Галоўнае на гэты момант
- Паводле ўкраінскага Генштабу, расейцы актывізуюць наступ у Луганскай і Данецкай абласьцях і перакідаюць туды войскі.
- У Рубежным Луганскай вобласьці расейскія войскі ракетай падарвалі цыстэрну з азотам.
- Расейцы падстрэлілі замежны цывільны карабель у порце Марыюпалю.
- У Бучы Кіеўскай вобласьці на вуліцах знайшлі целы забітых цывільных жыхароў, расстраляных расейскімі вайскоўцамі, пэўна, пры адступленьні з гораду. На 5 красавіка знайшлі больш за 300 ахвяр.
- 4 красавіка Расея нанесла яшчэ адзін ракетны ўдар па Мікалаеве.
- У выніку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі разбурана больш за 13% украінскіх дарог, паведаміў «Украўтадар».
- Расейскія войскі нанесьлі ўдары па Палтаве і Краменчуку.
- Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны абнародавала пералік 106 беларускіх вайскоўцаў з 38-й дэсантна-штурмавой брыгады вайсковай часткі 92616 зь Берасьця, якую нібыта спрабуюць уцягнуць у вайну з Украінай на баку Расеі.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 5 красавіка
У раёне Харкава разбамбілі экапарк. Буйных драпежнікаў, якія засталіся ў жывых, могуць усыпіць
Народны дэпутат Аляксандар Фельдман, заснавальнік разбамбаванага экапарку пад Харкавам, паведаміў, што частка вальераў, у тым ліку з буйнымі драпежнікамі, ацалела. Аднак пры наступным абстрэле напалоханыя жывёлы могуць апынуцца на волі і пайсьці бок гораду ці ў суседнія пасёлкі.
Дэпутат таксама паведаміў, што спэцыялісты парку цяпер разглядаюць магчымасьць абсталяваць часовае жытло для жывёл у пасёлку Чутава Палтаўскай вобласьці, аднак, калі гэтага ня ўдасца зрабіць, то жывёл давядзецца ўсыпіць.
«Можа, выратуем малых ягуараў, малых пантэр, але ўсіх дарослых жывёл, хутчэй за ўсё, давядзецца ўсыпляць», — заявіў Фельдман.
Расейцы падстрэлілі замежны цывільны карабель у порце Марыюпалю
Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны паведаміла, што ў ноч на 5 сакавіка расейцы, абстрэльваючы Марыюпаль, пацэлілі ў порце ў цывільны карабель пад сьцягам Дамініканскай Рэспублікі, які знаходзіўся каля аднаго з прычалаў.
Ад ракеты загарэлася машыннае аддзяленьне, адзін прадстаўнік экіпажу пацярпеў. Капітан на міжнародным канале бясьпекі на моры падаў сігнал «SOS» і паведамленьне: «Увага! Увага! Жорстка зьнішчаны карабель пад сьцягам Дамініканскай Рэспублікі, зьнішчана ўсё, разбураны мосьцік. Пажар у машынным аддзяленьні. Ёсьць параненыя».
Украінскія марскія памежнікі апэратыўна дапамаглі параненым і эвакуавалі экіпаж у бясьпечнае месца. Карабель паступова апускаецца пад ваду, пад пастаянным агнём правесьці ратавальную апэрацыю немагчыма.
У Рубежным Луганскай вобласьці расейскія войскі ракетай падарвалі цыстэрну з азотнай кіслатой
Як паведаміў кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай, колькасьць азотнай кіслаты невядомая.
«Гэтае рэчыва дастаткова таксычнае», — сказаў Сяргей Гайдай і заклікаў жыхароў зачыніць дзьверы і вокны, а таксама выкарыстоўваць ахоўныя маскі, змочаныя содавым растворам.
Расейцы пайшлі ў атаку на Данеччыне і Луганшчыне
Мэтай расейскіх войскаў, паводле зводкі Генштабу Ўкраіны, ёсьць выхад да адміністрацыйных межаў Луганскай і Данецкай абласьцей. Працягваюцца артылерыйскія і авіяцыйныя ўдары па Марыюпалі.
Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што Расея перабазоўвае з аэрадромаў Беларусі значную частку сваіх паветрана-касьмічных войскаў на расейскую тэрыторыю.
