Пэрыядам росквіту беларускіх тэлеграм-каналаў сталі падзеі 2020 году. На піку аўдыторыя самых папулярных каналаў перавышала два мільёны падпісчыкаў. Пасьля таго як папулярныя тэлеграм-каналы абвясьцілі экстрэмісцкімі і пачалі перасьледаваць за падпіску і рэпосты зь іх, падпісчыкаў паменела. Аднак да сёньня Тэлеграм застаецца адной з асноўных крыніц атрыманьня незалежнай інфармацыі.
Самы папулярны канал праўладнага СМІ ў беларускім сэгмэнце Тэлеграм мае агенцтва БелТА. З 34,4 тысячы падпісчыкаў яно займае толькі 47 месца ў рэйтынгу сярод усіх беларускіх тэлеграм-каналаў паводле сайта by.tgstat.com. Амаль удвая больш людзей чытаюць тэлеграм-каналы Свабоды і «Нашай Нівы». Канал былой каманды партала TUT.BY «Зеркало. Новости» мае больш за 430 тысяч падпісчыкаў — гэта трэцяе месца пасьля двух каналаў праекту NEXTA.
Але сытуацыя можа зьмяніцца ў бліжэйшы час. Як заўважыла Свабода, за некалькі тыдняў да пачатку вайны ва Ўкраіне ў Беларусі былі створаныя каля дзясятка новых інфармацыйных тэлеграм-каналаў, якія вельмі хутка набралі дзясяткі, а то і сотні тысяч падпісчыкаў.
Расказваем пра некаторыя зь іх.
Адна публікацыя ў дзень, дзясяткі тысяч падпісчыкаў
Тэлеграм-канал «Полымя» быў створаны 1 лютага 2021 году. Зараз яго аўдыторыя складае амаль 70 тысяч падпісчыкаў. Рэзкі рост падпісчыкаў пачаўся толькі пасьля 23 лютага — за дзень да пачатку вайны ва Ўкраіне, калі яго аўдыторыя раптам сягнула за 37 тысяч. Канал выдае адну публікацыю ў суткі. Як правіла, гэта перапосты чужых тэкстаў, скапіяваныя цалкам або зь невялікімі праўкамі.
Паведамленьне за 30 сакавіка пра тое, што «Беларуськалій» вымушаны перабудаваць лягістыку, напрыклад, амаль даслоўна скапіяванае з публікацыі выданьня «Белорусы и рынок». Навіны за іншыя дні паўтараюць тэксты публікацый з сайтаў ОНТ, БелТА і іншых беларускіх дзяржаўных СМІ. Канал не крытыкуе адкрыта дзеяньні беларускіх уладаў, толькі ў адным з апошніх пастоў быў ужыты тэрмін «вусаты». Пасьля 10 красавіка допісы на канале пачалі зьяўляцца менш рэгулярна.
Таксама 1 лютага быў створаны тэлеграм-канал «Писулька». Як і ў папярэднім выпадку, за дзень да пачатку вайны ва Ўкраіне ў яго адразу зьявілася больш як 35 тысяч новых падпісчыкаў, зараз іх ужо каля 58 тысяч. Пры гэтым з моманту пачатку баявых дзеяньняў у канале зьяўляецца ўсяго адна публікацыя на суткі. Як і ў канале «Полымя», гэта адкарэктаваныя тэксты іншых каналаў і СМІ. Напрыклад, паведамленьне ад 30 сакавіка пра арышты кіраўніцтва банку БелВЭБ скапіяванае з навіны партала «Зеркало» пра тую ж падзею. Паведамленьні за іншыя даты цалкам або часткова капіююць тэксты дзяржаўных СМІ.
З 13 красавіка «Писулька» абнавіла падыход да стварэньня публікацый, цяпер гэта простыя ілюстрацыі з фотакаляжам і кароткімі інфармацыйнымі паведамленьнямі. У допісах зьявілася крытыка беларускіх уладаў.
Тэлеграм-канал «Беларусь Галоўнае», як і два папярэднія, быў створаны 1 лютага 2021 году. Перад пачаткам вайны Расеі супраць Украіны аўдыторыя канала рэзка вырасла больш як да 100 тысяч падпісчыкаў. За першы месяц збройнага канфлікту — усяго на 10 тысяч. Цяпер яна складае каля 135 тысяч падпісчыкаў, гэта 11 радок у сьпісе тэлеграм-каналаў Беларусі па колькасьці падпісчыкаў.
Як і ў папярэдніх двух выпадках, ад самага пачатку вайны ў тэлеграм-канале «Беларусь Галоўнае» зьяўляецца ўсяго адзін допіс на суткі. У адрозьненьне ад «Полымя» і «Писулек», гэта не скапіяваны чужы тэкст, а кароткі агляд публікацый беларускіх дзяржаўных СМІ. Спасылаецца яго аўтар (альбо аўтары) як на беларускія дзяржаўныя каналы, так і на расейскія.
