Абстрэлы Луганшчыны, адвод расейскіх войскаў ад ЧАЭС, гуманітарны калідор для Марыюпалю. 36-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Украінскія вайскоўцы пасьля вызваленьня паселішча на Кіеўшчыне, 27 сакавіка 2022 году

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 3 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • У Запароскай вобласьці, як паведаміў украінскі Генштаб, вызваленыя 5 населеных пунктаў.
  • Расея абвясьціла аб спыненьні агню ў заблякаваным Марыюпалі. Украіна накіравала 45 аўтобусаў па гуманітарным калідоры.
  • У Мікалаеўскай вобласьці ў выніку расейскай агрэсіі загінулі 134 мірныя жыхары, у тым ліку 6 дзяцей.
  • Украіна атрымала ад ЗША першы груз зброі супраць танкаў, самалётаў і ракет. Усяго плянуюцца шэсьць такіх грузаў.
  • Міністэрства фінансаў ЗША пашырыла сьпіс санкцый у дачыненьні да прадпрыемстваў, установаў і расейскіх грамадзянаў.
  • Паводле інфармацыі ўкраінскага Генэральнага штабу, расейцы перакідаюць ва Ўкраіну падразьдзяленьні з акупаваных тэрыторыяў Грузіі.
  • У ноч на 30 сакавіка абстраляныя гарады і мястэчкі Луганскай вобласьці.
  • У Турэччыне прайшлі перамовы паміж дэлегацыямі Расеі і Ўкраіны. Пасьля іх Уладзімір Зяленскі паведаміў, што Турэччына пагадзілася стаць гарантам бясьпекі Ўкраіны.
  • ААН: за пяць тыдняў вайны з Украіны выехалі 4 мільёны ўцекачоў.
  • Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны абнародавала пералік 106 беларускіх вайскоўцаў з 38-й дэсантна-штурмавой брыгады вайсковай часткі 92616 зь Берасьця, якую нібыта спрабуюць уцягнуць у вайну з Украінай на баку Расеі.
  • Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі зьвярнуўся да парлямэнтаў Аўстраліі і Нідэрляндаў. Ён заклікае даць Украіне зброю. Ад пачатку расейскага ўварваньня Зяленскі ўжо зьвярнуўся да парлямэнтаў 17 краін.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 31 сакавіка

Украінская амбудсмэн паведаміла аб абстрэле аўтобусаў з валянтэрамі, якія спрабавалі праехаць у Чарнігаў. Адзін чалавек загінуў

«Пяць аўтобусаў трапілі пад прыцэльны агонь ворага, калі спрабавалі праехаць у акружаны горад, каб эвакуіраваць людзей. У аўтобусе знаходзіліся толькі цывільныя валянтэры. З прычыны абстрэлу адзін чалавек загінуў, чатыры цяжка паранены», — удакладніла яна.

Паводле інфармацыі Дзянісавай, аднаму з аўтобусаў «удалося вырвацца» на прабітых шынах. Кіроўца быў паранены, яго даставілі ў лякарню.

Кіеў: вызваленыя 5 населеных пунктаў у Запароскай вобласьці

Камандаваньне дэсантна-штурмавых войскаў Узброеных сіл Украіны заявіла пра вызваленьне ад расейскай акупацыі населеных пунктаў Зацішша, Малінаўка, Вясёлае, Зялёны Гай і Чырвонае ў Запароскай вобласьці.

Раніцай у Генштабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што войскі абароны працягваюць вядзеньне абарончай апэрацыі на ўсходнім, паўднёва-ўсходнім і паўночна-ўсходнім напрамках, пасьпяхова стрымліваючы праціўніка, а на асобных кірунках вядуць контратакі.

