Пасьля таго, як мы апрытомнеем ад першага эмацыйнага шоку пасьля ўбачанага ў Бучы, а варагуючыя бакі, якія цяпер абвінавачваюць адзін аднаго ў генацыдзе (ці інсцэнаваньні генацыду) пачнуць разборы ў судах, нечакана можа выявіцца, што Буча — гэта толькі шараговы эпізод, адзін зь дзясяткаў ці нават соцень у гэтай вайне. А наперадзе будуць многія іншыя геаграфічныя назвы, дзе адбывалася, адбываецца і будзе адбывацца прыкладна тое ж.
Усё больш схіляюся да думкі, што ўбачанае на фатаздымках з Бучы — звычайнае аблічча гэтай вайны. Можна толькі ўявіць, што адбываецца ў галовах неабстраляных 20-гадовых хлопцаў, якіх невядома дзеля чаго паслалі ў чужую краіну. Якія ня раз траплялі ў засады, на вачах якіх у танках і БМП жыўцом гарэлі дзясяткі ці сотні іхных аднагодкаў. Якія, магчыма, самі выцягвалі са згарэлых машын парэшткі сваіх сяброў. І вось пасьля гэтага ім належыць некалькі тыдняў прастаяць у варожым горадзе, дзе за кожным рагом мроіцца апалчэнец з «Джавэлінам». Выходзіць такі 20-гадовы салдат, ачмурэлы ад перажытага жаху, прагі помсты і ад выпітай гарэлкі, на вуліцу, каб праводзіць «зачыстку», — і ня дай Бог яму трапіцца ў гэту хвіліну хтосьці, хто ня так паглядзіць у ягоны бок, хто падасца яму апалчэнцам, «украфашыстам».
Кажуць, у такіх сытуацыях павінен умешвацца камандзір, афіцэр. А калі той афіцэр — амаль аднагодак гэтага салдата і сам ня можа адысьці ад стрэсу і жаху?
Думаеце, на іншых войнах, якія ў недалёкім мінулым вёў СССР (а пазьней Расея), было па-іншаму? «Не забіў бы я — забілі б мяне», — колькі разоў мне даводзілася чуць такія словы ад былых салдат, калі падчас даверлівых гутарак заходзіла размова пра тое, ці даводзілася забіваць і што пры гэтым чалавек адчувае.
Я памятаю расповеды свайго аднавяскоўца, якому давялося ваяваць у 1945-м ва Ўсходняй Прусіі, штурмаваць Кёнігсбэрг. Расказваў: перш, чым увайсьці ў сутарэньне будынка, звычайна спачатку кідалі туды некалькі гранат. Аднаго разу так зрабілі, пасьля выбуху зайшлі — а там маладая жанчына з дваімі маленькімі дзецьмі, гадоў трох-чатырох. Маці і хлопчык нерухомыя. А дзяўчынка яшчэ жывая, плача...
Калісьці я браў інтэрвію ў былога салдата-«афганца», наводчыка танка. Ён расказваў: над адным з кішлакоў са «Стынгера» зьбілі верталёт. Камандзір пасьля гэтага паслаў туды танкавую роту, загадаў без папярэджаньня біць прамой наводкай — так, каб ад кішлака каменя на камені не засталося. Загад выканалі. Хто ў тым кішлаку жыў, які іхны лёс, нікога не цікавіла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як з «Боінгам» МН17. Экспэрт расказаў, чаму ў Расеі выбралі тактыку агрэсіўнага адмаўленьня датычнасьці да падзей у Бучы«Дзеці Пуціна»
Няўжо нехта думае, што пасьля Быкава, Адамовіча і Алексіевіч можна яшчэ кагосьці зь беларусаў зьдзівіць апісаньнем зьверстваў, якія суправаджаюць вайну? Пасьля дакумэнтальнай кнігі «Я з вогненнай вёскі» Адамовіча, Брыля і Калесьніка? Пасьля кінафільма «Ідзі і глядзі» Клімава, зьнятага паводле аповесьці Адамовіча?... Усё да драбніц ужо апісана і адрэфлексавана — у 60-я, 70-я, 80-я гады. Іншая справа — ці чыталі яны тыя кнігі, ці глядзелі фільмы? Яны — тыя, хто забівалі ў Бучы. А яшчэ ў Ірпяні, Гастомелі, Мелітопалі, Чарнігаве і дзясятках іншых малых і вялікіх украінскіх гарадоў.
