Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн сустрэўся з вайскоўцамі ЗША ў Польшчы, за 100 км ад мяжы з Украінай


Байдэн сустракаецца з амэрыканскімі вайскоўцамі ў Польшчы
Байдэн сустракаецца з амэрыканскімі вайскоўцамі ў Польшчы

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падчас візыту ў Польшчу ў пятніцу заявіў, што краіны Захаду ўвялі супраць Расеі самыя жорсткія ў гісторыі «карныя» санкцыі — у сувязі зь яе ўварваньнем ва Ўкраіну. Ён дадаў, што санкцыі будуць узмацняць жорсткасьць, але не прывёў дэталяў.

Байдэн наведаў горад Жэшаў недалёка ад мяжы з Украінай. Там разьмешчаная база, куды прыбываюць гуманітарныя і вайсковыя грузы для Ўкраіны. Прэзыдэнт ЗША сустрэўся з вайскоўцамі 82-й паветрана-дэсантнай дывізіі арміі Злучаных Штатаў, што зараз дысьлякаваныя ў Польшчы. У салдацкай сталовай ён паспытаў піцу. Байдэн заявіў вайскоўцам, што яны «найлепшыя салдаты ў сьвеце», і падзякаваў ім за службу.

«Вы знаходзіцеся ў эпіцэнтры барацьбы паміж дэмакратыямі і алігархамі», — сказаў Байдэн, па ўсім відаць, маючы на ўвазе расейскіх бізнэсоўцаў, якія трапілі пад санкцыі за падтрымку Ўладзіміра Пуціна.

Пасьля гэтага Байдэн сустрэўся з прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам і разам зь ім правёў сустрэчу з работнікамі гуманітарных місій, якія аказваюць дапамогу ўкраінскім уцекачам. Прэзыдэнт ЗША падкрэсьліў, што ў выніку распачатых Расеяй баявых дзеяньняў каля 10 мільёнаў жыхароў Украіны пакінулі свае дамы, больш за 3 мільёны зь іх зьехалі з краіны, стаўшы ўцекачамі галоўным чынам у краінах ЭЗ. Ён паабяцаў павялічыць гуманітарную падтрымку ўцекачоў. Па словах прэзыдэнта ЗША, ён быў бы рады наведаць украінскую тэрыторыю, але яму гэтага «не далі» зрабіць, па ўсёй верагоднасьці, зь меркаваньняў бясьпекі.

У Польшчу Байдэн прыбыў з Брусэля, дзе ўзяў удзел у самітах NATO і «групы сямі» (G7). Ён таксама правёў перагаворы з кіраўніцтвам ЭЗ. Прэзыдэнт ЗША і старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен, у прыватнасьці, абвясьцілі пра плян стварэньня рабочай групы, якая зоймецца зьніжэньнем залежнасьці Эўропы ад расейскіх энэргарэсурсаў.

Байдэн і іншыя прадстаўнікі адміністрацыі ЗША ня раз заяўлялі, што не адправяць амэрыканскіх вайскоўцаў ва Ўкраіну, аднак гатовыя адказаць рашуча ў выпадку, калі Расея нападзе на краіны NATO, такія як Польшча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG