Польскае выданьне Rzeczpospolita паведаміла, што ў школе № 36 у Горадні, дзе каля 620 дзяцей вучылася па-польску, правялі бацькоўскія сходы. На іх кіраўніцтва паведаміла, што ад наступнага навучальнага году выкладаньне на польскай мове будзе немагчымае.
Кіраўніцтва школы спаслалася на абноўлены закон аб навучаньні, паводле якога выкладаць могуць толькі на адной зь дзяржаўных моваў у Беларусі. Паводле зьвестак выданьня, навучаньне будзе праходзіць на расейскай мове.
Вывучаць польскую мову і літаратуру цяпер дзеці змогуць толькі як асобны прадмет раз на тыдзень.
Rzeczpospolita адзначыла, што падобная бацькоўская сустрэча ў хуткім часе павінна адбыцца ў польскай школе ў Ваўкавыску, дзе навучаецца каля 250 вучняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Rzeczpospolita: Польскія школы ў Беларусі пераводзяць на расейскую мову«Расея разумее, што наступным крокам будзе „дэнацыфікацыя“ Беларусі»
Інфармацыю пра русыфікацыю польскіх школ у Горадні і Ваўкавыску Свабодзе, са спасылкай на свае крыніцы, пацьвердзіў і галоўны рэдактар парталу znadniemna.pl і шматгадовы актывіст Саюзу палякаў Беларусі Анджэй Пісальнік.
«Так здарылася, што Беларусь сталася хаўрусьнікам Расеі ў гэтай вайне супраць Украіны. І Беларусь знаходзіцца фактычна пад расейскай акупацыяй. Тое, што адбываюцца гэта дзеяньні, якія ад беларускага кіраўніцтва вымусіла кіраўніцтва акупанта, а менавіта ўлады Расеі, — кажа Анджэй Пісальнік. — Вось дэнацыфікуюць Украіну. І Крэмль разумее, што наступным крокам будзе дэнацыфікацыя Беларусі, у сэнсе дэбеларусізацыі і напэўна дэпалянізацыі. І калі РФ пачне шукаць чарговыя ахвяры сваёй інвазіі, якую яна ўжо пачала супраць Украіны, то імі напэўна стануцца Беларусь і Польшча».
Анджэй Пісальнік кажа, што русыфікацыя польскіх школ у Беларусі ў выніку шматгадовага перасьледу польскай меншасьці ў Беларусі была прадказальнаю.
«Калі мяняўся праект адукацыйнага заканадаўства ў Беларусі, нават перад тым, як ён стаў у выглядзе закону, галоўнае праўленьне Саюзу Палякаў на Беларусі прымала заявы, у якіх мы выказвалі свой непакой. Мы прадказвалі, што такое разьвіцьцё падзеяў можа здарыцца. Так і адбылося, таму нас гэта не зьдзівіла. На жаль, пацьвердзілася, што мы не памыляліся ў сваіх прагнозах аб будучай русыфікацыі польскіх школаў, якая будзе наступаць у кантэксьце агульнай ужо шматгадовай русыфікацыі Беларусі».
«Польскіх дзяцей зь Беларусі пазбавяць шанцу атрымаць дыплём польскай ВНУ»
Пра пэрспэктывы для вучняў польскіх школ у Беларусі ў цяперашніх умовах няспынных рэпрэсій Пісальнік кажа наступнае:
«Я спадзяюся, што дзецям, якія заканчваюць школу ў гэтым годзе, яшчэ дазволяць здаць іспыты на польскай мове і атрымаць пасьведчаньне аб заканчэньні польскамоўнай школы. Дзякуючы гэтаму яны будуць мець шанец, каб паступіць у вышэйшыя навучальныя ўстановы Польшчы. А што тычыцца выпускнікоў наступнага году — ужо будзе складана. Гэтыя дзеці будуць вымушаныя працягваць сваю польскамоўную адукацыю ў школах грамадзкіх, калі такія ўвогуле ня будуць зьліквідаваныя паводле цяперашніх тэндэнцый. І такія вучні проста ня змогуць атрымаць эўрапейскую адукацыю ў Польшчы і потым, маючы дыплём польскай ВНУ, рабіць кар’еру таксама і ў іншых краінах ЭЗ. Польскія дзеці зь Беларусі будуць пазбаўлены такога жыцьцёвага шансу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь высылае польскага консула зь Берасьця«Яшчэ адзін удар па польска-беларускай супрацы»
Былы Генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк у камэнтары выданьню znadniemna.pl, сказаў, што польска-беларуская супрацоўніцтва атрымала яшчэ адзін удар, які давядзецца аднойчы аднаўляць, як і наганяць узьніклыя некалі страты. Былы генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк кажа:
«Прыйшла вельмі непрыемная навіна, што польская школа ў Горадні, а магчыма і ў Ваўкавыску, таксама зьменіць свой профіль — перастане быць польскай, як яна называлася, школай з польскай мовай навучаньня. Яна проста стане рускамоўнай зь невялікім удзелам польскай мовы.
Мне вельмі сумна, я столькі разоў быў у гэтай школе, удзельнічаў ва ўсякіх урачыстасьцях (...).
Паколькі школа была беларуская, там, канешне, не было месца патрыятычнаму выхаваньню, але там выкладалі польскую мову, і гэта было вельмі важна.
Школы ў Ваўкавыску № 8 і ў Горадні № 36 былі пабудаваны на польскія сродкі. І калі падчас аднаго з нашых візытаў мы хадзілі па горадзенскай школе, я паказваў плошчу, прызначаную для яе пашырэньня. Таму што сапраўды гэта быў толькі пачатак. На дадзены момант аб пашырэньні гаворкі не ідзе.
І ўсьведамленьне таго, што польская мова будзе заменена рускай, нават не беларускай, — сумная навіна. Гэтая школа дзейнічала ў розны час польска-беларускіх адносін, але яна дзейнічала. І польскую мову атрымлівалася ў нас бараніць. Консульства вельмі актыўна перакладала на яе беларускія падручнікі. Гэта была вялікая радасьць (...)
Я заўсёды падкрэсьліваў, што гэтая школа як найлепш і найпрыгажэй служыць нармальным польска-беларускім адносінам. Яна была тым, што палякі ў Горадні проста заслужылі — заменьнікам адукацыі на польскай мове (...)
Гэтае супрацоўніцтва атрымала яшчэ адзін удар, давядзецца гэта некалі аднаўляць, адбудоўваць страчанае. Шкада, што было прынятае такое рашэньне, у гэты ненармальны час яна была малюсенькай часткай нармальнасьці»