Як даведалася Свабода, многія ўкраінцы транзытам празь Беларусь едуць у краіны Эўразьвязу. Суразмоўца Свабоды Аляксандар дапамагае ў такой эвакуацыі.
Ён нарадзіўся ў адным з украінскіх паселішчаў паблізу мяжы зь Беларусьсю. Ужо некалькі гадоў ён жыве ў Вялікай Брытаніі, Пасьля пачатку вайны вырашыў дапамагчы сваякам і аднавяскоўцам выехаць з паселішча і трапіць у ЭЗ. У выніку наступу арміі РФ вялікая частка памежжа засталася адрэзанай ад іншых рэгіёнаў Украіны, таму адзіны шлях эвакуацыі — празь Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уцекачоў з Украіны ад расейскай агрэсіі ўжо больш за 4 млн чалавек«Калі ўпершыню прапанаваў выехаць у Беларусь, сутыкнуўся з хэйтам»
«Мне ўдалося выйсьці на неабыякавага беларуса, які пагадзіўся забіраць людзей зь мяжы. З паселішчаў — хто сваёй хадой, хто пешшу, хто на машыне, каго падвозяць — дабіраюцца да беларускага пункту пропуску. Часам ідуць пешшу некалькі кілямэтраў. Праходзяць мяжу, і на беларускім баку іх забіраюць валянтэры. Кормяць, даюць начлег, а затым адпраўляюць далей», — апавядае Аляксандар.
Паводле яго, калі ён упершыню напісаў у рэгіянальных пабліках аб’явы з прапановай эвакуацыі ў Беларусь, сутыкнуўся з варожасьцю.
«У камэнтарах пісалі, што гэта немагчыма, што я правакатар, што ў Беларусі людзей возьмуць у закладнікі. Але потым, калі першыя групы пасьпяхова выбраліся і напісалі пра гэта, людзі паверылі, зьявілася шмат ахвочых. Ёсьць і тыя, хто па-ранейшаму ня хоча ехаць у Беларусь, асьцерагаючыся, што яе хутка ўцягнуць у вайну», — кажа Аляксандар.
Аляксандар тлумачыць: некаторыя ўкраінцы прынцыпова ня хочуць ехаць у Беларусь з маральных прычын і асьцярогаў за сваю бясьпеку, але іншыя баяцца не беларусаў ці беларускага рэжыму, а таго, што краіна неўзабаве можа апынуцца ў поўнай ізаляцыі, пагоршыцца эканамічнае становішча. Таму імкнуцца выяжджаць у ЭЗ:
«Спачатку валянтэры адпраўлялі людзей цягніком да Берасьця, а адтуль аўтобусам да Варшавы. Але рэйсавыя аўтобусы ходзяць рэдка, да таго ж у многіх украінцаў праблемы з дакумэнтамі — яны пратэрмінаваныя ці няма замежных пашпартоў. Таму час на мяжы зацягваецца. І мы вырашылі наймаць аўтобусы, каб кіроўцы маглі пачакаць усіх, каго афармляюць. Два поўныя аўтобусы ўжо пасьпяхова даехалі да Варшавы — гэта каля 60 чалавек. Многія дабіраюцца да ЭЗ самі, на сваіх машынах або рэйсавымі аўтобусамі. Дарэчы, беларускія памежнікі ніякіх перашкодаў ня чыняць — ні пры ўезьдзе ў Беларусь, ні пры выезьдзе. Польскія памежнікі таксама ўсіх прымаюць, нягледзячы на праблемы з дакумэнтамі, але афармленьне можа займаць дзьве-тры гадзіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва ЎкраінеВалянтэры зьбіраюць рэчы першай неабходнасці і перадаюць празь мяжу
Пры эвакуацыі з Украіны ў Беларусь Аляксандр раіць выбіраць лякальныя пешыя пункты пропуску, бо каля аўтамабільных пунктаў часта разьмешчаны расейскія блёкпасты, празь іх рухаецца тэхніка, вайскоўцы могуць абшукваць машыны. У той жа час ён ня ведае выпадкаў, каб тых, хто эвакуаваўся ў Беларусь, абстрэльвалі або перашкаджалі выезду.
Беларускія валянтэры, якія забіраюць украінцаў зь мяжы, прывозяць дапамогу тым, хто застаецца ў адрэзаных ад транспартнага злучэньня паселішчах. Аляксандар кажа, што прадуктаў у людзей больш-менш хапае: у многіх свае гаспадаркі, прывозяць харчаваньне і фэрмэры. Але няма лекаў, сродкаў гігіены, у тым ліку падгузкаў, дзіцячага харчаваньня. Таму такія рэчы першай неабходнасьці беларусы зьбіраюць і перадаюць праз пункт пропуску ўкраінскім валянтэрам. Праблема яшчэ і ў тым, што з прычыны перабояў з інтэрнэтам і электрычнасьцю не працуюць банкаматы, тэрміналы, таму зьняць наяўныя грошы ці заплаціць карткай часта немагчыма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьніца дзяржсакратара ЗША: у вайне ва Ўкраіне забітыя больш за 10 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Расейскі бок кажа пра 1351 загінулага«Выбухі мы пастаянна чулі, але ўжо перасталі баяцца»
Сям’я 39-гадовай Тацяны змагла выехаць з памежнага ўкраінскага гораду ў Беларусь. Жанчыне разам з дочкамі-школьніцамі ўдалося дабрацца да мяжы, частку шляху давялося ісьці пешшу.
