Падрабязнасьці пра ўмовы, у якіх падчас свайго зьняволеньня знаходзіўся вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анджэй Пачобут, расказаў выданьню яго былы сукамэрнік.
З 14 красавіка па 17 мая 2021 году Пачобут знаходзіўся ў менскім СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў ізалятары, дзе праводзяць апошнія дні асуджаныя на сьмяротнае пакараньне.
«Гэта так званы „калідор сьмерці“, за сьцяной у суседняй камэры знаходзіўся асуджаны на расстрэл», — кажа суразмоўца выданьня.
Трымаючы Пачобута ў такім месцы, рэжым, пэўна, хацеў прымусіць яго пакінуць краіну, піша выданьне. Журналіст неаднаразова адхіляў прапанову аб вызваленьні ў абмен на просьбу аб памілаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анжаліку Борыс зьмясьцілі пад хатні арышт. Прашэньня аб памілаваньні яна не пісалаДагэтуль было вядома толькі, што прадстаўнікоў польскай меншасьці ў Беларусі абвінавачвалі ў «распальваньні нянавісьці» і «рэабілітацыі нацызму», за што ім пагражае ад 5 да 12 гадоў турмы. Сярод іншых абвінавачваньняў улады Беларусі маюць прэтэнзіі да інтэрвію, якія Пачобут даў польскім СМІ, і чатырох яго артыкулаў, якія ён апублікаваў у Gazeta Wyborcza. Пра якія дакладна інтэрвію і артыкулы ідзе размова, невядома.
Жонка Андрэя Пачобута Аксана паведамляе, што месяц не атрымлівала лістоў ад мужа, але апошнім часам перапіска аднавілася.
«Андрэй вельмі рады, што, акрамя яго, ніхто з актывістаў Саюзу палякаў Беларусі больш не знаходзіцца за кратамі, што ён будзе адчуваць сябе спакойна ў гэтай сытуацыі. Піша, што не мяняе сваіх поглядаў і ня будзе прасіць аб памілаваньні. Ён таксама напісаў, што, «нягледзячы на непагадзь на вуліцы, я застаюся ў баявым настроі».
Перадае прывітаньні ўсім, хто перажывае за ягоны лёс. Прасіў не хвалявацца, бо ён невінаваты і ні ў якім разе не парушаў закону, — кажа Аксана Пачобут.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей заявіў, што Борыс і Пачобута хацелі вызваліць. І патлумачыў, чаму гэтага не адбылосяАндрэй Пачобут мяркуе, што да верасьня «польскую справу» перададуць у суд. Яго арышт падоўжаны да 25 траўня.
Па інфармацыі Rzeczpospolita, улады Беларусі праводзяць «экспэртызу» дзейнасьці Саюза і хочуць абвінаваціць найбуйнейшую польскую арганізацыю ў краіне ў «парушэньні тэрытарыяльнай цэласнасьці Беларусі». Напэўна, размова ідзе пра арт. 361 Крымінальнага кодэксу Беларусі, дзе згадваюцца заклікі да дзеяньняў «супраць вонкавай бясьпекі Беларусі, яе сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці, нацыянальнай бясьпекі і абараназдольнасьці». За гэта прадугледжваецца пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін да 6 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзяцей пазбавяць шанцу атрымаць эўрапейскую адукацыю», — Пісальнік пра русыфікацыю польскіх школ у Беларусі