У пакет вайсковай дапамогі Пэнтагону Ўкраіне ўвойдуць ракеты з лазэрнай сыстэмай навядзеньня

Украінскія вайскоўцы выкарыстоўваюць амэрыканскі ракетны комплекс «Джавэлін» (Javelin) падчас ваенных вучэньняў, 23 сьнежня 2021 года.

У пакет дапамогі, якую дае ЗША Ўкраіне, уключаны ракетныя сыстэмы з лазэрнай сыстэмай навядзеньня, дроны, боепрыпасы, сыстэмы сувязі і мэдычны рыштунак.

Міністэрства абароны ЗША аб’явіла, што ў рамках дапамогі Ўкраіне яно вылучае яшчэ 300 мільёнаў даляраў на «падтрымку ў сфэры бясьпекі». Пакет дапамогі складаецца з ракетных сыстэмаў з лазэрнай сыстэмай навядзеньня, дронаў, боепрыпасаў, прыладаў начнога бачаньня, сыстэмаў сувязі, мэдычнага рыштунку і розных запчастак, паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Гэтае рашэньне падкрэсьлівае непахісную прыхільнасьць Злучаных Штатаў захаваньню сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласьці Ўкраіны і падтрымку яе гераічных намаганьняў для адбіцьця вайны, [пачатай] з выбару Расеі», — гаворыцца ў заяве афіцыйнага прадстаўніка Пэнтагону Джона Кірбі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША выдзеляць Украіне дадаткова $500 мільёнаў

У сярэдзіне сакавіка Кангрэс ЗША прыняў закон аб бюджэце, які ўключаў 13,6 млрд даляраў на гуманітарную і ваенную дапамогу Ўкраіне і ўсходнеэўрапейскім саюзьнікам ЗША ў NATO. Неўзабаве пасьля гэтага прэзыдэнт Байдэн абʼявіў пра выдзяленьне яшчэ мільярда даляраў на бясьпеку Ўкраіны.

Яшчэ 300 мільёнаў, выдаткаваныя Міністэрствам абароны ЗША, пойдуць на аплату ваеннага абсталяваньня і тэхнікі, замоўленых па кантрактах з абароннымі канцэрнамі.

Джон Кірбі дадаў, што «Злучаныя Штаты таксама працягваюць супрацоўнічаць з саюзьнікамі і партнэрамі, каб... забясьпечыць Украіну дадатковымі магчымасьцямі».

Адным з кампанэнтаў гэтай партыі паставак стануць тактычныя бесьпілётныя апараты маркі Switchblade, якім ужо далі мянушку «дроны-камікадзэ». Гэтыя апараты кіруюцца дыстанцыйна і фактычна ўяўляюць сабой лятаючую бомбу, якую можна скінуць на праціўніка ў самых нязручных і цяжкадаступных раёнах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША абнародавалі сьпіс яшчэ 120 установаў і арганізацыяў зь Беларусі і Расеі, адносна якіх увядуць санкцыі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША расьпячатваюць стратэгічныя рэзэрвы нафты