Уладальнік шрыфту Times New Roman заблякаваў доступ да яго з Расеі

Амэрыканская кампанія Monotype, якая валодае правамі на самыя папулярныя сусьветныя шрыфты — Times New Roman, Arial, Verdana, Tahoma і Helvetica, закрыла доступ да свайго каталёга для карыстальнікаў з Расеі.

Аб гэтым пішуць «Ведомости» са спасылкай на крыніцы ў IT-кампаніях.

Выданьне зьвярнула ўвагу на тое, што цяпер пры спробе ўваходу на старонку з каталёгам шрыфтоў карыстальнік атрымлівае паведамленьне аб забароне доступу. Пры ўключэньні VPN каталёг робіцца даступным.

Юрысты, апытаныя выданьнем, лічаць, што закрыцьцё доступу да каталёгу шрыфтоў Monotype пакуль не азначае, што гэтыя шрыфты перастануць працаваць у Расеі. Аднак кампаніі, кнігавыдаўцы, вытворцы праграмнага забесьпячэньня ў агляднай будучыні могуць страціць магчымасьць выкарыстоўваць іх у сваіх прадуктах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн падпісаў два законапраекты, якія ўводзяць дадатковыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі

У 2014 годзе ў рамках заходніх санкцыяў, уведзеных у адказ на анэксію Крыму Расеяй і падтрымку сэпаратыстаў у Данбасе, кампанія Monotype адмовіліся даваць дазвол на выкарыстаньне сваіх шрыфтоў для некаторых расейскіх арганізацыяў, напрыклад тых, што распрацоўваюць праграмнае забесьпячэньне для Міністэрства абароны РФ.

Шрыфт Times New Roman — стандарт афіцыйнай дакумэнтацыі ў Расеі. Аднак у траўні 2016 году міністар сувязі Расеі Мікалай Нікіфараў запатрабаваў пазбавіцца ад замежных шрыфтоў пры падрыхтоўцы дакумэнтаў дзяржаўнымі органамі. «Колькі можна карыстацца шрыфтам Times New Roman. Усё гэта трэба вычышчаць», — заявіў тады міністар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Заходнія дыпляматы, прачніцеся!» Павал Латушка пра сьцяг у Бухэнвальдзе, гульні з Лукашэнкам і ўрад у выгнаньні