Пра магчымасьць цалкам спыніць грузавыя аўтамабільныя перавозкі церазь мяжу Беларусі з краінамі Эўразьвязу пачалі гаварыць неўзабаве пасьля першых пратэстаў на памежных пераходах. Праўкраінскія актывісты спачатку стыхійна блякавалі рух фураў на польска-беларускай мяжы, пасьля пачалі рабіць гэта арганізавана і з дазволу польскіх уладаў.
7 красавіка стала вядома, што Эўразьвяз прыняў рашэньне ўвесьці санкцыі ў дачыненьні да беларускіх і расейскіх перавозчыкаў. Вазіць на тэрыторыю Эўразьвязу яны зараз змогуць толькі абмежаваны сьпіс тавараў. Усе грузавікі зь беларускімі і расейскімі нумарамі павінны выехаць за межы ЭЗ да 16 красавіка. Супрацоўнік беларускай лягістычнай кампаніі ў размове са Свабодай расказаў, што гэта можа значыць для адной з самых фінансава пасьпяховых галін беларускай эканомікі.
«Палякі пачалі надглядаць нават пустыя фуры»
«Самае галоўнае, што яшчэ ніхто нічога не разумее, – гаворыць суразмоўца. – Пішуць пра выключэньні. Маўляў, сельскагаспадарчых вырабаў гэта ня будзе датычыць, лекаў, нейкіх гуманітарных грузаў. Гэта нібыта можна будзе вазіць. Але якім чынам? Як гэта рабіць на беларускіх і расейскіх нумарах цяпер? Напрыклад, мы возім з Аўстрыі ў Расею вэтэрынарныя дабаўкі. Возім ужо шмат гадоў. Вазілі іх у асноўным беларускія і расейскія машыны. Здаецца, гэты груз трапляе пад выключэньне – прадукцыя для сельскай гаспадаркі. Але як машыне трапіць на тэрыторыю ЭЗ, каб гэтыя дабаўкі забраць? Машыны ж пустыя ня езьдзяць па тавар, яны нешта таксама туды вязуць. Вось у нас зараз едуць некалькі машын. Выпусьціць з тэрыторыі ЭЗ іх павінны. А як новую партыю забраць? Гэта нешта трэба дазволенае загрузіць, адвезьці такі груз у ЭЗ і пасьля загрузіцца нашым грузам? Квэст. І квэст цяжкі».
Па словах суразмоўцы, палякі ўжо перасталі пускаць у краіну фуры зь беларускімі нумарамі, якія грузіліся 7-8 красавіка ў Беларусі ці Расеі. У адным з выпадкаў не даюць праехаць грузавіку, наладаванаму цяпліцамі. Гэты тавар нібыта падпадае пад выключэньні, зробленыя для прадукцыі сельскагаспадарчай галіны. Але на практыцы нельга правезьці нават яго. Ні ў памежнікаў, ні ў мытнікаў, ні ў транспартнікаў няма яснага разуменьня, што цяпер можна вазіць, а што нельга. Суразмоўца таксама кажа, што вялікія праблемы ў лягістаў і перавозчыкаў пачаліся яшчэ да ўвядзеньня забароны на перасячэньне мяжы беларускімі і расейскімі фурамі.
«Пасьля пачатку вайны, пасьля пачатку пратэстаў на памежных пераходах палякі пачалі надглядаць нават пустыя фуры, якія хацелі выехаць з Эўропы, – кажа суразмоўца. – І працавалі вельмі марудна. Некалькі машын за зьмену – і ўсё. У нас машына 20 дзён стаяла, якая везла саджанцы. Гэта рэфрыжэратар з пастаяннай тэмпэратурай. Гэта шалёныя грошы за перавозку. Многія эўрапейскія кампаніі пачалі адмаўляцца аддаваць свой тавар беларускім перавозчыкам праз гэта. Банкі ў дадатак увялі забарону на правядзеньне транзакцый. Дайшло да таго, што людзі былі гатовыя плаціць гатоўкай. І яшчэ прынцыповыя адмовы ад эўрапейцаў пайшлі. Маўляў, мы расейцам прадаваць нічога ня будзем, таму што вайна. Для транспартных і лягістычных кампаній надышоў сапраўдны Апакаліпсіс».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз блякаваньне мяжы на пераходзе «Кукурыкі» ў Беларусь заехала 14 фур з 1200 магчымыхАб’ём экспарту транспартных паслуг да вайны быў большы, чым у сфэры ІТ
Лягістычная галіна – адна з самых пасьпяховых у беларускай эканоміцы. У 2021 годзе экспарт транспартных паслуг зь Беларусі дазволіў зарабіць 4,3 мільярда даляраў, большую частку якога склалі транспартныя паслугі для краін ЭЗ. Гэта амаль палова ад усяго экспарту беларускіх паслуг (https://mfa.gov.by/trade/). Перавозкі аўтамабільным транспартам прынесьлі беларускім дзяржаўным і прыватным кампаніям больш за 1,7 мільярда даляраў.
