на паслугі была ў сакавіку на ўзроўні 12,7%.

Калі параўноўваць зь лютым, за месяц інфляцыя на прадукты склала 7,6%, на нехарчовыя тавары — 12,1%, а на паслугі — 8,9%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нэгатыўны ўплыў ад пагаршэньня вонкавых эканамічных умоў». Урад назваў прычыны інфляцыі

Бытавая тэхніка

Цэны на некаторую электроніку і бытавую тэхніку з пачаткам вайны ва Ўкраіне вырасьлі на траціну. Такія дадзеныя ў сакавіку апублікаваў буйны маркетплэйс onliner.by.

Наколькі вырасьлі цэны на тавары ў шэрагу катэгорый:

  • посудамыйныя машыны — 13%
  • пральныя машыны — 7%
  • мабільныя тэлефоны — 5%
  • тэлевізары — 15%
  • робаты-пыласосы — 15%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэргі ў крамах JYSK у Беларусі, якая абвясьціла пра сыход з краіны. Відэа