«У мяне была стабільная праца з добрым заробкам. Старэйшая дачка вучылася ў 11 клясе і марыла аб выпускным вечары. Яна ўжо рэпэтавала вальс, мы замовілі ёй сукенку, яна вельмі чакала выпускнога, каб станцаваць у гэтай сукенцы. Але раніцай 24 лютага мы прачнуліся ад выбухаў. Я раней ніколі ня чула выбухаў і падумала з надзеяй — мо гэта проста пярун? Бо мы не ўспрымалі ўсурʼёз размовы пра вайну, абсалютна ў яе ня верылі», — апавядае Тацьцяна.
Калі яна адкрыла сацыяльныя сеткі і ўсё зразумела, пачалася паніка.
«Пры дзецях трымалася, але зайшла ў ванны пакой і расплакалася. Жыцьцё разбурана — што будзе далей? У першую паветраную трывогу было вельмі страшна. Увесь час ляцелі самалёты з боку Беларусі — але не на нас, далей. Яны кідалі бомбы і вярталіся назад. Выбухі мы пастаянна чулі, але ўжо перасталі баяцца», — працягвае Тацяна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На які мір гатовая Ўкраіна? Тлумачэньне экспэртаўЯна апавядае, што ў першы ж дзень зьявіліся чэргі ў крамы, да банкаматаў. Мука, дрожджы, соль, цукар, мяса — гэтага у крамах не было ўжо на другі дзень вайны. Чырвоная ікра, аліўкі, прысмакі яшчэ заставаліся ў продажы каля тыдня, а праз два тыдні крамы зачыніліся.
«На пяць дзён прапала электрычнасьць. Варылі ў рондлях на мангалах на вуліцы. Людзі выходзілі ўсюды ў дварах, разводзілі вогнішчы, абʼядноўваліся, на некалькі семʼяў гатавалі, ваду на вогнішчах кіпяцілі. Тэлефоны зараджалі ад генэратараў і сонечных батарэяў», — кажа жанчына.
У горад з суседніх вёсак фэрмэры сталі прывозіць бульбу, малако, пазьней нават ялавічыну. Праблемы зь недахопам лекаў стараліся вырашаць валянтэры. Не было хлеба — мужчыны зрабілі млын, у суседніх вёсках куплялі збожжа, людзі самі вырошчвалі дрожджы, пяклі хлеб. Па яго выстройваліся вялізныя чэргі, куды запісваліся да 700 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым займаецца войска Беларусі, пакуль зь яе тэрыторыі абстрэльваюць Украіну«Маральна нам было цяжка тут заставацца»
«Да ўсяго прывыкаеш — здавалася ўжо, і так жыць можна, — кажа Тацяна. — На сырэны амаль перасталі рэагаваць — ведалі, што ляцяць не на нас. Але потым загучалі сырэны, якія папярэджвалі не пра паветраную трывогу, а пра артылерыйскі ўдар. Зноў сталі хавацца па склепах. Вырашылі, што трэба выяжджаць, але ня ведалі як. І раптам нам скінулі кантакт чалавека, які дапамагае з выездам у Беларусь. Трэба было знайсьці 10 літраў саляркі, якой даўно ў горадзе няма. Але цудам знайшлі, пад грукат выбухаў зьбіраліся. Зьмірыліся з тым, што па дарозе можам стаць „мясам“. Блёкпост нашай тэрабароны праехалі, нас спакойна прапусцілі, і мы шчасьліва дабраліся да беларускай мяжы. Частку шляху ішлі пешшу, на беларускім баку нас забралі знаёмыя, якія прыехалі раней. Нас прытулілі вернікі, адкрылі лядоўню, сказалі браць, што захочам. Я зарыдала, калі мае дзеці ўбачылі нармальную ежу: „Мама, тут сыр, пяльмені, хлеб!“ Бо ў нас было вельмі беднае харчаваньне».
Знаёмыя Тацяны засталіся ў Беларусі ў сваякоў, а сама яна вырашыла ехаць далей і празь Менск дабралася ў адну з балтыйскіх краін, дзе ўцекачоў расьсялілі ў доме адпачынку:
«Людзі ў Беларусі, якія нас прымалі, дапамагалі, былі вельмі гасціньнымі, адэкватнымі, дзякуй ім вялікі. Але маральна нам было цяжка тут заставацца. Што да простых беларусаў, то ніякай нянавісьці да іх я ад сваіх знаёмых украінцаў ні разу не адчула».
Тацяна спадзяецца, што зможа вярнуцца ў родны горад — яна трымае сувязь з тымі, хто застаўся там, і чакае заканчэньня вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Грузілі ў аўтобусы і вывозілі». Улады Ўкраіны расказалі аб прымусовай эвакуацыі ўкраінцаў у Беларусь і РасеюВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.