Амаль дзьве сотні расейскіх дыпляматычных супрацоўнікаў былі высланыя з краінаў ЭЗ на гэтым тыдні як рэакцыя ўрадаў на забойства мірных жыхароў ва Ўкраіне, піша The Guardian.
Пасьля таго, як сталі вядома пра забойствы мірных жыхароў у Бучы і іншых гарадах Кіеўшчыны, урады Італіі, Францыі, Нямеччыны і іншых краінаў заявілі аб высылцы 206 расейскіх дыпляматаў і супрацоўнікаў пасольстваў. Раней у сувязі з уварваньнем Расеі ва Ўкраіну былі высланыя больш за 100 дыпляматаў. У выніку агульная колькасьць высланых расейскіх дыпляматаў і супрацоўнікаў амбасадаў перавысіла 325 чалавек, і чакаецца, будзе яшчэ больш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гішпанія, Данія, Італія, Латвія, Партугалія, Румынія, Славенія, Швэцыя і Эстонія выдвараюць расейскіх дыпляматаўМіністарка замежных справаў Нямеччыны Анналена Бэрбак заявіла ў панядзелак, што 40 супрацоўнікаў расейскай амбасады павінны зьехаць. Крыніцы ў выведцы заявілі, што дыпляматаў разглядаюць як непасрэдную пагрозу для ўкраінскіх актывістаў, якія знаходзяцца ў Нямеччыне, а таксама для прыкладна 307 000 украінскіх уцекачоў, якія прыбылі пасьля пачатку вайны. Крыніцы ў выведцы мяркуюць, што ў Нямеччыне дзейнічаюць каля 2 000 меркаваных расейскіх шпіёнаў.
Высылкі былі патлумачаныя рэакцыяй на забойства мірных жыхароў у горадзе Буча на поўнач ад Кіева, якое нямецкі ўрад назваў ваенным злачынствам. Украінскія афіцыйныя асобы заявілі, што целы 410 мірных жыхароў былі знойдзеныя ў гарадох Кіеўшчыны пасьля вываду расейскіх войскаў.
У аўторак днём Гішпанія абвясьціла аб высылцы 25 дыпляматаў і супрацоўнікаў амбасады Расеі. Паводле МЗС Гішпаніі дыпляматы і супрацоўнікі ўяўляюць «пагрозу інтарэсам краіны».
Раней Італія заявіла, што высылае 30 дыпляматаў зь меркаваньняў нацыянальнай бясьпекі.
Францыя ў панядзелак выслала з краіны 35 дыпляматаў, назваўшы гэта часткай сумеснай эўрапейскай акцыі, патлумачыўшы, што яны дзейнічаюць «супраць нашых інтарэсаў бясьпекі».
Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс у той жа дзень заявіў, што на знак «поўнай салідарнасьці Літвы з Украінай і ўкраінскім народам» яна вышле расейскага амбасадара. Неўзабаве ў Вільню вернецца і амбасадар гэтай краіны ў Расеі, сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская прапаганда паўтарае за расейскай, што забойствы цывільных у Бучы — «фэйк»У аўторак Славенія заявіла пра высылку 33 расейскіх дыпляматаў, а Эстонія, якая мяжуе з Расеяй, заявіла, што высылае 14 супрацоўнікаў расейскага консульства, у тым ліку сем супрацоўнікаў з дыпляматычным статусам. Партугалія павінна выслаць 10 чалавек.
Эўразьвяз аб’явіў 19 расейскіх дыпляматаў пэрсонамі нон грата за «ўдзел у дзейнасьці, якая супярэчыць іх дыпляматычнаму статусу». Расейцаў абавязалі пакінуць Бэльгію, у якой разьмяшчаюцца кіроўныя структуры ЭЗ. Гэта супрацоўнікі сталага прадстаўніцтва Расеі пры ЭЗ у Бруселі. Адзначаецца, што аб іх высылцы распарадзіўся вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах Жузэп Бурэль.
У расейскім МЗС заявілі 5 красавіка, што высылка 19 супрацоўнікаў пастаяннага прадстаўніцтва Расеі пры ЭЗ не застанецца без адказу.
МЗС Латвіі паведаміў аб рашэньні закрыць консульствы Расеі ў Даўгаўпілсе і Ліепаі. Супрацоўнікаў гэтых дыпустановаў абвясьцілі ў краіне непажаданымі асобамі.
Румынія абʼявіла пэрсонамі нон грата 10 дыпляматаў з РФ.
Міністэрства замежных спраў Швэцыі заявіла, што тром расейскім дыпляматам, якія, паводле яго, праводзілі «незаконныя апэрацыі», трэба пакінуць краіну неадкладна, у той час як Данія заявіла, што 15 супрацоўнікаў расейскай выведкі, якіх яна абвінаваціла непасрэдна ў шпіянажы, будуць вымушаныя пакінуць на працягу 14 дзён. Міністэрства замежных спраў Даніі заявіла, што ня будзе высылаць амбасадара, бо не жадае цалкам разрываць дыпляматычныя адносіны з Масквой.
На мінулым тыдні з ЗША, Нідэрляндаў, Польшчы, Баўгарыі, Славакіі, Чэхіі, Ірляндыі і Бэльгіі выслалі расейскіх дыпляматаў.
У сваю чаргу Расея заявіла, што высылае некалькіх дыпляматаў зь Літвы, Латвіі і Эстоніі, і, як чакаецца, іх будзе яшчэ больш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны Эўразьвязу высылаюць расейскіх дыпляматаўУ аўторак намесьнік міністра замежных спраў Расеі Аляксандар Грушко заявіў, што высылкі зьяўляюцца часткай «папярэдне ўзгодненай кампаніі», дадаўшы, што яны контрапрадуктыўныя і будуць мець доўгатэрміновы эфэкт. «Гэта ўдар па двухбаковых адносінах, па каналах дыпляматычных дыскусій», — сказаў ён. Ён дадаў, што Расея прыме «меры ў адказ».
У панядзелак былы прэзыдэнт Расеі і намесьнік кіраўніка яе Савету бясьпекі Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што высылкі зьяўляюцца самапакараньнем з боку краін, якія заклікалі да іх. Мядзьведзеў заявіў у сваім Telegram-канале, што адказ Масквы будзе «сымэтрычным і дэструктыўным для двухбаковых адносін. Каго яны пакаралі? У першую чаргу сябе».