Так званыя «ЛНР» і «ДНР» узьніклі ў 2014 годзе на часткова акупаванай расейскімі войскамі тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны. У лютым 2022 году іх незалежнасьць ад Украіны афіцыйна прызнала Расея, гэта адбылося за два дні да пачатку ўварваньня расейскіх войскаў на ўкраінскую тэрыторыю. Больш незалежнасьць «ЛНР» і «ДНР» ад Кіева пакуль не прызнаў ніхто, у тым ліку Беларусь.
Афіцыйныя асобы зь беларускага ўраду, як і сам Лукашэнка, гэтую тэму пакуль не падымаюць. Свабода пашукала агульныя рысы паміж сёньняшняй Беларусьсю і акупаванымі тэрыторыямі ва Ўкраіне.
Замежная палітыка і міжнароднае прызнаньне
Акрамя Расеі, незалежнасьць «ДНР» і «ЛНР» ад Украіны прызналі Паўднёвая Асэтыя і Абхазія — тэрыторыі, не прадстаўленыя ў ААН. Незалежнасьць саміх Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі ад Грузіі прызнаная Расеяй і нешматлікімі іншымі дзяржавамі, у чый лік Беларусь таксама не ўваходзіць. І ў «ДНР», і ў «ЛНР» ёсьць свае міністэрствы замежных справаў. Луганскім кіруе былы актывіст «Партыі рэгіёнаў» Уладзіслаў Дэйнэга, данецкім — 38-гадовая Натальля Ніканорава, якая да Эўрамайдану была памочніцай дэпутата Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Дыпляматычных адносінаў з краінамі — сябрамі ААН «ЛНР» і «ДНР» ня маюць (акрамя Расеі).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пішам РБ – чытаем ДНРНезалежнасьць Беларусі на 22 сакавіка 2022 году прызнаюць усе 193 дзяржавы — сябры ААН. Пры гэтым некаторыя апазыцыйныя дзеячы, такія як Павал Латушка і Сьвятлана Ціханоўская, заклікалі прызнаць Беларусь акупаванай расейскімі войскамі, што азначае адсутнасьць незалежнасьці. Рэакцыі на гэты заклік з боку іншых дзяржаваў пакуль не было.
У Беларусі функцыянуе Міністэрства замежных справаў на чале з Уладзімерам Макеем, аднак пасьля падзеяў 2020 году дыпляматычныя адносіны з шэрагам дзяржаваў зьвяліся да мінімуму. Гэта ў першую чаргу краіны Эўразьвязу, ЗША, Вялікая Брытанія, Украіна. Уладзімер Макей ёсьць у санкцыйным сьпісе шэрагу заходніх краін, што выключае магчымасьць наведваць іх з працоўнымі візытамі.
Ад жніўня 2020 году Беларусь не наведаў ніводзін лідэр замежнай дзяржавы. Аляксандар Лукашэнка, акрамя шматлікіх візытаў у Расею, зьдзейсьніў толькі паездку ў Азэрбайджан. Міжнародная супольнасьць не прызнала вынікаў выбараў жніўня 2020 году, афіцыйныя віншаваньні зь перамогай Лукашэнка атрымаў толькі ад Уладзіміра Пуціна, Сі Цзіньпіна і яшчэ з 13 краін, 7 зь якіх — былыя рэспублікі СССР.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Афіцыйны Менск «з павагай і разуменьнем» адрэагаваў на прызнаньне Расеяй «ДНР» і «ЛНР»Межы
У «ДНР» і «ЛНР» на гэты момант дзейнічаюць толькі памежныя пункты пропуску паміж самаабвешчанымі «рэспублікамі» і Расеяй, а таксама паміж імі самімі. Пункты пропуску на лініі разьмежаваньня з Украінай закрылі пасьля пачатку пандэміі, праехаць празь іх можна было толькі ў выключных выпадках з адмысловым дазволам. На тэрыторыю Расеі жыхары з пашпартамі «ДНР» і «ЛНР» могуць трапіць без абмежаваньняў. Міжнародныя аэрапорты ў абодвух утварэньнях спынілі працу вясной 2014 году, паветраная прастора закрытая для цывільнай авіяцыі.
