Пасол Нямеччыны ў Беларусі Манфрэд Гутэрэр 12 красавіка выйшаў да ўдзельнікаў праўладнага мітынгу, якія патрабавалі тлумачэньняў, чаму на афіцыйную акцыю памяці ахвяраў канцлягеру Бухэнвальд не запрасілі афіцыйнай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь і чаму прыбралі дзяржаўны чырвона-зялёны сьцяг.
Гутэрэр выказаў шкадаваньне за замену сьцяга, а таксама адзначыў, што арганізацыяй сустрэчы і запрашэньнямі займаліся не фэдэратыўныя ўлады, а недзяржаўная арганізацыя.
10 красавіка ў мэмарыяльным комплексе на месцы канцлягера Бухенвальд прайшла жалобная цырымонія, прымеркаваная да 77-й гадавіны вызваленьня лягера.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менск адрэагаваў на незапрашэньне дэлегацыі на цырымонію з нагоды гадавіны вызваленьня БухэнвальдуФонд «Мэмарыялы Бухенвальду і Мітэльбаў-Дора» сёлета адмовіўся запрашаць на мерапрыемствы беларускую і расейскую дэлегацыі з прычыны вайны ва Ўкраіне.
Замест гэтага Беларусь на цырымоніі прадстаўляў запрошаны фондам кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка. Дзяржаўны чырвона-зялёны сьцяг на сустрэчы замянілі на нацыянальны беларускі бел-чырвона-белы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь на цырымоніі ў Бухенвальдзе пад бел-чырвона-белым сьцягам прадставіў Павал Латушка