Акрамя трох згаданых, 1 лютага 2021 году былі створаныя і іншыя тэлеграм-каналы, якія, нягледзячы на нізкую актыўнасьць, на сёньня маюць ужо дзясяткі тысяч падпісчыкаў. Гэта канал «ОРБИТ» (65 тысяч падпісчыкаў), «Западные зайчики» (44 тысячы), «Падарожнік» (33 тысячы), «Белмемнадзор» (амаль 40 тысяч падпісчыкаў). Апошні адрозьніваецца тым, што на суткі публікуе не адзін пост, а пяць і актыўна карыстаецца кантэнтам тэлеграм-канала «Чай з малинавым варэннем».
Агулам аўдыторыя згаданых тэлеграм-каналаў, адначасова створаных каля 2 месяцаў таму, зараз складае больш за 400 тысяч падпісчыкаў. Адзін з самых папулярных тэлеграм-каналаў беларускіх дзяржаўных СМІ — канал ОНТ, напрыклад, за некалькі гадоў працы займеў толькі 23 тысячы падпісчыкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як дзяржпрапаганда даказала, што Польшча ня мае нічога супольнага зь беларускімі пратэстамі і тэлеграм-каналаміАдзін час публікацый пастоў, адсутнасьць камэнтароў і рэакцый
Дата стварэньня, колькасьць пастоў на дзень і рэзкі рост падпісчыкаў перад самым пачаткам вайны ва Ўкраіне — не адзіныя агульныя рысы згаданых тэлеграм-каналаў. Амаль усе пасты канала «Беларусь. Галоўнае» маюць агульную колькасьць праглядаў — каля 34 тысяч. Яны зробленыя, як правіла, увечары, у раёне 19–21 гадзіны. Канал «Пісулька» абнаўляецца або крыху раней, або ў гэты ж час. Там таксама амаль ідэнтычная колькасьць праглядаў пад кожным з пастоў — у раёне 14 тысяч. Амаль ідэнтычная сытуацыя з каналам «Полымя»: той жа час публікацыі пастоў, аднолькавая колькасьць «праглядаў» публікацый — каля 15 тысяч.
Ва ўсіх згаданых каналах адключана магчымасьць камэнтаваць, там няма рэакцыяў патэнцыйных чытачоў у выглядзе лайкаў і іншых пазнакаў. На іх публікацыі не спасылаюцца (індэкс цытаваньня. — РС) іншыя тэлеграм-каналы.
SMM-спэцыяліст, які аказвае паслугі прасоўваньня ў сацсетках і мэсэнджарах на камэрцыйнай аснове, у размове са Свабодай выказаў меркаваньне, што вялікая колькасьць падпісчыкаў у нядаўна створаных тэлеграм-каналах можа быць штучнай.
«„Накрутка“ колькасьці карыстальнікаў — даўно вядомы спосаб павялічыць прывабнасьць свайго акаўнта ў вачах патэнцыйных яго карыстальнікаў, кліентаў ці бізнэс-партнэраў, — расказаў суразмоўца. — Гэта было заўсёды, яшчэ да папулярнасьці Тэлеграма ў Беларусі. Набыць падпісчыкаў можна амаль паўсюль. Вядома, найбольш папулярны Instagram, а таксама YouTube. Там у асноўным камэрцыя адбываецца. У Тэлеграме можна набыць ня толькі падпісчыкаў, але нават і рэакцыі, „лайкі“ так званыя. Пытаньне толькі — навошта гэта рабіць. У выніку вы атрымаеце штучную аўдыторыю, мёртвую. Яна ў вас нічога ня будзе набываць, ня будзе праяўляць актыўнасьці. Ваш акаўнт ці канал можа трапіць у топ самых папулярных, атрымае вядомасьць. Але каб на яго прыйшлі рэальныя людзі, яго ўсё адно трэба будзе пастаянна напаўняць, працаваць над яго зьместам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Telegram выдаліў канал ГУБАЗіКу — яны стварылі новыРэзкае павелічэньне колькасьці падпісчыкаў у беларускіх праўладных тэлеграм-каналаў фіксуецца не ўпершыню. Такое ўжо некалькі разоў здаралася з ананімным тэлеграм-каналам «Пул Первого», аўдыторыя якога пэрыядычна апускаецца ніжэй 100 тысяч, пасьля чаго рэзка набірае папярэднюю колькасьць. Тое ж самае адбылося адразу пасьля выдаленьня адміністрацыяй «Тэлеграма» канала ГУБАЗіКа. Іх новы канал з адной публікацыяй меў больш за 10 тысяч падпісчыкаў.
