Нямеччына пачала ўмацаваньне сваіх бамбасховішчаў на выпадак вайны

Нямеччына пачала працаваць над умацаваньнем сваіх бамбасховішчаў, а таксама над стварэньнем запасаў на выпадак вайны, паведаміла 9 красавіка газэце Welt am Sonntag міністарка ўнутраных спраў краіны Нэнсі Фэзэр, піша агенцтва Reuters.

Нэнсі Фэзэр паведаміла газэце, што ўрад разглядае магчымасьць мадэрнізацыі сваіх сыстэм грамадзкіх сховішчаў і павелічэньня выдаткаў на грамадзянскую абарону.

«Цяпер у Нямеччыне налічваецца 599 грамадзкіх сховішчаў. Мы праверым, ці зможам мы мадэрнізаваць больш такіх сыстэм. У любым выпадку, дэмантаж спынены», — сказала міністарка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія войскі абстрэльваюць Харкаў; канцлер Аўстрыі і прэм'ер Брытаніі ў Кіеве. 45-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Паводле яе, Нямеччына цяпер працуе над новымі канцэпцыямі ўмацаваньня падземных парковак, станцый мэтро і сутарэньняў, каб яны маглі стаць сховішчамі, дадаўшы, што ўрад выдзеліў фэдэральным землям 88 мільёнаў эўра на ўсталяваньне новых сырэн.

Міністарка ўнутраных спраў дадала таксама, што краіна створыць крызісныя запасы, уключаючы мэдыцынскае абсталяваньне, ахоўнае адзеньне, маскі або лекі.

Вядома таксама, што ўрад Нямеччыны разглядае магчымасьць набыцьця сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Ізраіля або Злучаных Штатаў, у тым ліку для абароны пагрозаў з боку Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз узгадніў пяты пакет санкцый супраць Расеі