«За 35 дзён акупацыі ў нас больш за 400 зьніклых бязь вестак. Падвалы Гастомеля мы цяпер аглядаем супольна з ратавальнікамі і супрацоўнікамі патрульнай паліцыі. У нас ёсьць каля 1200 жыхароў, сувязь зь якімі пацьверджаная і якія інфармуюць нас пра месцазнаходжаньне тых ці іншых людзей, якія выехалі», — паведаміў Тарас Думенка ў інтэрвію «Громадському радіо».
Паводле яго, у Гастомелі ня так шмат знайшлі целаў забітых.
«Але ў вёсках нашай грамады былі знойдзеныя расстраляныя і забітыя. Таксама некалькі жыхароў нашай грамады знайшлі ў Бучы. Трэба разумець, што акупанты перамяшчалі людзей. У нас ёсьць пацьверджаныя зьвесткі, што людзі з Глебаўкі былі ў Гастомелі, а потым зь імі зьнікала сувязь. Але патрэбна разумець, што акупанты таксама замяталі сьляды сваіх злачынстваў», — дадаў ён.
Тарас Думенка адзначыў, што ёсьць фота і відэа застрэленых людзей, але іхныя целы дагэтуль ня могуць знайсьці.
«Ты мог рухацца ў напрамку Гастомеля, і ўздоўж дарогі стаялі расстраляныя аўтамабілі зь целамі, уключна зь дзецьмі. І мог вяртацца назад — а гэтых целаў ужо не было», — удакладніў кіраўнік Гастомельскай вайсковай адміністрацыі.
Тарас Думенка дадаў, што расейцы забілі мэра Гастомеля Юрыя Прыліпку, валянтэраў Руслана Карпенку і Івана Зару, начальніка пажарнай службы Гастомельскага аэрапорту, але целаў гэтых людзей украінцы не знайшлі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Грузілі ў аўтобусы і вывозілі». Улады Ўкраіны расказалі аб прымусовай эвакуацыі ўкраінцаў у Беларусь і Расею24 сакавіка кіраўнік Кіеўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Аляксей Кулеба заявіў, што трэба дасьледаваць колькасьць украінцаў, прымусова вывезеных з Гастомеля ў Беларусь.
«Па Гастомелі нам яшчэ давядзецца вельмі доўга разьбірацца, бо там дагэтуль ёсьць, паводле нашых зьвестках, людзі, якіх не выпускаюць, і ў нас няма да іх доступу. Мы ня ведаем, якую колькасьць вывезьлі ў Беларусь, і не разумеем, чаму гэта зрабілі. У нас была інфармацыя, што іх грузілі ў аўтобусы і вывозілі ў Беларусь», — сказаў Аляксей Кулеба.
23 сакавіка Свабода пагутарыла з украінкай, якая трапіла з Гастомеля пад Гомель.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кадыраўцы нам сказалі: «Прыйдуць расейцы, вам будзе хана». Як украінку з Гастомеля прымусова прывезьлі ў БеларусьГастомель перайшоў пад кантроль украінскіх войскаў у канцы сакавіка, калі расейскія войскі адступілі з Кіеўскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія салдаты, якіх вінавацяць у злачынствах у Бучы, трапілі ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік Расеі ў ААН назваў злачынствы ў Бучы «правакацыяй, падрыхтаванай уладамі Ўкраіны». Чаму гэта няпраўдаВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.