Блогерку Дар’ю Ціханаву асудзілі на 2,5 гады калёніі
Суд Ленінскага раёну Менску асудзіў блогерку Дар’ю Ціханаву (Афанасьеву) на два з паловай гады калёніі за «актыўны ўдзел» у пасьлявыбарчых акцыях пратэсту ў жніўні 2020 году ў Менску, паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Як даведаліся праваабаронцы, прысуд быў агучаны 5 красавіка. Доказамі «вінаватасьці» ў справе Дар’і Ціханавай былі яе фатаздымкі на мірных маршах. Пракурор патрабаваў для яе тры гады зьняволеньня. Актывістку ўтрымліваюць у СІЗА-1 на Валадарскага.
Дар’я Ціханава — актывістка і фемблогерка, вядомая як «Дафна». У сваім Instagram дзяўчына распавядала пра сэксізм і фэмінізм. У яе было каля 10 тысячаў падпісантаў (цяпер яе акаўнт выдалены). Да затрыманьня Дар’я працавала мэнэджаркай у разьвіцьці пэрсаналу.
Яе затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК 28 сьнежня, да суда трымалі пад вартай цягам трох месяцаў.
Гомельскай актывістцы Юліі Ганісеўскай далі штраф і вызвалілі
Яе муж сказаў праваабаронцам, што сілавікі «нічога не даказалі», а дзяўчыне далі штраф у 15 базавых велічынь (480 рублёў) «за падпіску на тэлеграм-каналы» і адпусьцілі яшчэ ўчора ўвечары, паведамляе «Гомельская вясна».
Вядомую актывістку Юлію Ганісеўскую ў Гомлі 6 красавіка затрымаў ГУБАЗіК. На telegram-канале, зьвязаным зь беларускімі сілавікамі, зьявілася відэа зь ёй. «За што вас сюды даставілі?», — пытаецца міліцыянт. «За шкірку», — адказвае Юлія і сьмяецца. Сілавікі сьцьвярджалі, што Юлію затрымалі за «судзеяньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (артыкул 361-1 Крымінальнага кодэксу). Апошнім часам Ганісеўская ўдзельнічала ў зборы дапамогі для ўкраінскіх уцекачоў, якія трапілі ў Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За што вас сюды даставілі?» — «За шкірку». Што вядома пра гомельскую актывістку, якая сьмяецца на відэа ГУБАЗіКуУ Беларусі прызналі экстрэмісцкімі «Дажынкі»
Рашэньне аб прызнаньні экстрэмісцкімі інфармацыйнай прадукцыі тэлеграм-каналу з такой назвай вынес Цэнтральны суд Менску 30 сакавіка. Адначасова з тэлеграм-каналам прызнаны экстрэмісцкім і акаўнт у сацыяльнай сетцы Інстаграм з назвай «dazhynki». Абодва рэсурсы ўжо папоўнілі Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 7 красавіка: аўтару артыкулаў у Вікіпэдыі прысудзілі 2 гады калёніі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 6 красавіка: затрыманьні за пратэсты ў 2020-м і рэгістрацыю ў пляне «Перамога»