Паводле дадзеных Злучаных Штатаў, Расея плянуе перакінуць дзясяткі тысяч салдат на ўсход Украіны і на поўдзень краіны, засяродзіўшы ўвагу на гэтых рэгіёнах. Найбольш імаверная мэта — «акружыць і сьцерці» ўкраінскую вайсковую групоўку ў гэтых рэгіёнах, сказаў Джэйк Саліван: «Далей Расея можа скарыстацца любым тактычным посьпехам, каб прадставіць гэта як дасягненьне і замаскаваць папярэднія ваенныя правалы».
Паводле Салівана, наступны этап вайны можа стаць зацяжным, бо расейскія войскі маюць колькасную перавагу на ўсходзе Ўкраіны і намерваюцца ўзяць пад свой кантроль больш значныя тэрыторыі, чым тыя, што знаходзіліся пад кантролем сэпаратыстаў да пачатку вайны. На поўдні Расея, хутчэй за ўсё, паспрабуе ўтрымаць у сваіх руках Херсон. Адначасова яна будзе працягваць наносіць ракетныя ўдары па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны, у тым ліку па Кіеве, Харкаве, Львове, Адэсе.
Джэйк Саліван паведаміў аб тым, што ў найбліжэйшыя дні адміністрацыя Байдэна аб’явіць аб выдзяленьні Ўкраіне новай вайсковай дапамогі. Белы дом таксама вядзе перамовы з саюзьнікамі аб новых санкцыях адносна экспарту расейскіх энэрганосьбітаў.
Сьведчаньні масавых забойстваў мірных жыхароў ва ўкраінскім горадзе Буча падчас яго акупацыі расейскім войскам, якія зьявіліся ў апошнія дні пасьля адыходу з гораду расейскага войска, выклікалі рэзкія заявы лідэраў заходніх краін, якія паведамілі аб гатоўнасьці ўвесьці новыя санкцыі супраць Расеі і гатоўнасьці дапамагчы ў зборы дадзеных для правядзеньня суду над вінаватымі ў ваенных злачынствах. У панядзелак прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заклікаў прыцягнуць да суда прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна за ваенныя злачынствы.