Ці здрадзіў Зяленскі беларусам? Дыскусія экспэртаў

Уладзімір Зяленскі

Чаму Зяленскі заявіў, што яму абыякава, ці будзе Лукашэнка адчуваць сябе «гаспадаром у сваім доме»? Чаму гэтае выказваньне пакрыўдзіла многіх беларусаў? Ці слушная гэтая крыўда?

Па гэтых пытаньнях Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium спрачаюцца палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч і пісьменьнік і публіцыст Севярын Квяткоўскі.

Зяленскі інтэрвію расейскім журналістам):

Расейскі бок у першую сустрэчу ў Беларусі... на якую я пагадзіўся, каб нашая група паехала, таму што я даўно казаў, што бакам трэба размаўляць, — яшчэ да вайны. Я ня супраць гэтых размоваў, толькі б быў вынік... Расейскі бок адчувае перамогу ў тым, што гэтая сустрэча адбылася, што гэта дадае нейкую суб’ектнасьць Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку... Калі мы можам скончыць вайну, а Аляксандар Рыгоравіч будзе адчуваць ад гэтага, што ён ізноў у доме гаспадар, — ды калі ласка. Мне, шчыра кажучы, усё роўна. Гэта ўвогуле выбар беларусаў, а дакладна ня наш. Таму я пагадзіўся, калі будзе прадметная ў іх сустрэча.

Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

  • Словы Зяленскага ў інтэрвію расейскім журналістам выклікалі нязгоду найперш у тых, хто сачыў за інфармацыйнай палітыкай украінскіх тэлеканалаў і інтэрнэт-рэсурсаў пачынаючы з 2020 году. У 2015 годзе Лукашэнка заявіў, што зь Беларусі на Ўкраіну нападу ня будзе. Для ўкраінцаў гэта было самае галоўнае.
  • Яны не заўважалі нашую грамадзянскую супольнасьць, не заўважалі нашыя «антыдармаедзкія» пратэсты ў 2017 годзе. Для ўкраінскай мэдыйнай і палітычнай эліты нашыя падзеі 2020 году былі нечаканымі. На розных украінскіх шоў, дзе мне даводзілася бываць, я чуў ад украінцаў: у вас жа ўсё добра, заводы працуюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі даў першае з пачатку вайны інтэрвію расейскім СМІ. Расейскія ўлады патрабуюць устрымацца ад публікацыі
  • Яны перамаглі ў сябе на Майдане, але адносна нас яны паўтаралі старыя савецкія стэрэатыпы. Цяпер мне зразумела, што нашыя падзеі 2020 году былі ўкраінцам нявыгадныя, ім зручней было камунікаваць з Лукашэнкам. І зараз мы бачым працяг гэтага.
  • Украінцы вельмі спадзяюцца, што з боку Беларусі на іх ня пойдзе беларускае войска. Але яны пасылалі гэтыя сыгналы з 2015 году да 24 лютага 2022 году. Вынікам сталі расейскія ракеты па іх. Будзе нейкая перадышка, перагрупуецца Расея і будзе далей ваяваць.
  • У інтэрвію Зяленскага людзей больш за ўсё абразіла фраза, што Лукашэнка — гэта «выбар беларусаў». Быў 2020 год, было зразумела, што большасьць супраць Лукашэнкі. І за паўтара года Зяленскі мог бы гэта ўсьвядоміць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расея, Украіна і Беларусь — тры бакі канфлікту». Што Зяленскі казаў з пачатку вайны пра Беларусь і Лукашэнку
  • Украінцы ў сваіх мэдыя нават батальён Каліноўскага пазначаюць чырвона-зялёным сьцягам. Відаць, ёсьць нейкая дактрына псыхалягічнай вайны.
  • У сацсетках украінцы кажуць нам — гэта ваш «бацька» страляе па нас ракетамі. Мы ім адказваем — гэта ня наш «бацька», гэта ваш «бацька», гэта ваш самы любімы замежны палітык. Украінцам увесь час казалі — Лукашэнка добры, ён строгі, але справядлівы. Гэта вынік інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны.
  • Зяленскі хоча спыніць разбурэньне Ўкраіны і забойствы яе жыхароў. А што да Беларусі, то я б папрасіў яго і іншых замежных палітыкаў адрозьніваць розных беларусаў. І не цкаваць беларусаў. Цкуючы іх, яны пазбаўляюцца ад патэнцыйных саюзьнікаў.

Карбалевіч

  • На думку крытыкаў гэтай заявы Зяленскага, Украіна павінна была актыўна падтрымліваць беларускі пратэст, грамадзянскую супольнасьць, апанэнтаў Лукашэнкі. А Ўкраіна замест гэтага працягвала гандляваць зь Беларусьсю.
  • Але ўкраінскае кіраўніцтва не абавязанае перад беларускім народам змагацца за беларускую дэмакратыю. Гэта задача беларускай супольнасьці. А задача ўкраінскага кіраўніцтва — дбаць пра нацыянальныя інтарэсы Ўкраіны.
  • Пры гэтым афіцыйны Кіеў не прызнаў Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам, не прызнаў вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, Украіна дала прытулак многім беларускім палітуцекачам, яна ўвяла візавыя санкцыі адносна шэрагу беларускіх урадоўцаў, Украіна закрыла сваю паветраную прастору для самалётаў «Белавія».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка — «выбар беларусаў»? Ці справядлівыя папрокі на адрас Зяленскага
  • Таму мне здаецца, што папрок у падтрымцы рэжыму Лукашэнкі не зусім справядлівы. А што Ўкраіна павінна была рабіць? Цалкам адмовіцца ад гандлю зь Беларусьсю? Дык і краіны ЭЗ ня цалкам адмовіліся ад яго. У 2021 годзе экспарт Беларусі ў краіны ЭЗ вырас у параўнаньні з папярэднім годам удвая, у ЗША — утрая. І гэта пасьля ўвядзеньня эканамічных санкцыяў.
  • Зяленскі ў гэтым інтэрвію не акцэнтаваў, што Беларусь — памагаты агрэсара і з пункту гледжаньня міжнароднага права яна таксама агрэсар.
  • Яго словы трэба разумець у межах кантэксту, у якім яны былі сказаныя. Калі ён казаў пра «выбар беларусаў», ён меў на ўвазе, што гэта выбар не расейцаў, не ўкраінцаў, ня нейкіх іншых замежных краінаў. Каму кіраваць Беларусьсю — гэта павінен быць выбар беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вячорка: Украіна разьлічвае, што асьцярожнасьць з Лукашэнкам здолее паўстрымаць уваход яго арміі
  • Разважаючы пра субʼектнасьць Лукашэнкі, Зяленскі меў на ўвазе субʼектнасьць Беларусі як дзяржавы. У палітычнай клясе Ўкраіны дамінуе ўпэўненасьць, што такой субʼектнасьці няма, што гаспадар Беларусі — Пуцін, што менавіта ён кіруе Беларусьсю і выкарыстоўвае яе для нападу на Ўкраіну.
  • Для Кіева вяртаньне Лукашэнкам кантролю над краінай было б пазытыўным крокам, які б даваў шанец на вывад Беларусі з вайны.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.