Нос «брыгады Касьцюшкі» расьце з ГУБАЗіКу? Пагаварылі зь імі і з тымі, хто ім ня верыць

Выява так званай брыгады Касьцюшкі і намесьнік начальніка ГУБАЗіК МУС Міхаіл Бедункевіч

Тыдзень таму ў Telegram зьявіўся канал «Брыгада Тадэвуша Касьцюшкі». Яго стваральнікі сьцьвярджаюць, што ваююць ва Ўкраіне «з оркамі», крытыкуюць іншыя беларускія фармаваньні і называюць сябе «сапраўднымі ваярамі».

Але многія інтэрнэт-карыстальнікі не далі веры, што брыгада рэальная. Крытыкі зьвяртаюць увагу, што відэазварот так званай брыгады прысьвечаны збольшага крытыцы іншых беларусаў, якія ўжо знаходзяцца ва Ўкраіне на баку тамтэйшых узброеных сілаў. Падазрэньне выклікае і форма, у якой выступілі героі відэа. Яна моцна нагадвае форму беларускіх сілавікоў.

«Наша ніва» апублікавала гісторыю спробаў запісацца ў брыгаду і канстатуе, што яе зьяўленьне можа быць правакацыяй беларускіх сілавікоў, каб выявіць актыўных прыхільнікаў пратэсту. Ахвочым уступіць у брыгаду прапаноўвалі спачатку нанесьці графіці «1794» (год пачатку паўстаньня Касьцюшкі супраць Расейскай імпэрыі. — РС) у публічным месцы і даслаць здымак з пазначэньнем геалякацыі.
Мы скантактаваліся праз Telegram зь людзьмі, якія называюць сябе ўдзельнікамі «брыгады Касьцюшкі» і задалі некалькі пытаньняў.

Што нам расказаў прадстаўнік тэлеграм-каналу «Брыгада Тадэвуша Касьцюшкі»

Асоба, якая адказвала Свабодзе, сьцьвярджае, што касьцяк брыгады складаюць людзі, якія маюць рэальны баявы досьвед. Ёсьць нібыта і тыя, хто служыў у вядомай замежнай вайсковай кампаніі. Пры гэтым не ўдакладняецца, у якой. Да вядомых можна аднесьці Францускі міжнародны легіён і ПВК «Вагнэр». Прадстаўнік тэлеграм-каналу расказаў, што ўсе ўдзельнікі брыгады беларусы, адзін мае пашпарт іншай краіны.

На пытаньне, дзе цяпер знаходзіцца атрад, Свабодзе адказалі:

«Перадавы атрад ужо знаходзіцца на тэрыторыі Ўкраіны і выконвае спэцыфічныя задачы. Пакуль без падрабязнасьцяў, празь некалькі дзён пасьля выкананьня пастаўленай задачы будуць падрабязнасьці».

Наконт беларускага батальёну імя Каліноўскага, які дзейнічае ва Ўкраіне, нам адказалі, што стаўленьне да яго «па большай частцы скептычнае, там ёсьць добры касьцяк, але функцыя ў батальёну хутчэй інфармацыйная». Яшчэ ў больш крытычным ключы нам адказалі пра анансаваны Вадзімам Пракоп’евым полк «Пагоня». Яго абвінавацілі ў піяры «на моднай тэме».

«Пасьля вайны мы будзем задаваць пытаньне адзін аднаму, а пакуль трэба сканцэнтравацца на перамозе ў вайне», — адказалі Свабодзе.

На відэа ў Telegram людзі ў вайсковай форме трымаюць зброю. Чалавек, які пісаў ад імя «брыгады Касьцюшкі», заявіў, што зброю яны атрымалі не ад Узброеных сілаў Украіны, амаль усё нібыта набывалася на ўласныя і адпраўленыя сродкі.

«Зьявілася і трафэйная зброя. У сапраўдны момант стаіць пытаньне ў экіпіроўцы для новых добраахвотнікаў», — гэта фрагмэнт адказу пра зброю, з захаваньнем правапісу. Увагу зьвяртае выкарыстаньне выразу «ў сапраўдны момант», так Google Translate перакладае з расейскай мовы «в настоящий момент», але гэта папраўдзе не па-беларуску. Такі выраз можа сьведчыць пра тое, што адказы на пытаньні Свабоды пісаліся па-расейску і пасьля перакладаліся праз Google.

Калі мы папрасілі пацьвердзіць рэальнасьць удзельнікаў брыгады чымсьці іншым, як толькі відэа ў масках, нам адказалі, што «на любой вайне аб рэальнай баявой працы становіцца вядома па яе заканчэньні» і спаслаліся на вельмі вузкае кола асоб, якія «ведаюць аб нашай баявой працы ва Ўкраіне» і дадалі, што «пасьля перамогі большасьць вернецца вызваляць народ Расеі і Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У вайне пераможа той, хто захавае ў сабе чалавека». Як сьвятар-блогер зь Беларусі дапамагаў украінскім уцекачам

На пытаньне, якія публічныя асобы могуць пацьвердзіць сапраўднасьць брыгады, Свабодзе адказалі:

«Усе публічныя людзі так ці інакш працуюць з апазыцыяй. Мы ўдзельнічаем у выкананьні рэальных баявых задач. Як мы і пісалі раней, пасьля перамогі аб канкрэтнай баявой працы брыгады будзе расказана прадстаўнікамі Ўкраіны, калі гэта будзе бясьпечна».

