Вядомы беларускі дырыжор Іван Касьцяхін больш не працуе ў Нацыянальным тэатры опэры і балету. Яму не працягнулі кантракт, які скончыўся яшчэ 1 красавіка 2022 году.
Іван Касьцяхін пацьвердзіў гэтую інфармацыю Zerkalo.io. Паводле яго слоў, за месяц да заканчэньня кантракту яго выклікаў намесьнік генэральнага дырэктара па бясьпецы, рэжыме і кадрах Алег Урбан. Па сьцьвярджэньні Касьцяхіна, у тэатральным асяродзьдзі кажуць, што Урбан да гэтага працаваў у адной зь сілавых структур. Намесьнік дырэктара паказаў дырыжору загад аб непрацягненьні кантракту.
«Пасьля гэтага я павінен быў працаваць яшчэ месяц, весьці шэсьць спэктакляў, у тым ліку на наступны дзень «Макбет», які ўжо быў адрэпэтаваны. Цягам 10 хвілін гэты чалавек у пагонах зьмяніў расклад і прыбраў мяне з усіх спэктакляў. Дарэчы, ніводзін чалавек з дырэкцыі мне ў гэтым так і не прызнаўся. Пасьля гэтага я ня стаў чакаць месяца і сышоў сам, — расказаў дырыжор.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ідэоляг вытрымаў паўгода. У Вялікага тэатру Беларусі новы кіраўнікІван Касьцяхін — вядомы беларускі дырыгент. Ён на выдатна скончыў Рэспубліканскі ліцэй пры Беларускай акадэміі музыкі і Беларускую акадэмію музыкі.
У 2000-м стаў ідэйным натхняльнікам стварэньня студэнцкага камэрнага аркестра Sonante. Будучы яго нязьменным кіраўніком і дырыгентам, на працягу некалькіх гадоў даў дзясяткі канцэртаў па Беларусі і за мяжой.
У 2002–2005 гадах быў галоўным дырыгентам Менскага дзяржаўнага духавога аркестра «Няміга». Правёў дзясяткі праграм, у асноўным — клясычнай накіраванасьці. Быў першым выканаўцам шэрагу твораў беларускіх кампазытараў.
З 2003 году працаваў дырыгентам Нацыянальнага тэатру опэры і балету Беларусі. Адначасова супрацоўнічаў з шэрагам іншых калектываў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі пакінулі яшчэ чатыры акторы, аднаго выслалі зь БеларусіГэтае звальненьне — ня першае. Пачынаючы з прэзыдэнцкіх выбараў з Опэрнага былі звольненыя дырыгенты Вячаслаў Воліч і Андрэй Галанаў, сьпявак Ільля Сільчукоў, канцэртмайстар Рэгіна Саркісава, скрыпачка Ала Джыган, альтыстка Аляксандра Пацеміна, канцэртмайстар Іван Цітоў. Тэатар не працягнуў кантракты народнаму артысту Ўладзімеру Пятрову, сьпявачкам Натальлі Акінінай, Кацярыне Галаўлёвай, Алене Сіняўскай, музыку Дар’і Шлык.
Многія салісты сышлі па ўласным жаданьні — у тым ліку дырыжор Дзьмітры Мацьвіенка, сьпевакі Павал Пятроў і Надзея Кучар, рэжысэры Дарʼя Пататурка і Алена Медзякова, танцоўшчыкі Такатошы Мачыяма, Ігар Аношка і іншыя.
Таксама вядома пра сыход і звальненьне іншых працаўнікоў тэатру. Агульны лік звольненых з тэатру опэры і балету ўжо ідзе на дзясяткі чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З Нацыянальнага опэрнага тэатру звольніўся яшчэ адзін ляўрэат міжнародных конкурсаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці зможа жонка Макея русыфікаваць ТЮГ? Што адбываецца са знакавым беларускім тэатрам