У сацсетках і на ўкраінскіх рэсурсах часта публікуюць вайсковыя білеты забітых альбо палонных расейскіх салдат і афіцэраў. Гады нараджэньня — пераважна 90-я, «нулявыя», радзей — 80-я. «Дзеці Пуціна» і «новай Расеі». Пакаленьні, якія амаль не чыталі сапраўдную літаратуру, якія вырасьлі на амэрыканскіх баевіках ды сэрыяле «Бандыцкі Пецярбург». Бессэнсоўна пытаць у такіх пра «Блякадную кнігу» Адамовіча і Граніна ці «Праклятыя і забітыя» Віктара Астаф’ева.
Украіна патрабуе пакараць Расею за ваенныя злачынствы. Расея афіцыйна запатрабавала «міжнароднага расьсьледаваньня жахлівай правакацыі ўкраінскіх нацыяналістаў у Бучы». Пасьля гэтага некаторыя загаварылі пра паралелі з Катыньню. Адны — маючы на ўвазе масавае забойства расейскімі войскамі безабаронных мірных грамадзянаў. Другія — западозрыўшы, што расейскія ўлады зараз, каб схаваць свае ваенныя злачынствы, паспрабуюць сапхнуць усю віну на саміх украінцаў — так, як гэта рабілі камуністы ў СССР, якія амаль паўстагодзьдзя спрабавалі пераканаць сьвет, нібы гэта не НКВД, а фашысты расстралялі палонных польскіх афіцэраў у Катыні.
Аналёгіі наўрад ці апраўданыя. Катынь — загадзя сплянаванае, санкцыянаванае Сталіным і іншымі камуністычнымі кіраўнікамі масавае забойства больш як 20 тысяч польскіх ваеннапалонных увесну 1940-га году. Савецкія ўлады ад пачатку старанна ўтойвалі гэтае злачынства. У Бучы ж усё ўчыненае мала падобна на загадзя сплянаваную акцыю. Сьляды забойстваў — літаральна навідавоку, на самых бачных месцах. Чаму целы закатаваных пакінулі ляжаць на дарозе, а не пахавалі, не схавалі, каб не пакідаць сьлядоў? Праз агульную дэмаралізацыю, якая пануе ў расейскай арміі? Таму, што адступалі ў сьпешцы і не пасьпелі? Ці, наадварот, дэманстратыўна хацелі гэтым запалохаць насельніцтва? Урэшце, чаму іх не пахавалі суседзі, аднавяскоўцы — хоць мінула ўжо некалькі дзён пасьля сьмерці? Падобных пытаньняў шмат. Відавочна, патрэбна расьсьледаваньне — аб’ектыўнае і бесстароньняе. Хоць гэта — толькі дэталі. Сутнасьць і маштаб ваеннага злачынства зразумелыя ўжо цяпер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NYT: забойствы мірных жыхароў у Бучы адбыліся, калі горад кантралявалі расейскія войскіЗачараваныя сьмерцю
Што яшчэ ўражвае ў гэтай вайне — дык гэта ўцягнутасьць у яе з дапамогай сацсетак мільёнаў і мільёнаў людзей. Якія часта з малавытлумачальным захапленьнем і ўздымам, з пераможнымі воклічамі ў адрас «сваіх» і праклёнамі ў адрас «чужых» камэнтуюць кадры, на якіх гараць танкі, падаюць самалёты, курчацца ад болю ў перадсьмяротных сутаргах салдаты. Чыесьці бацька, брат, сын... Так шмат паўсюль захапленьня чужымі сьмярцямі, распальваньня нянавісьці і гвалту, эстэтызацыі вайны і так мала эмпатыі, суперажываньня, сьлёз над загубленымі лёсамі.
У сёньняшняй Беларусі пра вайну амаль ня пішуць. А калі і пішуць, то пераважна пераказваюць хлусьлівую расейскую прапаганду. Нібы Буча і Гастомель — недзе на іншым кантынэнце, а не за 100 кілямэтраў ад беларускай мяжы. І нібы сеяць сьмерць і разбурэньні гэтыя салдаты прыйшлі аднекуль здалёк, а не зь беларускай зямлі, са згоды і пры падтрымцы ўладаў Беларусі.
Калі надыдзе час адказваць за ўчыненае зло, за нявінныя ахвяры Бучы, Гастомеля і соцень іншых украінскіх гарадоў, хочацца спадзявацца, што перад судзьдзямі найперш апынуцца ня тыя задураныя падманутыя салдаты, якім пашанцуе выжыць, а тыя, хто разьвязаў гэту вайну і адседжваецца зараз у бункерах пад Масквой і Менскам. Назіраючы, як у людзкіх крыві і сьлязах тонуць іхныя нечалавечыя правальныя пляны аднаўленьня імпэрыі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.