«Вораг ажыцьцяўляе перагрупаваньне войскаў і канцэнтруе намаганьні на падрыхтоўцы наступальнай апэрацыі на ўсходзе. Мэта — узяць пад поўны кантроль тэрыторыю Данецкай і Луганскай абласьцей», — адзначылі ў Генштабе.
Паводле ўкраінскага Генштабу, расейцы працягваюць блякаваць Харкаў, абстрэльваюць яго і працягваюць зьнішчаць жылыя раёны і інфраструктуру. Інтэнсіўна працягваюць абстрэльваць Марыюпаль.
Дасьледнікі з Conflict Intelligence Team напярэдадні таксама давалі інфармацыю аб тым, што расейцы перакідаюць свае войскі. Пры гэтым у Пэнтагоне адзначылі, што частка расейскіх войскаў па-ранейшаму нацэльваецца на Кіеў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белы дом: Расея рыхтуецца да атак на ўсходзе і поўдні ЎкраіныЗ пачатку вайны расейцы забілі ва Ўкраіне 165 дзяцей
Колькасьць параненых павялічылася да 266. Пра гэта паведамляе Генпракуратура Ўкраіны.
«Ва Ўкраіне ў выніку збройнай агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі пацярпела больш за 431 дзіця. Паводле афіцыйных зьвестак пракуратуры ў справах непаўналетніх, на раніцу 5 красавіка 2022 году загінулі 165 дзяцей, 266 атрымалі раненьні. Больш за ўсё дзяцей пацярпелі ў Кіеўскай вобласьці — 77, Данецкай — 78, Харкаўскай — 61, Чарнігаўскай — 49, Мікалаеўскай — 35, Луганскай — 31, Запароскай — 22, Херсонскай — 29, сталіцы — 16, Сумскай вобласьці — 16, Жытомірскай — 15», — гаворыцца ў паведамленьні Генпракуратуры.
Уцекачы ад вайны
Міністэрства замежных спраў Украіны заклікала ўкраінцаў, якіх прымусова вывезьлі ў Расею, зьвяртацца ў амбасады Ўкраіны ў іншых краінах сьвету. Кантакты амбасадаў разьмешчаныя ў тэлеграм-канале МЗС Украіны.
«У сувязі з масавым прымусовым вывазам расейскімі вайскоўцамі грамадзян Украіны на тэрыторыю Расеі рэкамэндуем суайчыньнікам, якія сталі ахвярамі такіх незаконных дзеяньняў расейскага рэжыму і хочуць вярнуцца ва Ўкраіну, паведаміць зьвесткі пра сябе ў найбліжэйшую амбасаду Ўкраіны ў суседніх дзяржавах або дзяржавах магчымага транзытнага праезду», — паведамілі ў МЗС Украіны.
Колькасьць уцекачоў з Украіны, паводле абноўленых зьвестак Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў, ад пачатку расейскай агрэсіі склала 4 019 287 чалавек.
Найбольш прыняла Польшча — 2 336 799 чалавек, 608 936 перш паехалі ў Румынію, 387 151 — у Малдову, 364 804 — у Вугоршчыну, 350 632 — у Расею, 281 172 — у Славаччыну. На 7-м месцы ў сьпісе Беларусь, у яе пасьля пачатку разьвязанай расейцамі вайны прыехалі 10 902 украінцы.
У той жа час украінскія СМІ паведамляюць, што пад Кіевам утварыліся аўтамабільныя заторы, тысячы людзей вяртаюцца ў горад пасьля таго, як Кіеўская вобласьць аказалася цалкам вызваленая ад расейскай акупацыі.
Што адбываецца ў Расеі
У Расеі затрымалі каля 200 удзельнікаў антываенных акцый
Дзясяткі людзей затрымалі ў Маскве і Пецярбургу. У Маскве масавыя затрыманьні прайшлі ў парку Зарадзьдзе, што побач з Крамлём. Апазыцыйны рух «Вясна» раней анансаваў акцыю пратэсту на мосьце над ракой Масквой.