Перасячэньне межаў Беларусі абмежавана зь сьнежня 2020 году, афіцыйна выехаць з краіны праз наземныя памежныя пункты пропуску могуць толькі тыя, хто стала жыве за мяжой, вучыцца там альбо мае патрэбу ў мэдычнай дапамозе. Мяжа з Украінай цалкам закрытая пасьля пачатку вайны 24 лютага. Як і ў выпадку з «ДНР-ЛНР», свабодна зь Беларусі можна выехаць толькі на тэрыторыю Расеі, для гэтага ад 19 сакавіка не патрэбны нават ПЛР-тэст. Паветраная прастора Беларусі застаецца закрытай для заходніх авіякампаніяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым падобныя і чым адрозьніваюцца сучасная Беларусь і так званая «ДНР»СМІ
На тэрыторыі «ЛНР» і «ДНР» афіцыйна дзейнічаюць толькі мясцовыя інфармацыйныя агенцтвы і выданьні, а таксама працуюць карэспандэнты расейскіх дзяржаўных мэдыя. Афіцыйныя агенцтвы «ДНР-ЛНР» называюцца «Донецкое агентство новостей» і «Луганский информационный центр»; акрамя мясцовых навінаў, яны трансьлююць паведамленьні расейскіх СМІ, у тым ліку пра вайну Расеі супраць Украіны. Незалежных СМІ ў «ДНР-ЛНР» няма.
На тэрыторыі Беларусі пасьля жніўня 2020 году дзейнасьць недзяржаўных і замежных мэдыя моцна абмежаваная. На сярэдзіну сакавіка амаль 30 супрацоўнікаў недзяржаўных рэдакцыяў — за кратамі, частку зь іх асудзілі. Легальна працуюць адзінкавыя выданьні, іх распаўсюд, у тым ліку доступ да сайтаў і сацыяльных сетак, моцна абмежаваны. Афіцыйныя СМІ, у тым ліку агенцтва БелТА, падаюць навіны аб уварваньні Расеі ва Ўкраіну з спасылкамі на афіцыйныя расейскія крыніцы.
Спорт
У абедзьвюх самаабвешчаных на ўсходзе Ўкраіны «рэспубліках» прафэсійнага спорту няма. Футбольныя клюбы «Шахтар» з Данецку і «Зоря» з Луганску з 2014 году праводзілі хатнія матчы на розных стадыёнах Украіны, у свае ранейшыя месцы базаваньня больш не вярталіся. Спартовыя арганізацыі «ДНР-ЛНР» ня могуць удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах.
Беларускі спорт трапіў пад «бан» пасьля ўварваньня Расеі на тэрыторыю Ўкраіны зь Беларусі. На гэты момант ад усіх міжнародных спаборніцтваў адхіленыя беларускія хакеісты, гандбалісты, лёгкаатлеты і цяжкаатлеты, часткова футбалісты і прадстаўнікі іншых фэдэрацыяў. Санкцыі могуць пашырыць у выпадку залучэньня ў баявыя дзеяньні на тэрыторыі Ўкраіны беларускіх вайскоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Лукашэнка паўтара года ўцягваў Беларусь у вайну. Храналёгія, якая ўсё тлумачыцьРасейская армія
Афіцыйна салдаты рэгулярнай арміі Расеі разьмясьціліся на тэрыторыі самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» пасьля пачатку баявых дзеяньняў на тэрыторыі Ўкраіны. Неафіцыйна, паводле шэрагу крыніц, расейскія вайскоўцы былі там яшчэ з 2014 году і ўдзельнічалі ў баях з Узброенымі сіламі Ўкраіны. Колькі салдатаў РФ цяпер на тэрыторыі «ДНР-ЛНР», дакладна невядома, ацэнка — некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Міністэрства абароны Ўкраіны паведамляе пра пастаянныя ракетныя абстрэлы ўкраінскай тэрыторыі з боку «ДНР» і «ЛНР», а таксама налёты расейскай авіяцыі адтуль.
