Калі ў краіне разгараецца эканамічны крызіс, абвальваецца абменны курс рубля, нарастае дэфіцыт валюты і тавараў у крамах, спыняюцца вытворчасьці, то якая самая важная тэма павінна абмяркоўвацца кіраўніцтвам дзяржавы? Правільна, вы ўгадалі: аб бягучых пытаньнях дзейнасьці СМІ. Нарада на гэтую тэму адбылася 25 сакавіка ў Лукашэнкі. Што ў каго баліць...
Лёгіка тут відавочная. Калі ў краіне цяжкая сытуацыя, то трэба ўзмацніць кантроль над СМІ, інфармацыйнымі рэсурсамі. Каб даводзіць людзям, што чорнае — гэта белае, а тое, што яны бачаць на ўласныя вочы, — няпраўда. І гэтак далей.
Не выпадкова Лукашэнка выдаў хвалебны сьпіч прапагандзе. У яго ёсьць асабісты жыцьцёвы досьвед яшчэ савецкіх часоў, калі ідэалёгія, прапаганда выконвалі важную ролю ў існаваньні камуністычнага рэжыму. Дый досьвед 1990–2000-х гадоў вельмі пераканаўча дэманстраваў простую рэч: у каго манаполія на мэдыя, той і дамінуе ў палітыцы. Ягоная настальгія па тым пэрыядзе зразумелая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка загаварыў пра блякаваньне ў Беларусі Youtube і сацыяльных сетакАле тыя часы беззваротна мінулі. Сьвет уступіў у эпоху інтэрнэту. А неразваротлівая дзяржаўная прапаганда ня можа пасьпяхова функцыянаваць ва ўмовах канкурэнцыі. Дыскутаваць з апанэнтамі, спрачацца з дапамогай аргумэнтаў афіцыйныя мэдыя ня здольныя паводле самой сваёй прыроды. Лукашэнка, кажучы пра інтэрнэт, быў вымушаны прызнаць: «...Гаварыць, што наша інфармацыя дамінуе, што мы там перамагаем, пакуль, напэўна, заўчасна».
Адзіны вядомы ўладам спосаб дзеяньня ў гэтых умовах даўно вядомы, ён немудрагелісты і зводзіцца да простага, як аглобля, мэтаду: заткнуць рот апанэнту, карыстаючыся мэханізмам дзяржаўнага прымусу. Уласна кажучы, увесь пэрыяд кіраваньня Лукашэнкі — гэта гісторыя змаганьня зь незалежнымі мэдыя з дапамогай рэпрэсій. Пасьля 2020 году ўлады, здаецца, забаранілі ўсё, што толькі можна. Цяпер на парадак дня пастаўлена пытаньне пра забарону сацыяльных сетак, YouTube і інш. Здаецца, гэтая тэма і была галоўнай на нарадзе.
І тут стаўка робіцца на падтрымку Расеі, у якой большыя магчымасьці блякаваньня інтэрнэту. Не выпадкова Лукашэнка адзначыў, што «разьвіваць трэба свае рэсурсы, у тым ліку і разам з расейцамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня толькі «змагары» і «ябацькі». Як вайна памяняла беларускае грамадзтваАле праблема тут вось у чым. Тое, што добра працуе ў Расеі, у Беларусі не дае вялікага эфэкту. У РФ грамадзтва пераважна давярае дзяржаўным тэлеканалам. Што спрычынілася да масавай падтрымкі вайны супраць Украіны. У Беларусі давер да дзяржаўных мэдыя непараўнальна меншы. І забарона недзяржаўных СМІ не змагла радыкальна памяняць сытуацыю. Мяркую, чарговая спроба заблякаваць сацыяльныя сеткі мала што зьменіць.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.