Свабода сабрала ключавыя факты, як Украіна і міжнародная супольнасьць расьсьледуюць ваенныя злачынствы Расеі.
У якіх фарматах расьсьледуюць злачынствы Расеі
Украіна зьвярнулася да міжнароднай супольнасьці па дапамогу ў фіксацыі і расьсьледаваньні злачынстваў расейскіх вайскоўцаў. Першай адгукнулася Францыя, якая прыслала сваіх экспэртаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіну прыбылі францускія жандары — дапамагчы расьсьледаваць ваенныя злачынствы РасеіУ межах агенцтва Эўразьвязу «Эўраюст» Польшча, Літва і Ўкраіна стварылі супольную сьледчую групу. Неўзабаве да яе далучацца адмыслоўцы Міжнароднага крымінальнага суду, экспэрты і сьледчыя якога ўжо наведалі Бучу, дзе праводзіцца эксгумацыя масавых пахаваньняў ахвяр расейскіх вайскоўцаў.
«Тут на кожным кроку жахлівыя доказы зьверстваў арміі Расеі на тэрыторыі Ўкраіны, і мы аб’ядноўваем намаганьні з офісам пракурора Міжнароднага крымінальнага суду, каб расьсьледаваць кожнае ваеннае злачынства на нашай зямлі», — заявіла генэральная пракурорка Ўкраіны Ірына Венядзіктава пасьля наведваньня Бучы.
Доказы зьбіраюць на месцах і онлайн
Асобна расьсьледаваньні вядуць і праваахоўныя органы Ўкраіны, каб асудзіць расейскія злачынствы і паводле нацыянальнага заканадаўства. Гэта будзе дадатковымі доказамі, якія цяпер зьбіраюць на месцах у пацярпелых населеных пунктах і онлайн.
Вядомая ўкраінская аплікацыя «Дія», створаная ў мірны час для аказаньня дзяржаўных адміністрацыйных паслуг, цяпер пашырае сваю дзейнасьць і ва ўмовах вайны. Цяпер у ёй працуе асобны чат-бот «єВорог», празь які грамадзяне могуць даслаць лічбавыя доказы злачынстваў, а таксама фатаздымкі і відэазапісы, паводле якіх можна ідэнтыфікаваць расейскіх вайскоўцаў, датычных да злачынстваў.
З ужо атрыманых ад грамадзян матэрыялаў удалося ідэнтыфікаваць першых пяць расейскіх салдатаў, датычных да злачынстваў у Бучы, Гастомелі і Ірпяні.
Найбольш злачынстваў на Кіеўшчыне
У Кіеўскай вобласьці пацьвердзілі ўжо 800 ахвяр злачынстваў, якія ўчынілі расейскія вайскоўцы цягам месяца акупацыі Бучы, Ворзеля, Гастомеля, Макарава, Барадзянкі і іншых паселішчаў рэгіёну.
«Ужо больш за 3 тысячы зарэгістравалі крымінальных злачынстваў супраць чалавечнасьці, учыненых акупантамі на тэрыторыі Кіеўшчыны. Гэта толькі ў трох раёнах — Бучанскім, Вышгарадзкім і Браварскім. Да цяперашняга часу мы знаходзім страшэнныя знаходкі, гэта пахаваныя і схаваныя целы людзей, якіх катавалі, гвалтавалі, расстрэльвалі і якіх забілі ў часе мінамётных або артылерыйскіх абстрэлаў», — паведаміў кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Кіеўскай вобласьці Андрэй Нябытаў 14 красавіка ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону.
Паводле яго, усе целы агледзелі сьледчыя і накіравалі на правядзеньне судова-мэдычнай экспэртызы для вызначэньня прычыны сьмерці.
У Міністэрстве ўнутраных спраў Украіны ўдакладнілі, што па фактах парушэньня законаў і звычаяў вайны (гэта артыкул Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, які адпавядае артыкулу міжнароднага гуманітарнага права. — РС) ужо зарэгістравалі амаль 6,5 тысячы крымінальных спраў.
Аналягічныя злачынствы фіксуюць таксама ў Чарнігаўскай і Сумскай абласьцях Ўкраіны. Усе доказы абяцаюць перадаць у Міжнародны крымінальны суд, Эўрапейскі суд правоў чалавека і ў суд Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэр Бучы пра эксгумацыю другой брацкай магілы ў горадзе: з 403 ахвяраў расейскай акупацыі ідэнтыфікавалі толькі трацінуВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.