Пра гэта гаворыць Яўген Дзікі, украінскі навуковец, кандыдат біялягічных навук, дырэктар Антарктычнага навуковага цэнтру. Ён — вэтэран батальёну «Айдар», ваяваў у 2014-м, быў камандзірам роты, дэмабілізаваны праз раненьне, быў валянтэрам падчас першай чачэнскай вайны, цяпер ваюе ў тэрытарыяльнай абароне Кіева.
Сьцісла
- Калі наша ўлада зробіць памылку і падпіша кампрамісны, прамежкавы, гібрыдны мір, лічу гэта нашмат большай небясьпекай, чым усе небясьпекі, якія бачу на фронце.
- У вайне з Расейская імпэрыяй мае выжыць хтосьці адзін — або незалежная, вольная, дэмакратычная Ўкраіна, або Расейская імпэрыя. Гэта разумеюць абодва бакі.
- У нашых вайскоўцаў катэгарычны загад — ніводнага стрэлу ў бок Беларусі, бо мы вельмі ня хочам, каб беларуская армія наўпрост уступіла ў гэты канфлікт. Калі мы бамбанём там які-небудзь аб’ект, у Лукашэнкі далей ужо ня будзе варыянтаў.
- Калі беларуская армія пойдзе на Ўкраіну, тады мы ня спынімся і дапаможам беларускаму народу вызваліцца ад акупацыі. Ключавая фармулёўка — дапаможам. Мы перакананыя, што першымі будуць выступаць ня нашы падразьдзяленьні, а батальён Кастуся Каліноўскага.
- Беларускім вайскоўцам, можа, лепей далучыцца да нейкай рэвалюцыі ў сябе дома, чым чакаць, пашлюць ці не пашлюць паміраць за чужую імпэрыю.
«Я нашмат больш баюся, што наша ўлада павядзецца на расейскія хітрасьці»
— Яўген, як вы ацэньваеце гэты этап вайны Расеі супраць Украіны, ці зьявіўся ў вас хоць які аптымізм пасьля сустрэчы ўкраінскай і расейскай дэлегацыі ў Стамбуле?
— Сустрэча нашых дэлегацыяў у Стамбуле — гэта тое, што мяне якраз найбольш хвалюе. Сытуацыя на фронце ў нас цяпер далёка не найгоршая, з улікам стартавай пазыцыі дужа някепская. Я нашмат больш баюся, што наша ўлада зробіць памылку, павядзецца на расейскія хітрасьці і падпіша кампрамісны, гібрыдны мір. І лічу гэта сёньня нашмат большай небясьпекай, чым усе небясьпекі, якія бачу на фронце. Таму не аптымізм, а зьявілася трывога, што замест вайны, якая цяпер ідзе на нашую карысьць, мы даем Расеі прамежкавы гібрыдны мір, які дае ёй магчымасьць зноў сабрацца зь сіламі, зрабіць працу над памылкамі і вярнуцца да нас зноў, толькі страшнейшымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзеяньні расейскай арміі — комікс, пародыя на вайну». Палкоўнік Барадач тлумачыць, чаму ва Ўкраіне загінулі так шмат расейскіх генэралаў«Нашы апанэнты хочуць, каб мы памерлі. Мы хочам жыць, і гэта пакідае ня надта шмат прасторы для кампрамісу»
— Ці можна верыць дамоўленасьцям з Расеяй? Ці гэтая вайна можа закончыцца праз дамоўленасьці і кампрамісы з агрэсарам?
— Любая вайна так ці інакш заканчваецца нейкай мірнай угодай. Гэта трэба разумець, але мірныя ўгоды могуць быць вельмі рознымі. Бываюць варыянты кампрамісных угодаў, але думаю, што гэта ня наш выпадак. Наш выпадак цудоўна характарызуюць словы адной маёй выбітнай зямлячкі, кіяўлянкі Голды Мэір, якая, калі ўжо жыла ня ў Кіеве, а была прэм’ерам Дзяржавы Ізраіль, сказала пра араба-ізраільскую вайну: «Нашы апанэнты хочуць, каб мы памерлі. Мы хочам жыць, і гэта пакідае ня надта шмат прасторы для кампрамісу». Уласна, украінска-расейская вайна такая самая.
Наша вайна з Расейскай імпэрыяй — гэта вайна, у якой рэальна мае выжыць хтосьці адзін — або незалежная, вольная, дэмакратычная Ўкраіна, або Расейская імпэрыя. І гэта разумеюць абодва бакі. У такой сытуацыі трывалы, кампрамісны мір дакладна немагчымы. Гэтая вайна мае закончыцца, як бы фармальна тая ўгода ні называлася, па факце ўгодай пра капітуляцыю і далейшае абясшкоджваньне аднаго з бакоў.