Усе іншыя беларускія фармаваньні ва Ўкраіне ня маюць праблем, каб дзейнічаць публічна, бо менавіта дзякуючы публічнасьці яны набіраюць новых прадстаўнікоў. Частка байцоў на відэа ці фатаздымках можа быць у масках, але ёсьць людзі, якія выступаюць адкрыта, што таксама пацьвярджае рэальнасьць фармаваньняў. Больш за тое, іх рэальнасьць пацьвярджаюць і самі Ўзброеныя сілы Ўкраіны. У выпадку з «брыгадай Касьцюшкі» нам не ўдалося атрымаць адказу, дзе ва Ўкраіне знаходзяцца яе прадстаўнікі. Адпаведна, немагчыма пацьвердзіць рэальнасьць брыгады праз запыт у Міністэрства абароны Ўкраіны.

Мабілізацыйны цэнтар у Варшаве: «Мы іх ня ведаем»

Яшчэ адно пытаньне тычылася адносін «брыгады Касьцюшкі» з мабілізацыйным цэнтрам у Варшаве, якія супрацоўнічае з Узброенымі сіламі Ўкраіны і адпраўляе ва Ўкраіну добраахвотнікаў.

«Ініцыятыва добрая, але кантакт зь імі не падтрымліваем. У нас розныя задачы і куратары ва Ўкраіне», — напісалі Свабодзе.

Мы скантактаваліся з мабілізацыйным цэнтрам у Варшаве і папрасілі яго кіраўніка Паўла Кухту пракамэнтаваць зьяўленьне «брыгады Касьцюшкі».

«Я толькі аднойчы бачыў іхны пост у Telegram і больш нічога пра іх ня чуў. Мы іх ня ведаем. Нічога ані добрага, ані кепскага я сказаць пра іх не магу, бо проста ня ведаю, што гэта ўвогуле такое. Да нас адтуль ніхто не зьвяртаўся. Трапіць ва Ўкраіну ў абыход нашага мабілізацыйнага цэнтру, які супрацоўнічае з уладамі Ўкраіны, вельмі складана. Я б нават сказаў, што амаль немагчыма», — сказаў Павал Кухта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нашы хлопцы гатовыя кроўю адкупіць тую няславу, якая цяпер ліецца на беларусаў». Як беларускія добраахвотнікі едуць ва Ўкраіну

Ці нос «брыгады Касьцюшкі» расьце з ГУБАЗіКу?

Мы спыталі байца батальёну імя Каліноўскага Паўла Кулажанку, што ён думае пра «брыгаду Касьцюшкі». Беларускі добраахвотнік, які трапіў ва Ўкраіну праз згаданы ўжо мабілізацыйны цэнтар у Варшаве і ваюе там у складзе Ўзброеных сілаў Украіны, адказаў коратка: «Прытрымліваюся такой жа думкі» і прыслаў нам некалькі ілюстрацый.

Міхаіл Бедункевіч і невядомы ў масцы з так званай «брыгады Касьцюшкі». Выява: ТГ-канал «Буслы ляцяць»

На іх відаць герой відэа «брыгады Касьцюшкі» ў масцы і капелюшы, і параўнаньне ягонага носа і вуснаў з рысамі твару намесьніка начальніка ГУБАЗіК МУС Міхаіла Бедункевіча. Іхнае падабенства няхай чытач ацэніць сам. Арыгінальная выява зьявілася ў чаце «Буслы ляцяць» з подпісам «Адкуль расьце нос».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта будзе армія, якая пазьней вызваліць Беларусь». Былы беларускі АМАПавец стаў добраахвотнікам ва Ўкраіне

ByPol: «Гэта не Бедункевіч»

У ByPol на просьбу пракамэнтаваць зьяўленьне тэлеграм-каналу «брыгады Касьцюшкі» прадстаўнік ініцыятывы былых беларускіх сілавікоў Аляксандар Азараў заявіў, што гэта «падобна на працу спэцслужбаў». Але разам з тым ён паставіў пад сумнеў падабенства чалавека ў масцы і Бендукевіча, зь якім знаёмы з 2004 году.

Аляксандар Азараў

«Бедункевіч палкоўнік і такім займацца ня будзе, ён не артыст. Ён толькі загады аддае, сам такога рабіць ня будзе. Ён падначаленых мае дастаткова для такой працы. Нават сьмешна думаць, што гэта можа быць ён. Такое немагчыма ўявіць», — сказаў Свабодзе Азараў.

Аналіз ачышчанага голасу зь відэа таксама пераканаў Азарава, што чалавек у масцы — гэта не Бедункевіч.

«Супрацьдзейнічаць такім рэчам павінны скаардынаваныя дзеяньні добраахвотнікаў»

Беларус Кірыл Якімовіч з Прагі другі месяц займаецца дапамогай розным беларускім добраахвотнікам ва Ўкраіне. Ён кажа, што абмяркоўваў зьяўленьне навіны пра «брыгаду Касьцюшкі» з многімі добраахвотнікамі і людзьмі, якія

Кірыл Якімовіч

ім дапамагаюць.

«Усім здаецца, што гэта варыянт ГУБАЗіКу, нават ніякага КДБ. ГУБАЗіКаўскі, бо тупы, гэта проста правакацыя. Гэта відаць па рыторыцы. Было проста сьмешна, як яны называюць Пракоп’ева — рэстаратар і мáча. Менавіта так ГУБАЗіК яго і называе. Супрацьдзейнічаць такім рэчам павінны акурат скаардынаваныя дзеяньні добраахвотнікаў, вайскоўцаў, да якіх давер цяпер самы вялікі. Калі б сапраўды батальён імя Каліноўскага, полк „Пагоня“ і іншыя групы добраахвотнікаў выступілі з сумеснай заявай, то гэта вельмі дапамагло б у зьняпраўджваньні такіх правакацыйных рэчаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нават самалійскія піраты лепш экіпаваныя». Як беларусы Чэхіі зьбіраюць рыштунак для беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне