Пэнтагон: гібель крэйсэра «Масква» стала «вялікім ударам» для Ваенна-марскога флёту РФ

Крэйсэр «Москва» да выбуху і пажару

Раней Міністэрства абароны Расеі пацьвердзіла, што ракетны крэйсэр затануў у Чорным моры, назваўшы прычынай катастрофы пажар.

Затапленьне вайсковага карабля «Москва», якое адбылося ў чацьвер пасьля буйнога пажару на борце судна, стала «вялікім ударам» па ваенна-марской моцы Расеі ў Чорным моры, заявілі ў чацьвер у Пэнтагоне. Ракетны крэйсэр затануў у Чорным моры пасьля пашкоджаньня, якое прывяло да пажару. Крушэньне адбылося падчас правядзеньня «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» ва Ўкраіне, паведамілі ў чацьвер у Міністэрстве абароны РФ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства абароны Расеі: крэйсэр «Масква» затануў

Аднак улады Украіны заяўляюць, што судна пацярпела ад ракетнага абстрэлу з боку Узброеных сіл Украіны.

«Гэта вялікі ўдар па Чарнаморскім флёце, гэта... быў найважнейшы кампанэнт у рамках іхных спроб усталяваць свайго роду панаваньне ў Чорным моры, — сказаў у інтэрвію CNN афіцыйны прадстаўнік Пэнтагону Джон Кірбі. — Гэта паўплывае на іх здольнасьці».

Кірбі сказаў, што Злучаныя Штаты ня могуць пацьвердзіць дакладную прычыну гібелі карабля.

«Мы таксама ня ў стане зьняпраўдзіць вэрсію ўкраінскага боку, — дадаў ён. — Цалкам верагодна і магчыма, што яны сапраўды атакавалі яго ракетай „Нэптун“ ці, можа, чымсьці яшчэ».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ваяваў у Грузіі і Сырыі. Што вядома пра крэйсэр «Москва», пашкоджаны флягман расейскага Чарнаморскага флёту