Цяпер сытуацыя такая, што не наўпрост сёньня, але мае адбыцца капітуляцыя Расейскай Фэдэрацыі. Калі мы ўжо цытуем клясыкаў, тады трэба будзе нам з нашымі заходнімі хаўрусьнікамі, гэтым самым страшным NATO, задацца пытаньнем, якое ў 1990-я задаваў Аляксандар Салжаніцын — «Как нам обустроить Россию». Як нам уладкаваць Расею пасьля таго, як яна прайграе вайну і ў ёй падзе гэты рэжым. Трэба будзе уладкаваць яе такім чынам, каб яна раз і назаўжды перастала быць небясьпечнай для сваіх суседзяў. Такім чынам, як гэта зрабілі зь Нямеччынай пасьля 1945 году. Зьвярніце ўвагу, у гэтым няма нічога расейскафобскага. Немцаў ніхто ня зьнішчыў, яны ёсьць цяпер нармальнай, здаровай нацыяй, але ім дапамаглі такімі стаць праз дэнацыфікацыю і дэмілітарызацыю Нямеччыны, што было зроблена пераможцамі-хаўрусьнікамі.
Мы зможам жыць спакойна і быць перакананымі, што нашым дзецям не давядзецца ваяваць, як даводзіцца нам, толькі з умовай, што вайна закончыцца поўнай капітуляцыяй Расеі і яе суцэльным, карэнным рэфармаваньнем пад кіраўніцтвам Захаду. Шанец на гэта ёсьць. А калі мы падпішам гэтую прамежкавую, гібрыдную ўгоду, то атрымаецца, што рэжым Пуціна ўтрымаецца, атрымае час на перагрупаваньне і працу на памылкамі.
Якія б яны ні былі дурныя, але яны здатныя вучыцца на памылках, гэта трэба ўлічваць. І мы атрымаем такую вэрсію, якую калісьці атрымала Чачэнская рэспубліка. Я вельмі добра памятаю Хасаўюртаўскі мір. Калі расейскую армію разьбілі ў Грозным, генэрал Лебедзь ад імя Расеі падпісаў рэальна паразны для Расеі Хасаўюртаўскі мір. Але гэты мір не вырашаў пытаньня незалежнасьці Чачні, ён нібыта падвешваў яго. Расейскія войскі адтуль выйшлі, але потым былі гады працы дзеля таго, каб дамагчыся міжнароднай ізаляцыі Чачні, потым узятыя пад кантроль расейскія мэдыя правялі дэгуманізацыю Чачні, і тады яны прыйшлі другі раз, улічыўшы ўсе памылкі першай кампаніі.
Вы бачыце, што цяпер адбываецца ў Чачні — колькі людзей загінула, які жахлівы акупацыйны рэжым Кадырава там цяпер усталяваны. Тое самае яны рыхтуюць для Ўкраіны ў выпадку, калі мы разыдземся на пазыцыі, якія былі 23 лютага, і пакінем расейскі рэжым спакойна існаваць. Відавочна, што ім паслабяць санкцыі. Усе ня здымуць, але паслабяць, і тады яны змогуць зноў вырабляць тыя самыя ракеты, а зараз яны няздатныя іх вырабляць. Яны зараз выкарыстоўваюць той дзейны запас, які быў на складах, але новых ня робяць, бо няма імпартазамяшчэньня праз жорсткія санкцыі. Гэта тычыцца ракетаў, авіяцыі і шмат чаго. А так мы даем ім магчымасьць цалкам падрыхтавацца, і прытым так, што мы ня зможам адбіцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-прэм’ер Украіны беларусам: Лукашэнка цяпер ніхто, завяршыце, што распачалі два гады таму«Расея пераходзіць да зацяжной вайны, да вайны на зьнясіленьне рэсурсаў, нэрваў і трываньня, да вайны з абсалютна жахліваю тактыкаю выпаленай зямлі»
— У інтэрвію «Настоящему времени» вы гаварылі, што гэта будзе зацяжная вайна. Да чаго трэба быць гатовым украінскаму грамадзтву, украінскаму войску?
— Калі зыходзіць з таго, што канец гэтай вайны — або мы, або імпэрыя, як я казаў раней, то ў такім разе зразумела, што мы ні ў якім разе не гатовыя адступаць, у нас няма для гэтага ніводнай падставы. Мы пакуль што перамагаем. Але і Расея не гатовая зараз прызнаць паразу, прызнаць гэта на перамовах. Расейскі бліцкрыґ мы цалкам зламалі. Яго не адбылося і ўжо ня будзе. Але адпаведна Расея пераходзіць да зацяжной вайны, да вайны на зьнясіленьне рэсурсаў, на зьнясіленьне нэрваў і трываласьці, да вайны з абсалютна жахліваю тактыкаю выпаленай зямлі.