Расея абявіла аб спыненьні агню ў заблякаваным Марыюпалі

Украіна накіравала 45 аўтобусаў па гуманітарным калідоры. Мэта такога рашэньня, якое набывае моц 31 сакавіка з 10:00, — стварыць гуманітарны калідор для вываду цывільных з абложанага гораду, паведамілі ў Міністэрстве абароны Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея аб’явіла аб спыненьні агню ў заблякаваным Марыюпалі. Украіна накіравала 45 аўтобусаў па гуманітарным калідоры

Расейцы зноў абстралялі Луганшчыну, двое загінулых

Пасьля абстрэлаў гараць школы, жылыя будынкі і сховішча нафты. Пад абстрэлы трапілі дзясяткі жылых будынкаў. Два чалавекі загінулі, двое дзяцей у шпіталі ў цяжкім стане. Пра гэта паведаміў кіраўнік абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай.

«Школа, нафтабаза, дзясяткі дамоў у Севераданецку і Лісічанску ахопленыя расейскім агнём, а пацярпелых і загінулых жыхароў Лісічаншчыны гадзінамі не маглі забраць з вуліц. Гэта наступствы варожых дзеяньняў 30 і 31 сакавіка. Без уліку ўчорашняга ранішняга абстрэлу расейцы падпалілі 9 дамоў у Лісічанску, 5 у Севераданецку і школу там жа, у Рубежным — 1. Шэраг дамоў пашкоджаныя без агню», — напісаў Гайдай у сваім тэлеграм-канале.

Дзьве вёскі на Чарнігаўшчыне вызвалілі ад расейскіх вайскоўцаў

Узброеныя сілы Ўкраіны вызвалілі ад расейскіх войскаў вёскі Лукашоўка і Слабада ў Чарнігаўскай вобласьці, паведамляе старшыня абласной вайсковай адміністрацыі Вячаслаў Чавус, які з калегамі наведаў гэтыя паселішчы. Паводле ягонай інфармацыі, там засталося нямала выбухованебясьпечных прадметаў. У вёскі змаглі даставіць неабходную дапамогу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як выглядае вызваленая вёска Кухары на Кіеўшчыне. Фотасьведчаньні

Пад Чарнігавам расейскія вайскоўцы абстралялі калёну валянтэраў

5 аўтобусаў, у якіх былі толькі валянтэры, трапілі пад абстрэл, загінуў адзін чалавек, паведамляе Ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны па правах чалавека Людміла Дзянісава.

«Расейцы не даюць найменшай магчымасьці вывезьці мірнае насельніцтва з заблякаванага Чарнігава, фактычна трымаючы дзясяткі тысяч людзей у якасьці закладнікаў, бязь ежы, вады, цяпла. У той жа час штодня прыцэльна падвяргаючы абстрэлам жылыя кварталы зь цяжкай артылерыі», — напісала яна.

Расейцы адводзяць войскі з Чарнобылю

Яны пакінулі «Акт прыёму і перадачы аховы Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі», паводле якога расейская Нацгвардыя з 24 лютага па 31 сакавіка «забясьпечыла надзейную ахову і абарону» ЧАЭС і перадала ахову аб'екта пэрсаналу станцыі. Як паведамляе ўкраінскі «Энэргаатам», расейскія вайскоўцы дзьвюма калёнамі рушылі ў бок украінскай мяжы зь Беларусьсю, цяпер на станцыі застаецца невялікая колькасьць расейцаў.

Раней паведамлялі пра пажары ад агнёў, разьведзеных расейцамі ў радыяцыйных лясах. Захопнікі ўтрымлівалі пэрсанал на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, дазволіўшы зрабіць замену супрацоўнікаў толькі праз 600 гадзін.

Па гуманітарных калідорах 31 сакавіка выехалі 1458 чалавек

Агулам за 31 сакавіка па трох узгодненых гуманітарных калідорах на ўласным транспарце ў Запарожжа даехалі 1458 чалавек. Зь іх 631 чалавек з Марыюпаля і 827 жыхароў гарадоў Запароскай вобласьці: Бярдзянск, Мелітопаль, Энэргодар, Роды, Арэхаў, Гуляйполе і Васільеўка, паведаміла віцэ-прэм'ер Украіны Ірына Верашчук.

