Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі пакінулі яшчэ чатыры акторы, аднаго выслалі зь Беларусі


Алена Баярава (зьлева) на прэм'еры спэктакля «Калека з вострава Інішман»
Алена Баярава (зьлева) на прэм'еры спэктакля «Калека з вострава Інішман»

5 красавіка з тэатру звольнілі акторку Алену Баяраву. Як стала вядома, апошнім часам РТБД давялося пакінуць як мінімум яшчэ траім акторам.

«Калегам, якія будуць іграць мае ролі, — посьпеху. А я — у чаканьні новых творчых прапановаў», — напісала ў Фэйсбуку Алена Баярава.

Алена Баярава адпрацавала ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі 22 гады. За сваю працу акторка ўзнагароджаная мэдалём Францыска Скарыны.

Заплянаваная на 14 красавіка пастаноўка «Ліфт» па п’есе Юліі Чарняўскай, дзе грала Алена Баярава, адмененая.

Як заўважыла Беларуская рада культуры, драматург Васіль Дранько-Майсюк паведаміў, што ў тэатры больш не працуюць яшчэ дзьве акторкі — Марына Здаранкова (з 15 сакавіка) і Марыя Пятровіч (з 5 красавіка).

Таксама з тэатру звольнілі актора Максіма Шышко. Як стала вядома, яго выслалі зь Беларусі і забаранілі ўезд у краіну тэрмінам на 10 гадоў, паведамляе Беларуская рада культуры. Максім — грамадзянін Украіны, нарадзіўся ў 1989 годзе ў Ратне Валынскай вобласьці. 27 лютага, калі ў Беларусі праходзіў рэфэрэндум на фоне антываенных акцый, ён быў затрыманы і асуджаны на 15 сутак. Гэта і стала нагодай для дэпартацыі.

Пэрсанальныя старонкі ўсіх чатырох актораў зьніклі з сайта тэатру, а імёны — з апісаньняў спэктакляў.

У сьнежні 2021 году з Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі быў звольнены мастацкі кіраўнік Аляксандар Гарцуеў.

Раней палітычныя звальненьні з рэпрэсіямі пракаціліся і па іншых установах культуры ўсёй Беларусі, з рэпэртуараў здымалі спэктаклі. Пацярпелі Горадзенскі абласны тэатар, Вялікі тэатар опэры і балету ў Менску, Коласаўскі тэатар у Віцебску, Беларуская дзяржаўная філярмонія, іншыя ўстановы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG