Сёлета «Вострай Браме», легендарнай перадачы Радыё Свабода, споўніцца 25 гадоў. У паўтысячы выпускаў, якія штотыдзень гучалі ў эфіры ад 1997 году, бралі удзел літаратары і гісторыкі, філёзафы і мастакі, журналісты і мовазнаўцы — культурная эліта Беларусі. Сёньня мы прапануем слухачам 50 перадач, але аўдыёархіў будзе папаўняцца.
Сяргей Дубавец, аўтар і вядоўца «Вострае Брамы»:
Даўнавата ўжо я заўважыў, што ўсё, што пісалася беларусацэнтрычнага, даўно ці нядаўна, ня страчвае свае актуальнасьці. Блогі мінулага стагодзьдзя чытаюцца, нібы напісаныя сёньня. І вось новае назіраньне: гэтыя тэксты ня тое што не старэюць, а становяцца ўсё больш надзённымі, вострымі, важнымі — як адкрыцьцё.
Прычына, напэўна, ня ў тэкстах, а ў аўдыторыі — тых, хто гэтыя тэксты слухае і чытае. А іх з кожным днём становіцца ўсё болей. І падзеі вакол нас усё больш абвастраюць некалі выкрытыя праблемы. Успомніце мірныя маршы 2020 году. «Мы нацыя», — часта і радасна казалі пра сваё адкрыцьцё ўдзельнікі. «Мы беларусы» — у адрозьненьне ад тых, хто ўжывае супраць нас хлусьню і гвалт.
Гэта было менавіта адкрыцьцё рэальнага нацыянальнага яднаньня, бо намінальна мы былі беларусамі і раней. Але толькі намінальна. Цяпер варта пайсьці далей. «Мы нацыя» — нібы частка прыроды сваёй зямлі, расьцём і разьвіваемся самі, мы дадзенасьць, мы нармальныя, чалавечныя, ужо часта беларускамоўныя. Мы не праблема. Праблема — тыя, хто хоча, каб нас такіх — нармальных, чалавечных, беларускамоўных — не было. Праблема, калі адным словам, — русіфікацыя.
І калі ўдзельнікі мірных маршаў дарасьлі да ўсьвядомленай самасьці («мы нацыя»), дык да ўсьведамленьня русіфікацыі, якая іх атакуе, яшчэ не дасьпелі. Цяпер жа агрэсія «русского мира» супраць Украіны яшчэ больш людзей далучыла да гэтага разуменьня. Бо гэта агрэсія супраць украінацэнтрычных: нармальных, чалавечных. І наша становішча беларусацэнтрычных ані на каліва не адрозьніваецца ад іхнага. Толькі што ў нас гэтая вайна пачалася зь першага дня прэзыдэнцтва. Беларусы за гэты час страцілі галоўнае — сваю школу, тады як украінцы, наадварот, яе набылі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як «беларуская» ўлада ператварылася ў акупацыю і ўсім нам стала сорамна, — ДубавецУкраінцы ўжо пазбавіліся ад ілюзій пра братэрства-славянства. Іх успрыманьне нашэсьця з усходу цяпер такое, пра якое гаварыў яшчэ наш Кастусь Каліноўскі ў лістах з-пад шыбеніцы, якія сёньня гучаць вастрэй не прыдумаеш.
Украінцы ў часы станаўленьня нашых нацыяў часта ішлі на паўкрока наперад, але гэта адзін супольны шлях. Такі прыклад. Калі ў 1883 годзе выйшаў раман мазырскай карэспандэнткі пецярбурскай «Недели» Надзеі Ланской «Обрусители» пра русіфікацыю, як яна праводзілася на нашым Палесьсі, дык ужо праз два гады (1885) у перакладзе на ўкраінскую мову кніга пабачыла сьвет у Львове з наступнай прадмовай (зноў зьвяртаю ўвагу на вастрыню гучаньня):
«Каждый добрый обыватель Галичины повинен вважати за свой святый полiтичный обовязок показати австроугорским Русинам внутрешне житье родных им и исторично близких народов, а особливо показати им долю народу, що подбила Россiя. Для того то й подаемо отсе в перекладе образ, представляючiй долю народу белоруского под панованем россiйскiм, урядованье тамошних институцiй громадских, мировых судiев и властей полiтичных, названых там загально обрусителев, т. е. людей, котори хотели бы змосковщити, а притом ободрати зо всего все не россiйски народы в Россiи. Образ се правдивый, а зовсем несходный з деклямацiями россiйских славянофильских комитетов и их прихильников...»
Дыяпазон тэмаў, ідэяў і ўдзельнікаў «Вострае Брамы» ніколі ня быў чым-небудзь абмежаваны. Уласна, гэта і ёсьць дэклярацыя нацыянальнага як часткі нашай чалавечай прыроды, як яе разумеў, напрыклад, Ігнат Абдзіраловіч. Многія вядомыя беларусы — удзельнікі перадачы за гэтыя чвэрць стагодзьдзя — перабраліся на нябёсы, але іх жывыя галасы і думкі гучаць усё больш надзённа.
Гэта значыць, па меры ўсеагульнага беларускага прасьвятленьня многія даўно агучаныя ідэі становяцца бясспрэчным набыткам, як новыя. Няма сумневу, што вы знойдзеце іх у шматгалосьсі ўдзельнікаў «Вострай Брамы».