Плякаты, якія ўслаўляюць расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, разьмешчаны на дзьвярах аднаго з кабінэтаў менскай управы ГУБАЗіКу на вуліцы Інтэрнацыянальнай. Фатаздымак дзьвярэй супрацоўнікі ГУБАЗіК выклалі ў сацсеткі 24 сакавіка, паведамляючы пра затрыманьне Зьмітра Дашкевіча.
Свабода паспрабавала даведацца, што гэта за плякаты.
Адкуль плякаты з расейскай сымболікай узяліся на дзьвярах ГУБАЗіКу
На апублікаваных ГУБАЗіКам фота відаць два плякаты фармату А4, наклееныя на вонкавы бок дзьвярэй кабінэта (пра гэта сьведчыць яго нумар, часткова бачны ў верхняй частцы здымка). Мяркуючы па фота, плякаты ня вельмі добрай якасьці і без выходных дадзеных. Яны маглі быць проста раздрукаваныя на каляровым прынтэры са спампаванага ў інтэрнэце файла.
Выяву, ідэнтычную адной з вывешаных на дзьвярах кабінэту ГУБАЗіКу, 2 сакавіка апублікавала ў сваім інстаграме расейскае Міністэрства абароны
Такі ж плякат вісіць на дзьвярах аднаго з кабінэтаў ГУБАЗіК у Менску.
Расейскае вайсковае ведамства актыўна пашырае праз Instagram агітацыйную сымболіку і сваю вэрсію ходу вайны ва Ўкраіне, прычым робіць гэта і пасьля афіцыйнай забароны Instagram у Расеі. Апошні на гэты момант пост там датаваны 25 сакавіка, а Instagram на тэрыторыі РФ заблякаваны з 14 сакавіка.
Выява зь верхняга пляката, вывешанага ГУБАЗіКам, найбольш падобная да макетаў, распрацаваных расейскай дызайн-студыяй «Дизайнцентр» з Курску. На афіцыйнай старонцы студыі ў Facebook можна пабачыць прадукцыю з тым жа сылюэтам літары «Z» і чалавека ў вайсковай форме.
На афіцыйным сайце студыі дэманструюцца шматлікія ўзоры дызайну «патрыятычнай» і «праваслаўнай» тэматыкі. Як і ў выпадку зь Мінабароны РФ, «Дизайнцентр» ня грэбуе заблякаваным на тэрыторыі Расеі Instagram і працягвае публікаваць там свае работы, у тым ліку з сымбалямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паміж расейцамі і беларусамі вялізная розьніца». Украінскі маркетоляг расказаў, якую рэакцыю ў Беларусі выклікала антываенная рэклямаНя першы выпадак
Сымболіку, падобную да расейскай, заўважаюць у беларускіх спэцслужбаў не ўпершыню. У канцы жніўня 2020 году на фота трапілі спэцназаўцы, на форме якіх не было ніякіх апазнавальных знакаў, акрамя прастакутнікаў з афіцыйнымі колерамі Дагестану — зялёным, белым і чырвоным. МУС Беларусі пазьней тлумачыла гэтае спалучэньне колераў тым, што яно выкарыстоўваецца на сьвятлоадбівальных катафотах, неабходных для апазнаваньня ў цёмны час сутак. Пры гэтым ні да падзей восені 2020 году, ні пазьней такія знакі на форме беларускіх спэцслужбаў больш не былі заўважаныя.
Пэрыядычна ў аўтазаках, якія выкарыстоўваюцца беларускай міліцыяй, можна пабачыць невялікія бела-сіне-чырвоныя сьцяжкі і іншую расейскую сымболіку. За лабавым шклом аднаго з расейскіх вайсковых «КамАЗаў», сфатаграфаваным пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны непадалёк ад Кіева, быў беларускі дзяржаўны чырвона-зялёны сцяжок.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Любоў Собаль: «Вайна – катастрофа для Расеі. Калі Пуціна ня будзе, то ў Беларусі зьявіцца шанец»Як узьніклі сымбалі «Z» I «V»
Упершыню такія абазначэньні на расейскай вайсковай тэхніцы, зробленыя белай фарбай, заўважылі яшчэ да пачатку вайны ва Ўкраіне. Пасьля 24 лютага яны пачалі масава трапляць на шматлікія фота і відэа, зробленыя ў месцах расейскага ўварваньня на ўкраінскую тэрыторыю. Як правіла, сымбаль «Z» (альбо ягоны варыянт, «Z» у белым квадраце) бачылі на тэхніцы, якая заяжджала ва Ўкраіну з усходу альбо з тэрыторыі акупаванага Крыму.
Сымбаль «V» часта бачылі на паўночным кірунку, таксама яго можна заўважыць на расейскай вайсковай тэхніцы, якую фатаграфуюць на чыгуначных эшалёнах і аўтамабільных дарогах у Беларусі. Спэцыяльныя сымбалічныя абазначэньні вайсковай тэхнікі падчас баявых дзеяньняў і нават у мірны час ня рэдкасьць. Узброеныя сілы Ўкраіны, напрыклад, выкарыстоўваюць з гэтай мэтай белую паласу. На вайсковай тэхніцы Ўзброеных сіл Беларусі зь нядаўняга часу можна пабачыць чырвоны квадрат.
Паводле расейскага недзяржаўнага выданьня «Медуза», аўтарамі абазначэньняў для расейскай вайсковай тэхнікі, якая ўдзельнічае ў нападзе на Ўкраіну, можа быць піяр-аддзел расейскага Міністэрства абароны і супрацоўнікі каналу RT, якім кіруе Маргарыта Сіманьян. Крыніцы выданьня сьцьвярджаюць, што Сіманьян асабіста паказвала Пуціну праекты абазначэньняў і атрымала ад яго іх ухваленьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ZаПацаноV». Як нарадзіўся сымбаль расейскага ўварваньня ва Ўкраіну