Як сьцьвярджае Верашчук, расейскія войскі прысвоілі 14 тон гуманітарнай дапамогі, якія ўкраінскі бок адправіў жыхарам Мелітопаля.

Украіна атрымала ад ЗША першы груз зброі супраць танкаў, самалётаў і ракет

Усяго заплянаваная пастаўка трох дзясяткаў новых амэрыканскіх грузаў. Міністэрства абароны ЗША перадала Ўзброеным сілам Украіны першую партыю з шасьці грузаў для павышэньня баяздольнасьці. Украінскія байцы атрымаюць Javelin і Stinger. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар Пэнтагону Джон Кірбі.

Паводле яго, частка вайсковай дапамогі, якая прадугледжвае пастаўку каля 30 грузаў, ужо паступіла ва Ўкраіну.

«Матэрыялы паступаюць у рэгіён штодня, уключаючы апошнія 24 гадзіны», — сказаў Кірбі.

Прадстаўнік Пэнтагону заявіў, што Злучаныя Штаты забясьпечваюць украінцам найбольш неабходнае ўзбраеньне, у тым ліку супрацьтанкавыя і зэнітныя сыстэмы, мабыць, маючы на ўвазе Javelin і Stinger. Акрамя таго, бесьпілётнікі Switchblade пачнуць пастаўляць «адносна хутка».

ЗША апошнім часам павялічылі аб’ём узбраеньняў, якія паступаюць ва Ўкраіну. У прыватнасьці, Узброеныя Сілы забясьпечаць бесьпілётнікі «камікадзэ», якія могуць нанесьці значную шкоду сухаземным войскам Расеі.

З пачатку маштабнага расейскага ўварваньня ў Мікалаеўскую вобласьць загінулі 134 мірныя жыхары

У тым ліку загінулі 6 дзяцей, яшчэ 415 цывільных атрымалі раненьні, сярод іх 30 дзяцей. Такія лічбы прывёў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Кім 30 сакавіка на прэс-канфэрэнцыі, паведамляе Укрінформ.

Акрамя таго, паводле яго, пашкоджаныя 1622 цывільныя аб’екты, зь іх 1200 — жылыя дамы. Астатняе — школы, дзіцячыя садкі, аб’екты цывільнай інфраструктуры ды іншае.

Больш за тысячу населеных пунктаў Украіны застаюцца безь сьвятла

Па стане на 31 сакавіка ва Ўкраіне застаюцца абясточанымі як мінімум 1339 населеных пунктаў – агулам больш за 925,7 тысяч спажыўцоў,паведамілі ў Міністэрстве энэргетыкі Ўкраіны.

Бяз газазабесьпячэньня застаюцца 338 тысяч спажыўцоў.

Уцекачы ад вайны

Міністэрства замежных спраў Украіны заклікала ўкраінцаў, якіх прымусова вывезьлі ў Расею, зьвяртацца ў амбасады Ўкраіны ў іншых краінах сьвету.

Кантакты амбасадаў разьмешчаныя ў тэлеграм-канале МЗС Украіны.

«У сувязі з масавым прымусовым вывазам расейскімі вайскоўцамі грамадзян Украіны на тэрыторыю Расеі рэкамэндуем суайчыньнікам, якія сталі ахвярамі такіх незаконных дзеяньняў расейскага рэжыму і хочуць вярнуцца ва Ўкраіну, паведаміць зьвесткі пра сябе бліжэйшай амбасадзе Ўкраіны ў суседніх дзяржавах або дзяржавах магчымага транзытнага праезду», — паведамілі ў МЗС Украіны.

Колькасьць уцекачоў з Украіны, паводле абноўленых зьвестак офісу Высокага камісара ААН у справах уцекачоў, ад пачатку расейскай агрэсіі склала 4 019 287 чалавек.

Найбольш прыняла Польшча — 2 336 799 чалавек, 608 936 перш паехалі ў Румынію, 387 151 — у Малдову, 364 804 — у Вугоршчыну, 350 632 — у Расею, 281 172 — у Славаччыну. На 7-м месцы ў сьпісе Беларусь, у яе пасьля пачатку разьвязанай расейцамі вайны прыехалі 10 902 украінцы.