Каля вайсковага шпіталя ў Пецярбургу таксама прайшоў антываенны пікет. На журналістку выданьня «Сота» Вікторыю Арэф’еву напалі курсанты на чале з афіцэрам. Яе павалілі на зямлю і разьбілі ёй акуляры і тэлефон — піша «Сота». Пачатак нападу трапіў на відэа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве актывіст зладзіў акцыю памяці ахвяраў БучыПуцін падпісаў указ аб вясновым прызыве ў войска
Прызыў пройдзе з 1 красавіка па 15 траўня, на тэрміновую службу маюць намер прызваць 134 500 чалавек ад 18 да 27 гадоў. Гэта на 7 тысяч больш, чым у леташні восеньскі прызыў. Ад пачатку вайны з Украінай расейскія ўлады і асабіста Пуцін адмаўлялі, што ў ёй удзельнічаюць салдаты тэрміновай службы. Але потым Мінабароны Расеі прызнала «некалькі фактаў» прысутнасьці вайскоўцаў тэрміновай службы ў частках расейскіх узброеных сіл ва Ўкраіне. У Крамлі абяцалі разабрацца.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з гэтым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.
Кіеў: Агрэсар перакідае верталёты і самалёты зь беларускіх аэрадромаў назад у Расею
Паводле зводкі ўкраінскага Генштабу за 5 красавіка, калёны ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі рухаюцца празь Беларусь у напрамку вакзалаў Гомель, Ельск і Мазыр для пагрузкі ў цягнікі. Значная частка самалётаў і верталётаў ВПС Расеі перадысьлякавалася з аэрадромаў Беларусі ў Расею.
Як рэагуе сьвет
Макрон: «Пасьля забойстваў у Бучы патрэбныя новыя санкцыі»
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў 4 красавіка, што пасьля атрыманьня дакладных сьведчаньняў адказнасьці расейскіх войскаў за забойства мірных жыхароў ва ўкраінскім горадзе Бучы патрэбна дадатковае ўзмацненьне санкцый супраць Расеі.
«Тое, што адбылося ў Бучы, патрабуе новага раунду санкцый і вельмі выразных захадаў», — сказаў Макрон радыё France Inter, паведамляе Reuters.
Новыя санкцыі павінны быць накіраваныя супраць вугальнай і нафтаздабыўной галінаў расейскай эканомікі, сказаў Макрон.
Блінкен: Расейская армія не змагла дасягнуць ніводнай з сваіх мэтаў ва Ўкраіне
Гэта заявіў у эфіры NBC дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен. Паводле ягоных словаў, Расея мела тры мэты: падпарадкаваць Украіну, пазбавіць яе сувэрэнітэту і незалежнасьці; зацьвердзіць на тэрыторыі краіны прарасейскую ўладу; падзяліць Захад.
«Па ўсіх трох кірунках плян праваліўся. Украіна цяпер больш згуртаваная. Сувэрэнная, незалежная Ўкраіна будзе існаваць значна даўжэй, чым Уладзімір Пуцін на сцэне. Моц Расеі насамрэч моцна зьменшылася. Войска моцна адстала. Яго эканоміка хістаецца», — сказаў Блінкен.
Зяленскі на ўручэньні Grammy заклікаў музыкаў падтрымаць Украіну
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 3 красавіка выступіў на цырымоніі ўручэньня ў Лас-Вэгасе галоўнай прэміі музычнай індустрыі ЗША Grammy і заклікаў удзельнікаў імпрэзы падтрымаць яго краіну «любым спосабам».
«Што больш супрацьлегла музыцы? Цішыня разбураных гарадоў і забітых людзей. Напоўніце цішыню сваёй музыкай. Напоўніце яе сёньня, каб расказаць нашу гісторыю. Падтрымайце нас любым чынам. Чым заўгодна, але не цішынёй», — сказаў Зяленскі.
Ён нагадаў, што «ўкраінскія музыкі носяць бронекамізэлькі замест смокінгаў, яны сьпяваюць параненым, у бальніцах, нават тым, хто іх ня чуе, але музыка прарвецца».
Кіраўнік Эўрапейскай рады Шарль Мішэль назваў падзеі ў Бучы «разьнёй»
Мішэль напісаў у Твітэры на ангельскай і ўкраінскай мовах, што яго шакавалі кадры «зьверстваў, учыненых расейскім войскам у вызваленай Кіеўскай вобласьці».
Ён паставіў у сваім твіце хэштэг #BuchaMassacre — «Разьня ў Бучы». Мішэль запэўніў, што Эўразьвяз дапамагае Ўкраіне і няўрадавым арганізацыям сабраць неабходныя доказы для пазоваў у міжнародных судах.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.