Свабода ўжо паведамляла пра гібель двух афіцэраў КДБ на Гомельшчыне.
Новыя падрабязнасьці падае «Наша Ніва». Паводле выданьня, два афіцэры ўпраўленьня КДБ па Гомельскай вобласьці загінулі, падарваўшыся на супрацьтанкавай міне. Міна засталася каля лягера, разьбітага расейскімі войскамі каля ўкраінскай мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наехалі на міну ў зоне адсяленьня, аднаго проста разарвала на кавалкі». У Мазыры пахавалі супрацоўніка КДБПаводле інфармацыі «НН», адзін з загінулых — гэта 35-гадовы падпалкоўнік КДБ Андрэй Равуцкі.
«Расейскае фармаваньне разьбіла лягер у лесе ў Гомельскай вобласьці, у раёне Палескага экалягічнага запаведніка, — расказала „НН“ абазнаная крыніца. — Усё рабілі па ваеннай навуцы: акапаліся, замінавалі падыходы зь некалькіх бакоў, сталі лягерам. Яны ня ведалі, дзе яны знаходзяцца. Маглі думаць, што ва Ўкраіне. Празь нейкі час атрымалі загад рухацца на поўдзень. Кінулі пазыцыі, нават забылі некалькі скрынак з боепрыпасамі», — кажа крыніца.
«На сьляды лягера наткнуўся лясьнік пры абходзе, заўважыў скрынкі з боепрыпасамі і паведаміў „куды трэба“», — расказала крыніца «НН».
У выніку лесьнікі павезьлі двух афіцэраў Гомельскага ўпраўленьня КДБ паказваць месца знаходкі, і тыя падарваліся, імаверна, наехаўшы на супрацьтанкавую міну, якую расейцы пакінулі на пад’езьдзе да лягера.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Далейшая падтрымка расейскай агрэсіі ня мае для Менску ніякай палітычнай пэрспэктывы, — палітоляг Царык