На тэрыторыі Беларусі рэгулярныя злучэньні расейскага войска зьявіліся 18 студзеня 2022 году. Паводле ацэнак Пэнтагону, да пачатку вайны Расеі з Украінай іх колькасьць у Беларусі склала каля 30 тысяч чалавек. Для параўнаньня — у беларускім войску служаць каля 45 тысяч вайскоўцаў (яшчэ прыкладна 20 тысяч — цывільныя спэцыялісты). Як і ў выпадку з «ДНР-ЛНР», армія РФ выкарыстоўвае беларускую тэрыторыю, каб атакаваць вайсковыя і цывільныя аб’екты ва Ўкраіне.
Фінансаваньне
Бюджэты «ДНР» і «ЛНР» фармуюцца з падаткаў, якія спаганяюцца ўнутры іх, і з вонкавага фінансаваньня — выключна Расеяй. На тэрыторыі самаабвешчаных утварэньняў адкрыта ўжываецца расейскі рубель. Паводле інфармацыі праекту Свабоды «Данбас.Рэаліі», у год расейскі ўрад выдаткоўвае на ўтрыманьне «ДНР-ЛНР» каля 4 мільярдаў даляраў.
Зь якіх крыніц будзе фармавацца бюджэт Беларусі пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны і закрыцьця ўкраінскага рынку для беларускага экспарту, а таксама новых эканамічных санкцыяў і сыходу замежных кампаніяў зь Беларусі, можна толькі здагадвацца. На думку экспэртаў, фінансавая залежнасьць Беларусі ад Расеі ў такіх умовах будзе толькі ўмацоўвацца. Крэмль ужо афіцыйна даў Менску адтэрміноўку выплатаў за ранейшыя крэдыты. Бакі таксама абяцаюць павялічыць аб’ёмы ўзаемаразьлікаў у расейскіх рублях. Пра ўвядзеньне агульнай з Расеяй валюты ў Менску пакуль не гавораць.
Рэпрэсіі
Ад моманту ўтварэньня ў 2014 годзе «ДНР» і «ЛНР» сытуацыю з правамі чалавека там адсочваюць уплывовыя міжнародныя праваабарончыя арганізацыі Human Rights Watch, Amnesty International, Reporters without Borders і іншыя.
Паводле апублікаванай імі інфармацыі, на тэрыторыі самаабвешчаных утварэньняў сыстэматычна парушаюцца правы чалавека, адбываюцца катаваньні, арышты, сэксуальны гвалт, прымусовыя працы, зьнішчэньне і захоп прыватнай уласнасьці. На тэрыторыі «ДНР-ЛНР» фактычна забароненыя масавыя сходы, дэманстрацыі і мітынгі, арганізаваныя не з ініцыятывы ўладаў. Улады абедзьвюх самаабвешчаных рэспублік увялі ў 2014 годзе сьмяротнае пакараньне. Дзейнасьць праваабарончых арганізацый у «ДНР» і «ЛНР» забароненая, колькасьць палітычных зьняволеных дакладна невядомая.
Амаль усё тое самае ў розных формах датычыць і Беларусі ў пэрыяд пасьля жніўня 2020 году. На 22 сакавіка праваабаронцы паведамляюць пра 1091 палітычнага вязьня. Пры гэтым удакладняюць, што рэальная іх лічба можа быць большая ў разы. Масавыя арышты і затрыманьні ідуць па ўсёй тэрыторыі краіны няспынна з канца траўня 2020 году. 19 сакавіка ў ААН пацьвердзілі факты сэксуальнага гвалту ў дачыненьні да затрыманых падчас пратэстаў у жніўні 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БНР — не „ДНР“. Ня ўсе „народныя рэспублікі“ сапраўды народныя