Што адбываецца ў Расеі

Johnson & Johnson прыпыніць пастаўку сродкаў гігіены ў Расею

Прычынай такога рашэньня называюць «павелічэньне маштабаў гуманітарнага крызісу» праз вайну на тэрыторыі Ўкраіны. Пра гэта паведамляецца на сайце кампаніі.

Пры гэтым Johnson & Johnson працягне пастаўляць у Расею лекі і мэдычнае абсталяваньне. Кампанія валодае дзясяткамі брэндаў, якія выпускаюць сродкі асабістай гігіены. Сярод іх Le Petit Marseillais, Listerine, Clean & Clear, O.B. і іншыя.

Таксама аб прыпыненьні працы ў Расеі сеткі крамаў спартовых тавараў Decathlon абвясьціў францускі холдынг Association Familiale Mulliez. Кампанія заяўляе, што рашэньне прынятае ў сувязі зь міжнароднымі санкцыямі, якія ўплываюць на ўмовы паставак. Decathlon сьцьвярджае, што працягне падтрымліваць 2500 супрацоўнікаў у Расеі.

Пуцін падпісаў указ аб вясновым прызыве ў войска

Прызыў пройдзе з 1 красавіка па 15 траўня, на тэрміновую службу маюць намер прызваць 134 500 чалавек ад 18 да 27 гадоў. Гэта на 7 тысяч больш, чым леташні восеньскі прызыў. Ад пачатку вайны з Украінай расейскія ўлады і асабіста Пуцін адмаўлялі, што ў ёй удзельнічаюць салдаты тэрміновай службы. Але потым Мінабароны Расеі прызнала «некалькі фактаў» прысутнасьці вайскоўцаў тэрміновай службы ў частках расейскіх узброеных сіл. У Крамлі абяцалі разабрацца.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з гэтым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы ствараюць «полк „Пагоня“» для баёў за Ўкраіну

Сэрвіс грашовых пераводаў Western Union недаступны для беларусаў

Прычына — у заходніх санкцыях за вайну супраць Украіны. Цяпер можна атрымаць толькі грошы, адпраўленыя з-за мяжы да 21 сакавіка. Ад сёньня немагчыма адправіць грошы ні ў Беларусь, ні зь яе. Аналягічная сытуацыя і ў Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «П’юць, прадаюць мясцовым нарабаванае ва Ўкраіне». Што апавядаюць пра расейскіх вайскоўцаў на Гомельшчыне

Як рэагуе сьвет

Bloomberg прыпыняе сваю дзейнасьць у Расеі і Беларусі пасьля ўварваньня ва Ўкраіну

Пра гэта гаворыцца ў заяве ад Bloomberg LP, кампаніі Bloomberg News:

«Кліенты ў гэтых дзьвюх краінах ня змогуць атрымаць доступ да ніводнага зь фінансавых прадуктаў Bloomberg, уключаючы тэрмінал, ліцэнзію на дадзеныя, паток дадзеных і электронныя гандлёвыя плятформы», — адзначылі ў Bloomberg LP. Рашэньне азначае, што мясцовыя інвэстары страцяць доступ да ўсіх прадуктаў, якія прапануе гэтая кампанія.

Гандлёва-інфармацыйная плятформа Bloomberg — адзін зь вядучых сусьветных пастаўшчыкоў фінансавай інфармацыі для прафэсійных удзельнікаў фінансавых рынкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Аўстраліі ўводзіць дадатковае мыта ў 35% на ўсе тавары, якія імпартуюцца з Расеі і Беларусі

Чатыры краіны ЭЗ выдвараюць вялікую групу расейскіх дыпляматаў

Нідэрлянды, Бэльгія, Ірляндыя і Чэхія абвясьцілі 29 сакавіка аб высылцы вялікай групы расейскіх дыпляматаў, западозраных у шпіёнскай дзейнасьці.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.