Беларускі незалежны прафсаюз гарнякоў быў створаны ў 1991 годзе. У 1993 годзе, пасьля далучэньня да яго хімікаў, будаўнікоў, нафтаперапрацоўшчыкаў, транспартнікаў ён быў перайменаваны ў Беларускі незалежны прафсаюз. У сярэдзіне 1990-х агульная колькасьць яго сябраў дасягала 5 тысяч чалавек, толькі ў пярвічцы «Нафтану» і «Паліміру» было больш за 1 тысячу сябраў прафсаюзу.
«Ідзе агрэсіўная рыторыка, службоўцы нават не саромеюцца ў выразах»
Паступова, зь цягам часу, людзей адтуль патроху выціскалі: каго пагрозамі, каго пернікамі, расказвае сябра БНП з наваполацкага «Нафтану» Дзяніс.
«А падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году адбылося адраджэньне незалежнага прафсаюзу: людзі зноў пачалі актыўна ўступаць у прафсаюз, і колькасьць сябраў яго дасягнула 600 чалавек.
Як толькі мы дасягнулі такой лічбы, улады пачалі ціснуць па старой схеме: пагражалі не працягнуць кантракт, запалохвалі людзей, зьмяншалі розныя выплаты — усё дзеля таго, каб людзі самі, добраахвотна пачалі пакідаць прафсаюз. Зараз ціск павялічыўся, ідзе агрэсіўная рыторыка, службоўцы нават не саромеюцца ў выразах. Дайшло да таго, што супрацоўнік службы эканамічнай бясьпекі пагражаў працаўніку, сябру БНП, што яго знойдуць у лесе», — кажа сябра БНП Дзяніс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «80 пацыентаў за дзень». Як доктарка страціла працу за ўдзел у прафсаюзе «Панацэя» і што стала зь яе «воўчым білетам»Падчас ператрусу забралі нават ключы ад прыбіральні і афіцыйныя сьцягі
27 лютага затрымалі старшыню БНП Вольгу Брыцікаву. Гэта быў асноўны дзень рэфэрэндуму, яна выйшла ў куртцы з антываенным надпісам. Спачатку ёй прысудзілі 15 сутак арышту. Аднак перад выхадам з дому Брыцікава запісала відэа і выклала яго ў свой інстаграм. За гэта яна атрымала дадаткова 15 сутак арышту. Яшчэ 15 сутак ёй прысудзілі за аркушы з антываеннай тэматыкай на вокнах яе кватэры. Агулам Вольга павінна адседзець 45 сутак. Арышт яна адбывае ў Вушачах.
Пасьля арышту старшыні 21 сакавіка ў наваполацкім офісе БНП і сябраў прафсаюзу дома прайшлі ператрусы, працягвае сябра прафсаюзу Дзяніс.
«Спачатку прыйшлі да намесьніка Брыцікавай Генадзя Вароны. Яго дома не было, выламалі дзьверы спачатку ў кватэру, потым у зачынены на ключ пакой.
Потым сілавікі ўварваліся ў офіс прафсаюзу ў Наваполацку. Ператрус, паводле фармальнай вэрсіі, тычыўся крымінальнай справы наконт разгалошваньня пэрсанальных дадзеных судзьдзі Наваполацкага суду Зінаіды Балаболавай, якая выносіла палітычна матываваныя прысуды.
Забралі ўсю офісную дакумэнтацыю, тэчкі з дакумэнтамі, загады, пратаколы цэхавых сходаў з 1990-х гадоў, афіцыйныя сьцягі БНП. Забралі ключы ад офіса і нават ключ ад прыбіральні».
Усяго канфіскавалі 13 тэчак з дакумэнтацыяй (касавыя кнігі, плацёжныя ведамасьці, пратаколы, заявы сябраў прафсаюзу; 16 афіцыйных сьцягоў, 21 ключ, пералічыў Дзяніс.
Канфіскавалі ноўтбук унучкі ганаровай пэнсіянэркі
У офісе заўсёды знаходзіцца ганаровая пэнсіянэрка, сябра БНП Ніна Барысава. Спачатку яе павезьлі дадому і там правялі ператрус. Забралі мабільныя тэлефоны ўсіх сямейнікаў і нават толькі што куплены новы ноўтбук унучкі. Затым Ніну Барысаву павезьлі ў РУУС нібыта для складаньня пратаколу. Пажылой жанчыне з пастарунку выклікалі таксоўку дадому, якую яна сама і аплаціла, — кажа суразмоўца Свабоды.
«Праз пару дзён адбыўся ператрус у юрыста прафсаюзу Марыны Сацукевіч, у яе забралі аргтэхніку. Пасьля ўсіх ператрусаў, калі ў сілавікоў зьявіліся дакумэнты, у Наваполацку і ў Мазыры пачалася новая хваля рэпрэсій на сябраў прафсаюзаў.
Супрацоўнік службы эканамічнай бясьпекі сам бегае па ўстаноўках са сьпісамі і патрабуе ад пэрсаналу, каб напісалі заявы аб выхадзе і заверылі ў прафсаюзе — што яны выйшлі. І патрабуюць уступаць у праўладны афіцыйны Белхімпрафсаюз. Людзей проста забіраюць з працы і вязуць на допыты ў міліцыю, як было нядаўна зь Генадзем Варонам.
Усё гэта нацэлена на тое, каб тэрмінова закрыць пярвічку, пакуль Вольга Брыцікава за кратамі, пакуль прафсаюз «абезгалоўлены», — мяркуе Дзяніс.
Наваполацкі гарвыканкам пагражае «выключэньнем з журналу дзяржрэгістрацыі»
15 сакавіка на адрас БНП прыйшоў ліст, падпісаны старшынём Наваполацкага гарвыканкаму Дзьмітрыем Дзямідавым «Аб прыняцьці мер па ўхіленьні парушэньняў». Усяго наваполацкай пярвічцы БНП выстаўлена 5 пунктаў, якія прапануецца выправіць.
Ёсьць і пункт нумар 4, які тычыцца заявы Вольгі Брыцікавай аб недаверы Ўсебеларускаму сходу, што адбыўся год таму:
«У лютым 2021 году старшыні пярвічнай арганізацыі Вользе Брыцікавай пракуратурай вынесена афіцыйнае папярэджаньне аб недапушчальнасьці нестатутнай дзейнасьці па публічнай дыскрэдытацыі ўдзельнікаў VI Усебеларускага народнага сходу, якія здольныя былі нанесьці шкоду нацыянальнай бясьпецы Рэспубліцы Беларусь».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палкоўнік ФСБ у адстаўцы: «Лукашэнка ня сыдзе, пакуль будзе Пуцін, ідзе паглынаньне Беларусі Расеяй»«Вось як такія прэтэнзіі можна выканаць — рытарычнае пытаньне. Заўвагі гарвыканкаму мы павінны выправіць цягам месяца. Інакш пагражаюць „выключэньнем з журналу дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыйных структур прафсаюзаў“, што азначае ліквідацыю прафсаюзаў», — кажа прафсаюзны актывіст з Наваполацку Дзяніс.