На першым этапе вайны яны спадзяваліся большую частку нашай інфраструктуры захапіць сілай і выкарыстоўваць далей для сябе. Урэшце яны зразумелі, што так ня будзе, і таму пачалі мэтадычна, прадумана зьнішчаць нашую інфраструктуру — прамысловую, транспартную і гэтак далей. За апошнія дня толькі я ўжо ведаю пра 9 зьнішчаных нафтабазаў. Яны намагаюцца пакінуць нас бяз паліва.
Якія б ні былі гераічныя салдаты, калі няма саляркі, твой танк не паедзе. Яны намагаюцца стрымаць наш контранаступ тым, што хочуць пакінуць нас без складоў паліва, баявых прыпасаў. Прытым самі выкарыстоўваюць тэрыторыю, якую мы дакладна не чапаем. Па складах і аэрапортах Расейскай Фэдэрацыі мы ўжо ўсё ж змаглі спрацаваць (пераважна нам складана, бо ня маем ракетаў такой далёкасьці), там, дзе змаглі дастаць старой савецкай зброяй, там мы дасталі. Гэта і аэрадром у Растоўскай вобласьці, адкуль нас бамбілі, і велізарны склад боепрыпасаў у Белгарадзе, зь якога атрымлівала снарады і бомбы расейская армія, калі штурмавала Харкаў.
Гэта мы зрабілі, але Беларусь мы не чапаем прынцыпова. У нашых вайскоўцаў катэгарычны загад — ніводнага стрэлу ў той бок, бо мы вельмі ня хочам, каб беларуская армія наўпрост уступіла ў гэты канфлікт. А калі мы бамбанём які-небудзь аб’ект на тэрыторыі Беларусі, зразумела, што ў Лукашэнкі далей ужо ня будзе варыянтаў.
Яго і так Масква моцна ўцягнула ў гэтую вайну, але ён, як кажуць, пятляе. Каб мы ўдарылі нават па расейским аб’екце ў Беларусі, гэтага варыянту б не засталося. Таму мы, сьціснуўшы зубы, назіраем, як расейцы выкарыстоўваюць Беларусь у якасьці тэрыторыі, зь якой завозяць і баявыя запасы, і салдатаў на ратацыю. Беларускія вайскоўцы стануць нашымі цэлямі толькі тады, калі пяройдуць мяжу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ня хочам страляць у беларусаў», — дарадца кіраўніка Офісу Зяленскага Аляксей Арастовіч«Пакуль мы намагаемся пазьбегнуць уступу беларускай арміі ў вайну»
— Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў заклікалі сусьветную супольнасьць прызнаць Беларусь краінаю пад часовай акупацыяй Расеі. Ці вы лічыце Беларусь акупаванай?
— Дэ-факта статус акупаванай тэрыторый дакладна ёсьць. Дэ-факта і дэ-юрэ мае статус акупаванай тэрыторыі Прыднястроўе Рэспублікі Малдова. Гэта расейскі анкляў у нас у тыле, але мы пакуль яго не чапаем. Мы вельмі асьцярожныя ў гэтым пытаньні. Намагаемся, каб вайна ішла толькі паміж намі і Расейскай Фэдэрацыяй, не залучаючы трэція краіны.
Што да Беларусі, мы адназначна пачнем баявыя дзеяньні на тэрыторыі Беларусі, толькі калі беларуская армія сама пяройдзе мяжу. Калі беларуская армія стане дзейным хаўрусьнікам Расеі, а не гібрыдным хаўрусьнікам, які забясьпечвае тыл, і возьме ўдзел у баявых дзеяньнях супраць нас, тады ў нас ня будзе выбару і мы разгорнем дзеяньні па вызваленьні Рэспублікі Беларусі ад акупацыі.
Пакуль мы намагаемся пазьбегнуць уступу беларускай арміі ў вайну. А калі беларуская армія пойдзе на Ўкраіну, тады мы ня спынімся і дапаможам беларускаму народу вызваліцца ад акупацыі. Ключавая фармулёўка — дапаможам. Мы абсалютна перакананыя, што пры такім разьвіцьці падзеяў першымі будуць выступаць ня нашы падразьдзяленьні, а батальён імя Кастуся Каліноўскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бачу супраціў беларусаў, якія ня хочуць ваяваць на чужой зямлі», — Віталь Кім, старшыня Мікалаеўскай абласной адміністрацыі«Я кантактаваў зь беларусамі яшчэ ў 2014 годзе, яны ўжо тады ваявалі плячо ў плячо побач з намі»
— Ці кантактуеце зь беларускімі добраахвотнікамі, якія ваююць на баку Ўкраіны? Зьяўляюцца новыя фармаваньні, беларусы ваююць у складзе розных падразьдзяленьняў, і самымі рознымі спосабамі дапамагаюць Украіне ў гэтай вайне.