«Весьці такія каналы можа нават адзін чалавек»
Па словах суразмоўцы Свабоды са сфэры SMM, набываць падпісчыкаў можа амаль кожны ўладальнік тэлеграм-канала. Такія паслугі аказваюць дзясяткі сайтаў, яны збольшага маюць расейскую рэгістрацыю. На іх жа можна пабачыць актуальныя расцэнкі. Набываць можна як «рускамоўных» ботаў, так і «карыстальнікаў» з замежных краін. Гандляры абяцаюць магчымасьць выбіраць хуткасьць зьяўленьня «падпісчыкаў», ад гэтага залежыць цана.
Можна таксама асобна набываць колькасьць «праглядаў» публікацый. Цэны моцна адрозьніваюцца ў залежнасьці ад колькасьці і хуткасьці патрэбных падпісак. 10 тысяч «карыстальнікаў» для аднаго канала могуць у сярэднім каштаваць каля 0,5 даляра за 100 падпісак на працягу 30 сутак. Агулам атрымліваецца каля 5000 даляраў за месячнае «ўтрыманьне» 10-тысячнай «аўдыторыі». 100 тысяч «падпісчыкаў» могуць каштаваць нават 50 тысяч даляраў на месяц. Пры гэтым на «раскрутку» тэлеграм-канала можна патраціць і значна менш сродкаў. Усё залежыць ад канкрэтных парамэтраў, якія патрэбныя замоўцу.
«Дакладных расцэнак у гэтым бізнэсе не існуе, — дадае суразмоўца. — Тут трэба ацэньваць вельмі шмат крытэраў, падыход індывідуальны. Да таго ж гэта не зусім легальная сфэра. Адбываецца свайго роду махлярства, хоць нідзе ў Крымінальным кодэксе і не пазначана, што „накруткі“ падпісчыкаў — гэта злачынства. Сярод SMM-спэцыялістаў амаль любы адразу зразумее, сапраўдная аўдыторыя ў канала ці не. Верагодна, адзіны плюс такіх „накрутак“ — гэта тое, што пра канал даведаюцца, калі ён трапіць у рэйтынгі. І падпісацца на суполку са 100 тысячамі карыстальнікаў псыхалягічна прасьцей, чым на тую, якую чытае толькі 100 чалавек».
Як расказаў у размове са Свабодай іншы SMM-спэцыяліст, у абавязкі якога ўваходзіць вядзеньне каналаў у Тэлеграме, справіцца з абнаўленьнем 7–8 каналаў, пры ўмове адной публікацыі на дзень і адсутнасьці патрэбы мадэраваць камэнтары і адказваць падпісчыкам, «можа нават адзін чалавек».
Свабода таксама накіравала запыт у адміністрацыю мэсэнджара «Тэлеграм» з просьбай патлумачыць мэханізмы такога хуткага росту тэлеграм-каналаў і пракамэнтаваць масавае зьяўленьне каналаў з аднолькавай дынамікай перад пачаткам вайны ва Ўкраіне. Адказу на працягу тыдня не было, мы апублікуем яго, як толькі ён будзе атрыманы.
Паводле прадстаўніка суполкі «Кібэрпартызаны», зь якім Свабода абмеркавала адначасовае зьяўленьне ў беларускім сэгмэнце некалькіх тэлеграм-каналаў і рэзкі рост колькасьці іх падпісчыкаў, гэтая зьява таксама можа мець выключна камэрцыйны характар.
«Выглядае, што нехта проста раскручвае каналы, каб потым іх прадаць, — патлумачылі Свабодзе ў ініцыятыве. — Такое адбывалася і раней, гэта пастаянна робяць. Гэта бізнэс».
22 сакавіка ініцыятыва былых сілавікоў ByPol апублікавала відэа, у якім сьцьвярджалася пра існаваньне беларускай «фабрыкі троляў», дзе працуюць кадравыя вайскоўцы. Паводле аўтараў роліка, «фабрыка» базуецца на аснове аднаго з падразьдзяленьняў Сіл спэцыяльных апэрацый Мінабароны РБ у Калодзішчах на базе 742-га палявога вузла сувязі. Паводле Bypol, у абавязкі супрацоўнікаў гэтай структуры ўваходзіць у тым ліку адміністраваньне і напаўненьне тэлеграм-каналаў. Іншыя крыніцы існаваньне беларускай «фабрыкі троляў», як і магчымасьць яе сувязі з тэлеграм-каналамі, якія пашыраюць кантэнт беларускіх дзяржаўных СМІ, не пацьвярджаюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Гомельшчыне за перадачу зьвестак пра перасоўваньне вайсковай тэхнікі завялі 7 крымінальных спраў