Украінскія вайскоўцы цалкам вызвалілі населеныя пункты Кіеўскай вобласьці. Сьвет у шоку ад соцень здымкаў, якія паказваюць Бучу пасьля адыходу расейскіх войскаў. На фатаздымках відаць трупы мірных грамадзян, забітых падчас акупацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны сыстэмна забівалі цывільных». Жыхары Бучы расказваюць, як расейскія войскі расстрэльвалі мірных грамадзян. ВІДЭА«Калі мы заходзілі ў Бучу, то частку трупаў з вуліц ужо прыбралі — працавала адмысловая служба. Аднак даводзілася бачыць уздоўж дарогі шмат парэшткаў людзей, якія ўжо выцеклі, пачарнелі, — расказвае Аляксандар «Барсук». — Але трупы — гэта ня самае страшнае, што мы там бачылі. Самае страшнае — гэта твары людзей, якія перажылі акупацыю, а цяпер там блукаюць і ня ведаюць, што будзе далей, як жыць. Там, дзе мы займалі пазыцыю, жылі пераважна пажылыя людзі. Стараліся дапамагчы ім, чым маглі».
Па словах суразмоўцы, усе салдаты маральна гатовыя да вайны, да трупаў, да зьнішчаных будынкаў, але непасрэдны кантакт зь людзьмі, якія перажылі больш як месяц акупацыі, моцна ўражвае.
«Яны зусім па-іншаму пачынаюць успрымаць сьвет пасьля таго, што адбылося зь імі. На момант нашага прыезду між суседнімі дамамі быў арганізаваны такі куточак на вуліцы, дзе людзі гатавалі ежу. Усе былі вельмі рады нас бачыць, але яны вельмі разгубленыя, і гэта моцна палохае.
Людзі шмат дзён жылі ў падвалах. Казалі, што расейцы марадэрствавалі. У нейкіх раёнах Бучы адбываліся расстрэлы. Мясцовыя кажуць, што забівалі ўсіх, хто аказваў хоць нейкі супраціў акупанатам: хоць словам, хоць дзеяньнем. Маўляў, тых, хто сядзелі ціха, не чапалі. Я ня ведаю, наколькі гэта праўда».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны пракурор Украіны паведаміла, што з вызваленай ад акупантаў Кіеўшчыны вывезьлі ўжо 410 цел загіблыхДобраахвотнік кажа, што вайскоўцы стараліся не пытацца ў людзей пра падзеі, успаміны пра якія маглі іх траўмаваць яшчэ болей, прымусіць зноў перажываць цяжкія моманты.
«Нават нам (хоць мы цудоўна ўяўлялі, што там рабілася) становіцца непамысна, калі лішні раз гэта пракручваць. Вельмі складаны эмацыйны фон, горад амаль цалкам разбураны, увесь чорны, пахне порахам, серай, паўсюль попел. Вельмі цяжка ўявіць, як там усё можна аднавіць і працягваць жыць.
Побач з нашай пазыцыяй быў шматпавярховы дом, у які трапіла ракета. Будынак быў амаль цалкам разбураны, але там працягваў жыць адзін мужчына. Гэта вельмі ўражвала, як пры такіх жудасьцях чалавек імкнецца захаваць для сябе нейкі мінімальны камфорт і бясьпеку. Магчыма, думаў, што двойчы снарад у адно месца ня падае».
Аляксандар «Барсук» быў у пошукавай групе на месцы, дзе загінуў беларускі добраахвотнік Ільля «Літвін» Хрэнаў. Гэта адбылося ў гатэлі Villa San Marino на мяжы Бучы і Ворзэля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніхто ня верыў, што мы застанёмся жывымі». Беларускі добраахвотнік Дзяніс «Кіт» расказаў пра пекла пад Бучай«Яшчэ да нас на тое месца, што засталося ад гатэля, прыехалі людзі з „Азова“, якія і знайшлі парэшткі Ільлі „Літвіна“, а мы ўжо шукалі ягоныя рэчы. У гатэлі было зьнішчана амаль усё. Мы знайшлі ягоны тэлефон, абвугленыя рэшткі бронекамізэлькі, нож. Перадамо мабільнік ягонай жонцы, каб паспрабавала ўзнавіць. Неўзабаве будзе пахаваньне», — кажа «Барсук».
Па словах беларуса, Буча ўжо паціху спрабуе вяртацца да жыцьця, хоць гэта няпроста.
«Калі мы былі там, то ўжо працавала гуманітарная дапамога. Людзям прывезьлі харчы, ваду, правялі нейкую электрычнасьць, трошкі зьявіўся інтэрнэт, каб маглі зьвязацца са сваімі роднымі. Усе працуюць хутка, каб аднавіць інфраструктуру», — кажа Аляксандар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія салдаты, якіх вінавацяць у злачынствах у Бучы, трапілі ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз асудзіў масавыя забойствы ў Бучы і ўсклаў адказнасьць за іх на расейскія ўладыВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.