«Экспарт транспартных паслуг раней складаў каля 7% ВУП, – камэнтаваў Свабодзе сытуацыю эканаміст Леў Львоўскі (https://www.svaboda.org/a/31787439.html). – Для гэтага нічога ня трэба было рабіць. Кітай плаціў за тое, што пастаўляе грузы ў Эўропу, а Эўропа плаціла за тое, што нешта адпраўляе ў Расею. Закрыцьцё межаў ударыць па транспартнай індустрыі, якая і так ужо пад ударам».
Нават у ІТ-галіне беларускія кампаніі зарабляюць менш, хоць там дынаміка разьвіцьця да пачатку 2022 году была большай.
Пра страты ад забароны працы беларускіх перавозчыкаў на тэрыторыі Эўразьвязу гавораць і ўнутры ЭЗ, аднак там яны могуць быць значна менш прыкметнымі. Па словах кіраўніка Міністэрства транспарту Літвы Марыюса Скуодзіса, зь Беларусьсю працуе каля 20% ад агульнай колькасьці літоўскіх перавозчыкаў. Страты літоўскага бюджэту ў выпадку забароны для літоўцаў езьдзіць у Беларусь і Расею складуць каля 70 мільёнаў эўра на год. Для параўнаньня – страты бюджэту Літвы ад адмовы транзыту прадукцыі «Беларуськалію» па тэрыторыі краіны склалі каля 300 мільёнаў эўра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускія ўлады выдаюць жаданае за сапраўднае». Расейскі экспэрт пра магчымы транзыт калію не зь Літвы, а з РасеіДля «шэрых» схем патрэбны добрыя «знаёмствы»
«Расейцы пачалі «муціць» у Казахстане і Ўзбэкістане шэрыя схемы, – расказвае Свабодзе супрацоўнік беларускай лягістычнай кампаніі. – Адкрываюць там свае фірмы, якія купляюць штосьці ў Эўразьвязе нібы для Казахстану. Мы такім не займаемся, але «Белмытсэрвіс» (буйны дзяржаўны лягістычны апэратар. – РС), напрыклад, можа ўдзельнічаць. Там усё, як зь «беларускімі» ананасамі і крэвэткамі. Груз едзе для казахстанскай кампаніі. Але калі ён прыяжджае на, скажам, «Брузгі», то пераафармляецца для расейскай кампаніі і ў Казахстан не трапляе. Для такой схемы трэба мець вельмі моцныя знаёмствы – і ў «Белмытсэрвісе», і ў Казахстане. Праз Узбэкістан тое самае робяць».
Па словах суразмоўцы, перавозчыкі і лягісты спрабуюць шукаць іншыя шляхі для перавозак тавараў, аднак пакуль гэта сутыкаецца з мноствам праблем і што далей рабіць, мала хто разумее. Цяпер немагчыма выкарыстоўваць марскі шлях, бо з расейцамі і беларусамі масава адмаўляюцца працаваць парты. Наземны шлях праз Грузію таксама ня лепшы варыянт – фура з таварам там на мытні можа прастаяць нават месяц.
«Гэта вялікі каляпс. У выніку цэны на перавозкі стануць проста касьмічнымі. Столькі машын на эўрапейскіх нумарах, колькі зараз спатрэбіцца для перавозак у Беларусь і Расею, проста не існуе, – кажа суразмоўца. – Пры гэтым многія польскія фірмы, якія раней яшчэ вазілі тавары ў Расею і Беларусь, цяпер перайшлі на перавозкі ўнутры Эўразьвязу. Некаторыя беларускія перавозчыкі маюць машыны на літоўскіх альбо польскіх нумарах. Але іх мала – прыкладна адна зь дзесяці. Іншыя працуюць толькі зь беларускімі машынамі».
Да ўсяго гэтага дадаюцца праблемы з аплатай паслуг. Суразмоўца Свабоды гаворыць, што ў даваенныя часы разьлічыцца з партнэрамі ў Эўразьвязе можна было за тры банкаўскія дні. Цяпер грашовыя пераводы ідуць нават два тыдні. У дадатак самі эўрапейскія кампаніі адмаўляюцца атрымліваць грошы ад беларускіх і расейскіх фірмаў, просяць рабіць пераводы з Эўразьвязу.
«Як гэта рабіць, везьці валізкі з гатоўкай за мяжу? – пытаецца суразмоўца. – Я ня ведаю, як знайсьці выйсьце. І што далей будзе, таксама ня ведаю. Выжывуць толькі буйныя перавозчыкі і лягістычныя кампаніі, якія змогуць пераарыентавацца на Расею. Вытрымаюць, прынамсі, нейкі час. Кітай яшчэ застаецца, хоць адтуль ужо амаль няма варыянтаў выехаць ці выплыць. Мора яшчэ застаецца, Уладзівасток. З малых кампаній выжывуць толькі тыя, хто меў нейкія іншыя напрамкі, акрамя эўрапейскіх».
У дадатак, кажа суразмоўца, беларускія лягістычныя кампаніі цяпер чакаюць дзеяньняў у адказ на новыя санкцыі Эўразьвязу ад беларускіх уладаў. Якімі яны будуць, можна толькі здагадвацца.
Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.