«Злучаныя Штаты знаходзяцца ў вельмі важным і гістарычным, геастратэгічным паваротным моманце. Мы апынаемся ў сьвеце, які становіцца больш нестабільным, і патэнцыял значнага міжнароднага канфлікту паміж вялікімі дзяржавамі павялічваецца, а не зьмяншаецца», — сказаў генэрал Марк Мілі ў часе выступу ў камітэце Палаты прадстаўнікоў у справах Узброеных сіл. Яго цытуе «Голас Амэрыкі».
Паводле генэрала, узброенае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну «зьяўляецца найбольш сурʼёзнай пагрозай міру і бясьпецы Эўропы і, магчыма, усяго сьвету» за ўсю ягоную 42-гадовую карʼеру ва Ўзброеных сілах ЗША.
Расея, як адзначыў Марк Мілі, «захоўвае буйны і разнастайны ядзерны патэнцыял, каб пагражаць ЗША» і іх хаўрусьнікам.
«Мы чулі вельмі правакацыйную рыторыку адносна ўзроўню баявой гатоўнасьці расейскіх ядзерных сіл», — сказаў кіраўнік Абʼяднанага камітэту начальнікаў штабоў Узброеных сіл ЗША.
Марк Мілі дадаў, што Расея неаднаразова дэманстравала сваю здольнасьць і жаданьне ажыцьцяўляць «комплексныя і зламысныя дзеяньні ў кібэрпрасторы».
Акрамя таго, як мяркуе генэрал, расейскае ўварваньне ва Ўкраіну стварыла «небясьпечны гістарычны паваротны момант».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн сустрэўся з вайскоўцамі ЗША ў Польшчы, за 100 км ад мяжы з УкраінайМарк Мілі перасьцярог, што было б няправільным чакаць хуткага завяршэньня канфлікту ва Ўкраіне:
«Я лічу, што гэта зацяжны канфлікт, які будзе вымярацца гадамі. Ня ведаю, ці можна казаць аб дзесяцігодзьдзі, але некалькі гадоў — гэта ўжо дакладна. Я мяркую, што ЗША, NATO, Украіна і ўсе хаўрусьнікі і партнэры, якія яе падтрымліваюць, будуць уцягнутыя ў гэта працяглы час».
Міністар абароны ЗША Лойд Остын, які выступаў разам з Маркам Мілі на слуханьнях, назваў Расею «вострай пагрозай» для ЗША:
«Як мы бачылі апошнія тыдні, Расея... застаецца вострай пагрозай, якая патрабуе цеснай і ўстойлівай каардынацыі ў рамках NATO у мэтах прадухіленьня далейшай агрэсіі ў Эўропе», — падкрэсьліў Лойд Остын.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША паставяць Украіне партыю бесьпілётнікаў Switchblade з бранябойнымі зарадаміАднак у цэлым, на думку Марка Мілі, галоўным «геастратэгічным выклікам» для ЗША ў доўгатэрміновай пэрспэктыве застаецца Кітай.
Паводле генэрала, КНР працягвае разьвіваць свой патэнцыял у розных галінах і «кожны дзень працуе над скарачэньнем тэхналягічнага разрыву з ЗША»:
«Калі казаць коратка, то яны па-ранейшаму поўныя рашучасьці карэнным чынам перагледзець міжнародны парадак на сваю карысьць да сярэдзіны стагодзьдзя. Яны маюць намер стаць роўным супернікам ЗША ў вайсковым пляне да 2035 году, яны маюць намер разьвіць свой вайсковы патэнцыял, каб захапіць Тайвань да 2027 года», — дадаў кіраўнік Абʼяднанага камітэту начальнікаў штабоў Узброеных сіл ЗША.
«Там, дзе Расея ўяўляе сабой вострую пагрозу, КНР зьяўляецца геастратэгічным выклікам для нашай нацыянальнай бясьпекі ў доўгатэрміновай пэрспэктыве», — падкрэсьліў генэрал.
Марк Мілі адзначыў, што вельмі важна працягваць падтрымліваць дачыненьні з КНР нават ва ўмовах канкурэнцыі, «не дазваляючы ім перарасьці ў канфлікт».
«Вайна з КНР не зьяўляецца непазьбежнай», — падсумаваў кіраўнік Абʼяднанага камітэта начальнікаў штабоў Узброеных сіл ЗША Марк Мілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баі за Херсоншчыну, абстрэл нафтабазы ля Дніпра. 42-і дзень вайны Расеі супраць Украіны