— Так, маю асабістыя кантакты. Ведаю, што беларусаў больш, чым толькі ў адным батальёне. Размова пра беларускія аддзелы і ўзводы ва Ўзброеных сілах Украіны для мяне не навіна. Я кантактаваў зь беларусамі яшчэ ў 2014 годзе, яны ўжо тады ваявалі плячо ў плячо побач з намі. Нагадаю, што падчас нашай Рэвалюцыі годнасьці на Майдане адным зь першых быў забіты беларус Міхаіл Жызьнеўскі.
Мы гэта вельмі добра памятаем, і на месцы ягонай гібелі ад 2014 году ўвесь час стаіць бел-чырвона-белы сьцяг. Пад гэтым сьцягам беларусы ваявалі разам з намі на Данбасе, таму лягічна, што яны працягваюць гэтую справу зараз. Я абсалютна перакананы, што яны гэта робяць недарэмна — у тым ліку з пункту гледжаньня будучыні Беларусі.
Я абсалютна перакананы, што з гэтых маленькіх аддзелаў, з добраахвотных батальёнаў рэальна пачынаецца гісторыя вызваленьня беларускага народу ад рэжыму Лукашэнкі і маскоўскай акупацыі.
«Думаю, што беларускім афіцэрам варта задумацца, ці варта браць прыклад зь „непераможнай і легендарнай“ арміі Расеі»
— Вы чыталі лекцыі аб мэтадах процідзеяньня гібрыднай вайне Расеі ў Літоўскай вайсковай акадэміі, у вас быў падручнік «Гібрыдная вайна Расейскай Фэдэрацыі ва Ўкраіне: досьвед для Прыбалтыкі», яе выкарыстоўваюць пры рыхтаваньні афіцэраў у краінах Балтыі. Ня ведаю, папраўдзе, па якіх падручніках вучаць беларускіх афіцэраў. Што б вы прапанавалі ім?
— Я мяркую, што іх вучаць па маскоўскіх падручніках. І цяпер, калі яны бачаць «посьпехі» расейскага войска ва Ўкраіне, яны мусяць задумацца, ці варта вучыцца па падручніках нібыта другой арміі сьвету, якая чамусьці прайграе 22-й арміі сьвету. У нас жартуюць, што расейская армія ў тэорыі магла б ператварыць у радыяактыўны попел усю Эўропу, але не зрабіла гэтага, бо «вигрібала звіздюлєй у селі під Сумами».
Думаю, што беларускім афіцэрам варта задумацца, ці варта браць прыклад зь «непераможнай і легендарнай», ці сапраўды яна такая непераможная з гледзішча вайсковай справы. Як грамадзянін я б параіў: ці ня час беларускаму войску задумацца над тым, што калі мірны народ у 2020 годзе з голымі рукамі і кветкамі ня змог зваліць дыктатара, то ім, людзям са зброяй, можна было гэта зрабіць нашмат больш пасьпяхова. І што мо лепей далучыцца да нейкай рэвалюцыі ў сябе дома, чым чакаць, пашлюць ці не пашлюць паміраць за чужую імпэрыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці паспрабуе Пуцін навязаць Украіне «карэйскі сцэнар» і што з гэтага можа выйсьці«Цяпер лёс Расейскай імпэрыі вырашаецца на палях Украіны»
— За нашу і вашу свабоду — часта гавораць цяпер беларусы. Як вы думаеце, што будзе зь Беларусьсю, калі пераможа Ўкраіна?
— Я перакананы, што зь перамогай Украіны па швах затрашчыць і скаляпсуе Расейская імпэрыя, імпэрыя зла. Калі распадаўся Савецкі Саюз, флягманам пераменаў выступілі краіны Балтыі, найперш Літва. Фактычна ў Вільні вырашылася, існаваць Савецкаму Саюзу ці не існаваць. А цяпер лёс Расейскай імпэрыі вырашаецца на палях Украіны.
Калі расейская армія там будзе разьбітая, адразу ж пачнецца працэс вызваленьня Прыднястроўя, Абхазіі, Асэтыі, усіх акупаваных Расеяй тэрыторыяў. Мяркую, што адразу пачнуцца рэвалюцыі ў краінах, якія цяпер падкантрольныя Расеі, і першай я б назваў Беларусь.
Я абсалютна перакананы, што пасьля вайсковай паразы Расеі ва Ўкраіне рэжыму Лукашэнкі застануцца месяцы, а мо і тыдні. Не настолькі добра ведаю настрой беларусаў. Але што рэжыму ня будзе, для мяне відавочна. Пытаньне, якой крывёй гэта дастанецца. Вельмі хацелася б, каб гэта было зь мінімальнымі ахвярамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэр гурту «Океан Ельзи» Вакарчук: Беларусы, ня бойцеся, змагайцеся, мы дапаможам вам. ВІДЭА